Скінь грошы на адваката: махлярства ў сценах Акрэсціна?

Акрэсціна / thevillage
Акрэсціна / thevillage

У лістападзе мы пісалі тэкст пра новы спосаб разводу на грошы: невядомы звязваўся з мінчукамі, чые сябры адбывалі тэрмін па "палітычных" справах, і ўгаворваў аплаціць паслугі добрай адвакаткі. Толькі вось абаронцы з такім імем ні ў адной базе не аказалася.

Сёння чытач Еўрарадыё расказаў нам пра дакладна такую самую схему, але яна адбываецца ў сценах Акрэсціна. Імёны "добразычліўца" і "адвакаткі" цалкам супадаюць з лістападаўскай гісторыяй.

280 рублёў за адваката
 

Гісторыяй з намі дзеліцца Сяргей, які адседзеў у ліпені ў ЦІП на Акрэсціна больш за 20 сутак. Цяпер ён з сям'ёй знаходзіцца ва Украіне.

— З намі ў камеры чацвёра сутак быў вельмі дзіўны мужчына — звалі яго Дайнэка Дзмітрый Віктаравіч. Ён шмат правакаваў нас на размовы, выказванні на палітычныя тэмы. Але, зразумелая рэч, мы маўчалі. Усе намагаюцца казаць, што апалітычныя, на маршы не ходзяць, — расказвае Сяргей.

У адрозненне ад іншых зняволеных Дзмітрыю дазволілі сустрэчу з адвакатам. Пасля размовы з абаронцай мужчына вярнуўся ў камеру з асадкай і аркушамі паперы, якія яму нібыта выдалі ахоўнікі. Гэта сукамернікам адразу здалося падазроным.

— Ну і далей — развод пра адвакатку. Маўляў, Наталля Цвярдова дапаможа хутчэй выйсці, толькі закіньце 280 рублёў на гэты рахунак. Вось вам асадка і паперка, напішыце запіску свайму блізкаму сваяку, і я перадам. І кажа, зрабіць гэта трэба вельмі хутка.

— Вы пагадзіліся?

— Мне вельмі хацелася перадаць хоць нейкую запіску жонцы, таму я пагадзіўся на ягоную прапанову. Напісаў нешта асабістае, а пра перавод грошай напісаў пару фраз, якія для мяне не тыповыя. Жонка ў мяне разумная, адразу зразумела, што не варта цалкам давяраць. А я сам артыкул вашу чытаў, таму ўспомніў гэтую гісторыю. Імёны тыя самыя!

Пасля нашай размовы Дзмітрыя выпусцілі. Ён сапраўды сустрэўся з маёй жонкай і аддаў запіску. Але грошай не атрымаў.

— Вы думаеце, што гэта махлярская схема?

— Так, вядома, чалавек пад такім самым імем і з такім самым тэлефонам ужо некалькі месяцаў вось так выманьвае грошы. Рэч у тым, што нават на працягу маіх сутак яго падсадзілі ў іншую камеру. Аналагічную гісторыю пра гэтага ж Дзмітрыя мне потым расказаў іншы чалавек!

Цікава, што 280 рублёў — гэта дзесяць базавых. Я схіляюся да таго, што гэта прыватная ініцыятыва аховы па зараблянні грошай. Бо ўсё, што вышэй за дзесяць базавых, — гэта ўжо "крыміналка". Я ўпэўнены, што наглядчыкі Акрэсціна дакладна ў звязцы з Дзмітрыем працавалі.

Імёны супадаюць

Сбрось деньги на адвоката: мошенничество в стенах Окрестина?
У месенджары "Вайбер" напісаць і Дзмітрыю, і Наталлі немагчыма: функцыя паведамленняў падазрона схаваная ў абаіх

У лістападзе гісторыю пра таго самага Дзмітрыя Віктаравіча і адвакатку Наталлю Цвярдову нам расказаў чытач Аляксандр. Тады яго сябра Вадзіма затрымалі пасля акцыі пратэсту. Праз пару дзён Аляксандру патэлефанаваў невядомы "добразычлівец". Дзмітрый Віктаравіч прасіў пра сустрэчу, каб перадаць запіску ад Вадзіма, з якім нібыта сядзеў у адной камеры.

— У запісцы почыркам, падобным да почырку сябра, напісана: "Тэрмінова да 12 гадзін на імя адваката Цвярдова Наталля Васілеўна зрабіць 2 паштовыя пераводы сумай 5 і 1 базавая велічыня. А потым адправіць СМС на нумар +375 29 *****71 з пацвярджэннем і прозвішчам, імем, імем па бацьку адпраўніка пераводу", — расказваў нам чытач.

Еўрарадыё тады паспрабавала датэлефанавацца "адвакатцы" Наталлі Цвярдовай, але беспаспяхова. Таксама мы звярнуліся ў Рэспубліканскую калегію адвакатаў. Памочніца старшыні Таццяна Шастоўская інфармацыі пра Наталлю Цвярдову не знайшла. Таксама яна адзначыла, што адвакат не можа атрымліваць грошы, калі не заключана папярэдняя дамова са сваяком альбо з самім затрыманым.

Будзьце пільныя! Калі вы сутыкнуліся з падобнай схемай "разводу" на грошы, то паведаміце нам у рэдакцыю праз наш тг-акаўнт @euroradio_minsk.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі