Скарачаць сабе заробак беларускія чыноўнікі не спяшаюцца

Як даведалася Еўрарадыё, ініцыятыва латвійскага кабінета міністраў пакуль не знайшла падтрымкі ў беларускіх калідорах улады Днямі кіраўнік латвійскага ўрада Івар Годманіс сам напісаў заяву з просьбай знізіць яму заробак на 15 адсоткаў. Такую ж заяву пачалі падпісваць і міністры яго кабінета. Палітычная аглядальніца штодзённай латвійскай газеты “Тэлеграф” Аляксандра Глухіх у інтэрв'ю Еўрарадыё выказала меркаванне, што такі ўчынак выкліканы, хутчэй за ўсё, набліжэннем выбараў.

Аляксандра Глухіх: “Ну, вядома, гэта ў нейкай меры папулісцкі крок, дзесьці яны хацелі "быць бліжэй да народа", таму патрабавалі, каб ім, так жа, як і ўсім простым падаткаплацельшчыкам, былі зніжаныя заробкі. Тут нельга забываць, што ў нас набліжаюцца выбары ў Еўрапарламент. Таму ўсе палітыкі памятаюць пра тое, што пра іх думаюць падаткаплацельшчыкі, і, адпаведна, іх жа выбарнікі".

Праўда, аглядальніца "Тэлеграфу" не выключае і таго, што ў рашэнні прэм'ера і яго міністраў адыграла пэўную ролю і вельмі напружаная эканамічная сітуацыя ў краіне. Такім крокам яны спрабуюць крыху "збіць" узровень напружанасці ў грамадстве. Дарэчы, з-за фінансавага крызісу ў Латвіі ўсе дзяржаўныя службоўцы пачалі атрымліваць скарочаныя заробкі.

Беларусь таксама закрануў фінансавы крызіс. Але, як паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага Аляксандр Цімашэнка, паўтараць учынак свайго латвійскага калегі наш прэм'ер не збіраецца. Прынамсі, кажа, ён нічога пра такія планы свайго шэфа не ведае.

Кіраўнік прэс-службы Міністэрства прамысловасці Аляксандр Балышаў найперш перапытаў у Еўрарадыё, што на гэты конт сказаў прэс-сакратар беларускага прэм’ера. А потым прызнаўся, што міністр прамысловасці Анатоль Русецкі, а следам і іншыя чыноўнікі гэтай установы, паступяць са сваім заробкам так, як загадаюць зверху.

Аляксандр Балышаў: “Мы ў іх падпарадкаванні знаходзімся. Таму, што ён сказаў - тое ў роўнай ступені можа распаўсюджвацца і на ўсе міністэрствы”.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур прызнаўся, што нічога пра ініцыятывы латвійскага прэм’ера не чуў. Таму нічога на гэты конт ні адносна міністра Мікалая Зайчанкі і яго заробку, ні адносна сябе сказаць не можа.

Андрэй Тур: “Першы раз чую пра гэтыя справы латвійскія. Таму нічога не магу сказаць. І мне цяжка сказаць, як я магу ставіцца да той ініцыятывы, якой я не ведаю. Вы мне зараз агучылі, я гэта чую першы раз, а вы хочаце, каб я адразу нешта ўзяў, ды на гэты конт адказаў. Падумайце самі: у вас нейкая інфармацыя з’явілася і вы бух – на мяне вывальваеце. Што я магу сказаць? Ды нічога! Ды і на гэты конт што можна казаць?!”.

А намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па грашова-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шаўко хоць і прызнаўся, што нічога не ведае пра ініцыятыву латвійскіх чыноўнікаў, адразу пачаў разважаць, ці дапаможа гэты крок справіцца з эканамічным крызісам краіны.

Аляксандр Шаўко: “Каб на гэтае пытанне адказаць, трэба паглядзець: што гэта дасць? Ёсць пэўная інфармацыя аб развіцці эканамічнага крызісу, і я ведаю, што сітуацыя, якая сёння раскручваецца ў Прыбалтыцы, на Ўкраіне, вельмі складаная. Таму яны і прымаюць крайнія меры. У тым ліку і гэтая ініцыятыва ўрада. Я лічу, што ў Беларусі мы яшчэ да гэтага не падышлі, і ставіць так пытанне адносна нас, напэўна, некарэктна”.

У выніку прыйшоў да высновы, што прымаць ці не такія “крайнія меры”, на якія рашыліся прэм’ер і міністры ў Латвіі, іх беларускія калегі могуць толькі паводле вынікаў працы беларускай эканомікі ў першым квартале бягучага года.

Аляксандр Шаўко: “Гэтае пытанне можна будзе пачаць абмяркоўваць тады, калі ўжо будзе бачна – якая сітуацыя раскручваецца ў эканоміцы. Сёння ў нас сітуацыя больш-менш кіруемая. Мяркую, паводле вынікаў першага квартала нешта можна будзе казаць. Сёння гэта рабіць цяжка”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі