Славацкі палітолаг: Каб перамагчы аўтарытарызм, трэба аб’яднацца

А тыдзень таму Роберт Фіца сфармаваў урад Славакіі і стаў на чале яго. Але гэта не азначае, што Славакія будзе адстойваць інтарэсы афіцыйнага Мінска ў Брусэлі, лічыць славацкі палітолаг

Прэзідэнт Славацкага Інстытута па сувязях з грамадскасцю (Institute for Public Affairs), палітолаг Рыгор Мясежнікаў (Grigorij Mesežnikov) аналізуе, якую палітыку ў дачыненні да Беларусі будзе праводзіць сфармаваны два тыдні таму новы ўрад Славакіі, ці паўплывае на гэтую пазіцыю трэці сектар і раіць беларускай апазіцыі яднацца ды ісці на парламенцкія выбары

Еўрарадыё: На якім узроўні, на ваш погляд, сёння знаходзяцца двухбаковыя адносіны паміж Беларуссю і Славакіяй?

Рыгор Мясежнікаў: На сённяшні дзень Славакія, як сябра Еўрасаюза, прытрымліваецца тых рамкавых установак, якія характэрныя для цяперашніх узаемаадносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. У той жа час пазіцыя Славакіі мае спецыфічныя рысы. У Славакіі былі і аўтарытарныя тэндэнцыі, былі перыяды дэмакратычнага адкату, але ва ўсе часы, калі ва ўрад уваходзілі дэмакратычныя партыі, Славакія з энтузіязмам падтрымлівала развіццё, накіраванае на дэмакратыю, у тых дзяржавах, дзе пакуль дэмакратычна развіццё... адстае. Мінулы ўрад, на чале якога стаяла Івета Радзічава, і два ўрады, якім кіраваў Мікалаш Зурында, падыходзілі да пытання славацка-беларускіх адносінаў з улікам таго, як у Беларусі ставяцца да правоў чалавека, прынцыпаў дэмакратыі. Таму гэтыя ўрады адкрыта падтрымлівалі тую частку вашага грамадства, якая арыентаваная на дэмакратызацыю і супрацу з дэмакратычнымі краіна свету. У той жа час у Славакіі быў і ўрад Роберта Фіца. Фіца асаблівага энтузіязму ў падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі не праяўляў. І нават да таго часу, калі ён у 2006 годзе стаў на чале ўрада, ён некалькі разоў наведваў Беларусь. І пры тым, што ён на той час быў апазіцыйным палітыкам, вашу краіну ён наведваў па запрашэнні беларускіх уладаў. Атрымліваецца, што наша дзяржаўная палітыка, як краіны-сябра ЕС, не адрозніваецца ад палітыкі ўсяго Еўрасаюза, але асобныя палітыкі падыходзяць да беларускага пытання па-рознаму.

Што ж тычыцца маёй пазіцыі, то я лічу, што нам неабходна наўпрост казаць аб падтрымцы дэмакратычнага руху ў вашай краіне, узнімаць пытанне аблягчэння візавага рэжыму для беларусаў, прапаноўваць грамадзянскай супольнасці праграмы культурнага супрацоўніцтва. У славацкіх няўрадавых арганізацый ёсць у гэтым вялікі вопыт і яны б маглі дапамагчы беларусам.



Еўрарадыё: Як славацкія няўрадавы арганізацыі могуць дапамагчы ў вырашэнні пытання адмены шэнгенскіх віз для беларусаў?

Рыгор Мясежнікаў: Зразумела, што гэта прадмет еўрапейскай палітыкі. Тут Славакія можа праявіць ініцыятыву на дзяржаўным узроўні, на ўзроўні Міністэрства замежных спраў. Але тут можна казаць пра ўзаемадзеянне на ўзроўні дзяржаўных структур і няўрадавых арганізацый. Нашы няўрадавыя арганізацыі гэта падтрымаюць – тут быў створаны нядрэнны механізм узаемных кансультацый паміж няўрадавымі арганізацыямі і МЗС. Важна, каб нехта гэта ініцыяваў. А далей – Польшча можа далучыцца, Чэхія, Літва. Рашэнне будзе прымацца супольнае ў Бруселі, але нам трэба ў гэтым накірунку дзейнічаць і ўпэўніваць нашых партнёраў па ЕС.

Еўрарадыё: Урад Славакіі ізноў узначаліў Роберт Фіца – той самы “апазіцыянер”, які ездзіў у Беларусь па запрашэнні беларускіх уладаў. Ці захоча ён і яго міністр замежных спраў ініцыяваць такую прапанову і псаваць адносіны з афіцыйным Мінскам?

Рыгор Мясежнікаў: Мінулы ўрад выступаў з даволі моцнымі заявамі, якія не маглі застацца не заўважанымі ў Мінску. Без перасцярог, пра якія вы сказалі, урад казаў пра тое, што думае наконт таго, як развіваецца сітуацыя ў Беларусі. Людзі, якія ўвайшлі ў створаны тыдзень таму ўрад, альбо выказвалі мала цікавасці да таго, што адбываецца ў Беларусі, і іх пазіцыя на гэты конт да гэтага часу не зразумелая па беларускім пытанні, альбо выказвалі сімпатыі беларускаму рэжыму. Але справа ў тым, што грамадзянская супольнасць у Славакіі – не пустое месца. Тут людзі, якія маюць вопыт супрацы з Беларуссю, гэта людзі даволі аўтарытэтныя і ігнараваць іх меркаванне ўраду будзе не вельмі зручна. Не буду занадта аптымістычным – я вельмі крытычна стаўлюся да той партыі, якая сфармавала новы ўрад Славакіі. У нас у першыню з 1989 года створаны аднапартыйны ўрад. Не думаю, што будзе без змен працягнутая лінія адносінаў да беларускіх падзей новым урадам, але важна, каб прадстаўнікі нашага трэцяга сектара “ціснулі” на ўрад. Што ж тычыцца міністра замежных спраў, то ён не палітык, а кар’ерны дыпламат. І ён добра разумее важнасць гэтай праблематыкі.

Еўрарадыё: А навошта Славакіі ўвогуле ўлазіць у беларускую праблему, калі сваіх праблем хапае?

Рыгор Мясежнікаў:  Калі б мы такое стаўленне мелі з боку нашых партнёраў на Захадзе, то мы б зараз не былі б ні ў ЕС, ні ў НАТО. І дэмакратыі, магчыма, у нас бы сёння не было. Гэта важна для нас, як для дзяржавы. У нас няма агульнай мяжы з Беларусі, але гэта краіна, якая належыць да таго з культурна цывілізацыйнага кола, што і наша краіна. Гэта дзяржава, якая цікавая нам у якасці партнёра. Нам дапамаглі ўсталяваць дэмакратыю, правесці рэформы і мы маем унутранае адчуванне абавязку ў адносінах да тых краін, якім сёння патрэбна тое, што мы ўжо маем. Гэта маральная пазіцыя. Але гэта маральная пазіцыя мае практычны бок. У выпадку станоўчых змен Беларусь можа вельмі хутка далучыцца да еўрапрацэсаў, і гэта будзе выгадна нам. Гэта адзін з прыярытэтных накірункаў знешняй палітыкі Славакіі – мы падтрымліваем Украіну ў яе падключэнні да еўраінтэграцыі, Малдову, Грузію. Мы хочам, каб часткай гэтага працэсу стала Беларусь.

Еўрарадыё: Беларускія ўлады абвінавачваюць ЕС у двайных стандартах. Маўляў, у нас разагналі несанкцыянаваны мітынг апазіцыі, а як разганяюць мітынгі ва Францыі ці Грэцыі? А ў Венгрыі драконаўскі закон аб СМІ прынялі? Так яны ёсць – двайныя стандарты ў адносінах да Беларусі?

Рыгор Мясежнікаў: Адна справа, калі ў краіне існуе легітымна-дэмакратычны рэжым, і ўзнікаюць нейкія праблемы, то органы правапарадку нейкім чынам спрабуюць вырашыць гэтыя праблемы. Але ніхто не сумняваецца ў легітымнасці дэмакратычнага рэжыму, які існуе і ў Грэцыі, і ў Іспаніі, і ў Францыі, дзе ёсць розныя праблемы і дзе паліцыя можа жорстка паступаць з тымі, хто займаецца разбоем. А праблемы Беларусі ў тым, як гэта бачаць у Еўрасаюзе, што там парушаюцца правы чалавека.  А палітычная ўлада Беларусі сфармавана пры такіх умовах, што ўзнікаюць вялікія пытанні да яе легітымнасці. Еўрасаюз выказвае да Беларусі пэўныя прэтэнзіі не таму, што адбываюцца нейкія эксцэсы, а таму, што там створаная сістэма, якая не дазваляе грамадзянам рэалізаваць іх дэмакратычныя правы. Што тычыцца Венгрыі з яе законам, то Еўрасаюз з гэтай нагоды выказаў свае прэтэнзіі і венгерскі парламент змяніў закон. Да ўсяго, пры ўсіх хібах венгерскага ўрада ніхто не ставіць пад сумнеў яго легітымнасць. Таму такія параўнанні Беларусі з іншымі краінамі ЕС не карэктныя.



Еўрарадыё: Трэці сектар Беларусі практычна задушаны. Як, прынамсі, і тытульная апазіцыя. Якое вы бачыце для іх выйсце ў гэтай сітуацыі?

Рыгор Мясежнікаў: Універсальнае правіла – людзі павінны супрацоўнічаць. Чым шырэй будзе гэтая супраца, калі будуць стварацца кааліцыі, тым цяжэй іх будзе разбіваць.


Еўрарадыё: Вы сказалі, што ў Славакіі былі аўтарытарныя тэндэнцыі...

Рыгор Мясежнікаў: З 1992 па 1998 год Славакія фактычна знаходзілася пад уладай калі не аўтарытарнага рэжыму, але рэжыму, які выкарыстоўваў элементы аўтарытарызму для канцэнтрацыі асабістай ўлады і палітычнай улады той партыі, якая была на той момант кіруючай. Былі элементы неліберальнага падыходу да ўлады ў Славакіі і ў перыяд з 2006 па 2010 гады.

Еўрарадыё: І як вы з гэтага вырваліся?

Рыгор Мясежнікаў: У нас з 1996 па 1998 год актыўна ўтвараліся шырокія палітычныя альянсы – палітычны кааліцыі, калі аб’ядналіся практычна ўсе палітычныя структуры. Ствараліся кааліцыі няўрадавых арганізацый. Ствараліся нефармальныя аб’яднанні аналітычных цэнтраў. А потым яны ўсе разам у адным рэчышчы змагаліся і за свабодныя выбары, і за чысціню выбараў, людзей агітавалі за падтрымку дэмакратычных каштоўнасцяў. Да гэтага рэчышча далучыліся ўсе незалежныя СМІ. Гэта дало вынік – на выбары прыйшло больш за 84% і прагаласавалі на карысць дэмакратычна арыентаваных партый. Галоўным інструментам стала стварэнне шырокіх альянсаў, задачай якіх было як мага больш забраць галасоў на сваю карысць падчас выбараў.

Еўрарадыё: Няўменне беларускай апазіцыі аб’яднацца і дае гарантыі непарушнасці існуючаму рэжыму?

Рыгор Мясежнікаў:  Сумная канстатацыя. Але кожны крок у бок аб’яднання выклікае падазрэнні ў любога аўтарытарнага рэжыму. І нейкае супрацьдзеянне. Я магу сабе ўявіць, як складана аб’яднацца ў такіх умовах. У дадатак да ўнутраных рознагалоссяў – яшчэ і моцны ціск дзяржапарату. Але выйсце неабходна знаходзіць. І найперш – пераадолець унутраныя рознагалоссі, якія на дадзеным этапе не так ужо і важныя. Пазней, пасля падзення рэжыму, падчас дзяржаўнага будаўніцтва рознагалоссі паміж левымі і правымі, лібераламі і кансерватарамі ўзнікнуць ізноў, але на этапе супрацьдзеяння аўтарытарызму асабістыя і ідэалагічныя рознагалоссі неабходна пераадольваць.

Еўрарадыё: У нас апазіцыя яшчэ не прыйшла да агульнага меркавання, ці ўдзельнічаць у будучых парламенцкіх выбарах. Маўляў, усё адно вынік вядомы загадзя.

Рыгор Мясежнікаў:  Байкот выбараў – гэта не самае лепшае рашэнне. Нават ведаючы, што рэжым пойдзе на фальсіфікацыі, нават у гэтых умовах ісці на выбары трэба. Адмова ад удзелу ў выбарах можа мець дэмаралізуючае ўздзеянне на выбаршчыкаў. Бо тады ўзнікае пытанне: “А што тады ўвогуле рабіць? Навошта тады ўвогуле патрэбна апазіцыя? А хто будзе рэальна прадстаўляць нейкую альтэрнатыву?”

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі