Скарачэнне ў музеях: у Коласа звольняць садоўніка і рабочага

“У нас няма прэс-службы. Таксама скарачэнні прайшлі”, — адказваюць Еўрарадыё ў Міністэрстве культуры, калі пытаю пра скарачэнні ў музеях.

Чыноўнікі гэтага ведамства вырашылі скараціць на траціну супрацоўнікаў “Інстытута культуры Беларусі” і на чвэрць — супрацоўнікаў музеяў імя Янкі Купалы і імя Якуба Коласа. Мастацкаму музею пашанцавала болей: скарачаюць на 5%, а музей Вялікай Айчыннай вайны наогул чапаць не будуць.

У Музеі імя Якуба Коласа ўжо прыкідваюць, што звольняць садоўніка ды рабочага.

“Мы, канешне, зробім скарачэнні, але жывыя людзі не скарачаюцца. У асноўным будзем скарачаць абслуговы персанал. Прапалоць градку могуць наглядчыкі замест садоўніка. Калі скарачаць навуковых работнікаў, то не будзе весціся праца. Напрыклад, тры рабочыя — аднаго скароцім”, — тлумачаць у гэтым музеі.

А ў Музеі Янкі Купалы наогул пакуль не ведаюць, каго скарачаць. Бо гэта трэба зрабіць толькі ўзімку. Але маладых спецыялістаў дакладна пакінуць.

“Мы яшчэ гэта скарачэнне не абмяркоўвалі. Людзей заўсёды не хапае. Але ў нас ажно пяць маладых спецыялістаў”.

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці пранясе: гэты філіял Нацыянальнага гістарычнага музею скарачэнні не крануцца.

“Нас чакае рэарганізацыя. Але Гістарычнага музея. Мяркую, з філіялам нашым — Музеем сучаснай дзяржаўнасці — нічога не здарыцца”, — прызнаюцца ў музеі.

Да Музея літаратуры далучаць музей Багдановіча і Петруся Броўкі. Добра яшчэ, што Купалу з Коласам не пасялілі ў адзін музей.

Двух маладых музеязнаўцаў сёлета падрыхтаваў гістфак БДУ. Пра скарачэнне тут чулі, але студэнтаў менш набіраць не плануюць.

“Два нашыя маладыя спецыялісты зараз у музеі працуюць”, — паведамляюць на гістарычным факультэце.

Сёлета на бюджэт па спецыяльнасці “музейная справа” сюды залічылі 10 чалавек. І яшчэ 25 чалавек узялі на платнае. Ці не скароцяць на сесіі…

У Міністэрстве культуры скарачэнне называюць проста “аптымізацыяй”. І спасылаюцца на Указ кіраўніка краіны “Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў…”

Фота 1: gants.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі