Следам за Польшчай на візавыя саступкі пойдуць і іншыя краіны ЕС?

Знізіць кошты на шэнгенскія візы для беларусаў самастойна краіны Еўрасаюза не могуць, а вось цэны на візы нацыянальныя — у іх кампетэнцыі. Першай такую магчымасць выкарыстала Польшча. Цяпер, на думку Анатоля Лябедзькі, гэты крок можа паслужыць штуршком для іншых краін ЕС.

З першага лістапада Польшча зніжае кошт візаў для грамадзянаў Беларусі. Нацыянальная віза цяпер будзе каштаваць 20 еўра, а не 35, як было раней. Але датычыцца гэта толькі паездак у Польшчу, бо кошт шэнгенскай візы не змяніўся.
На мінулым тыдні прадстаўнікі апазіцыі сустракаліся з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім. Анатоль Лябедзька, адзін з удзельнікаў сустрэчы, лічыць, што такое рашэнне якраз магло быць вынікам сустрэчы.
“Тое, што на сённяшні дзень нельга вырашыць па юрыдычных, прававых абставінах зніжэння кошту віз для беларусаў, можа вырашацца праз такія рашэнні, калі змяншаецца кошт нацыянальных віз – гэта выключная кампетэнцыя ўрадаў, - а таксама за кошт павелічэння колькасці віз, якія бясплатна даюцца грамадзянам Беларусі, пашырэнне такой катэгорыі. У прыватнасці такую сітуацыю мы абмяркоўвалі з першым намеснікам міністра замежных спраў Чэхіі”.
На жаль тое, што нацыянальныя візы патаннелі, не цягне за сабой па азначэнні зніжэння кошту шэнгенскіх віз. Для гэтага трэба, каб прынцыпова змянілася палітыка Беларусі ў адносінах да Еўрасаюза — Беларусь павінна падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве з ЕС. Тады краіна будзе далучаная да праграмы “Новае суседства” і могуць пачацца працэсы па спрашчэнні візавага рэжыму. Але такога кроку мы можам чакаць яшчэ доўга, таму праблему варта спрабаваць вырашаць іншымі шляхамі, хаця б часткова адкрываючы магчымасць беларусам выязджаць за мяжу. Рашэнне Польшчы пра зніжэнне кошту на нацыянальныя візы, на думку Анатоля Лябедзькі, можа быць скарыстанае ў якасці ўзору ў перамовах з іншымі еўрапейскімі краінамі. 
“Галоўнае, што такія прэцэдэнты ёсць і мы ўжо пад час нашых наступных сустрэч будзем гэтае пытанне і далей падымаць. Плануецца, што ў бліжэйшай перспектыве лідэры АДС сустрэнуцца з амбасадарамі краін Еўрасаюза ў Беларусі, і мы натуральна будзем гаварыць пра гэтыя перамовы, якія адбыліся з палякамі і з чэхамі і будзем прапагандаваць гэта як тое, што можна будзе выкарыстоўваць”.
Беларусь вітала рашэнне палякаў пра зніжэнне кошту на нацыянальныя візы. Аднак пра ход у адказ нічога не паведамляецца. Афіцыйны прадстаўнік беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў адзначыў у інтэрв'ю БЕЛТА, што летась наша краіна ўжо зніжала кошт віз для палякаў.
Адзначым, што сёння беларуская віза для грамадзяніна Польшчы каштуе ад 25 да 150 еўра ў залежнасці ад тыпу запрашэння і тэрміну дзеяння. Польская віза для беларусаў – 20 еўра, прычым колькасць паездак будзе залежыць ад мэты візіту і запрашэння.