Славацкая хакеістка кінула бойфрэнда, каб гуляць у Беларусі (фота)

У складзе першай жаночай хакейнай каманды Беларусі “Пантэра” на лёд выйдуць дзяўчынкі па 13 і 15 гадоў, а таксама замежныя легіянеры, якія гулялі на Алімпіядзе. У Беларусі з'явілася першая, але вельмі амбітная жаночая хакейная каманда — "Пантэра". Ужо праз год "пантэры" мусяць быць трэцімі ў чэмпіянаце Латвіі, а праз два-тры — стаць касцяком зборнай нашай краіны на сусветным першынстве.



Старшыня Федэрацыі хакея Яўген Ворсін таксама лічыць, што жаночы хакей у нашай краіне мусіць стаць масавым:

Ворсін: "У бліжэйшай будучыні ў Беларусі будзе працаваць 51 лядовы палац. На ўсіх гэтых арэнах будуць працаваць аддзяленні жаночага хакея. Мы арыентуем на гэта кіраўнікоў тых рэгіянальных арганізацый, у якіх адкрываюцца дзіцячыя спартовыя школы".



Як заўжды ў айчынным хакеі, не абышлося ў “Пантэры” без легіянераў. У камандзе гуляюць хакеісткі з Расіі і Славакіі. Шасцёра з іх удзельнічалі ў Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы. Місія ў гэтых дзяўчат няпростая: цягам бліжэйшых гадоў паставіць на канькі беларускі маладняк.





Ліда Маляўка з Гродна пачала катацца ў 3 гады па прыкладзе братоў, абодва з якіх гуляюць у Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Цяпер ёй усяго 15, але, паводле словаў Васіля Панкова, нават яна — не самая малодшая з тых, хто будзе выходзіць на лёд за "Пантэру":





Панкоў: "Самай дарослай з "пантэр" 32 гады — гэта расіянка Марыя Аналбаева. Яна варатар зборнай Расіі, удзельнічала ў алімпійскіх гульнях. А самай малодшай — мінчанцы Карыне Шапціцкай — толькі 13, але яна ўжо па магчымасці з намі трэніруецца і, думаю, што са згоды бацькоў таксама можа выступаць".



Натуральна, калі б падчас матчу жаночых каманд на катку біліся б так жа жорстка, як у мужчынскім хакеі, — юных хакеістак трымалі б ад пляцоўкі падалей. Але Васіль Панкоў упэўнены: жанчыны, хаця і не саступаюць мужыкам у азарце, але гуляюць нашмат акуратней:

Панкоў: "Жаночы хакей мякчэйшы. Там няма такой сілавой барацьбы, як у мужчынскім хакеі. І ніякіх тафгаяў, вядома ж, няма".



Тым не менш, у "Пантэры" ёсць хакеісткі, якія лёгка могуць злавіць каго-небудзь з суперніц на сілавым прыёме. І найперш гэта славацкая легіянерка Петра Праўлікава. Дзяўчына літаральна жыве хакеем: каб гуляць у "Пантэры", яна развіталася з бойфрэндам, які застаўся ў Славакіі...

Праўлікава: "Я пакуль гуляла ў хакей толькі для задавальнення, разумееце? Не за грошы, не як прафесіянал. Проста гуляла, бо мне гэта падабалася... Але ў мяне ёсць мэты, звязаныя са спортам. Таму цяпер буду гуляць у прафесійнай камандзе ў Беларусі. І пастараюся рабіць гэта як мага лепш".





Галоўнай праблемай жаночага хакея ў Беларусі будуць не гульцы, а трэнеры. Узначаліць каманду, аддачы ад якой давядзецца чакаць гады, пагодзіцца далёка не кожны спецыяліст. Моладзь наўрад ці прывабяць невялікія заробкі, прынятыя ў спартовых школах. Ды і спецыфіка працы з жаночым калектывам можа адштурхнуць... Але спартовыя босы абяцаюць вырашыць праблему трэнераў:

“Ёсць дамоўленасць Федэрацыі хакея з Акадэміяй, каб павялічыць набор на хакейныя спецыялізацыі, — кажа першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Ігар Зайчыкаў. — Ну, а жаночы ці мужчынскі — гэта ўжо...”



“...адмыслова жаночых трэнераў ніхто не рыхтуе, — падхоплівае Яўген Ворсін. — У лёгкай атлетыцы з жанчынамі працуюць мужчыны. А ёсць віды спорту, у якіх жанчыны працуюць з мужчынамі... Таму мне здаецца, што адмыслова зараз падбіраць трэнераў-жанчын не трэба. Ёсць добрыя прыклады: Мікалай Карполь і зборная Расіі па валейболе. І поспехі выдатныя”.



Карацей, чыноўнікі настроеныя рашуча. А гэта, як вядома, — галоўная ўмова, каб у нашай краіне што-небудзь развівалася. Таму “Пантэру”, відавочна, чакае вялікая светлая будучыня.

Фота: Павел Свярдлоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі