Скандал на “базары”: хто аглушыў расійскага выканаўцу?

Расійскі спявак Радзівон Роўс на конкурсе маладых спевакоў “Віцебск 2007” ледзь трапіў у дзесятку. Хаця пасля першага дня выступу займаў цвёрдае другое месца. Дык што ж здарылася са спеваком на наступны дзень спаборніцтва?

Чаму яго другі выступ так адрозніваўся ад папярэдняга? Сам спявак упэўнены, што ягонай віны ў гэтым не было. Па ягоных словах, ён не чуў сябе ў маніторы падчас выканання песні. Ён, канешне, мог бы закрыць вушы рукамі, але зразумела, што такія паводзіны былі непрымальнымі.

Еўрарадыё вырашыла дазнацца, ці насамрэч спеваку перашкодзілі тэхнічныя няспраўнасці. Для гэтага мы звярнуліся да аднаго з членаў журы конкурса – Аляксандра Ціхановіча:

“Я думаю, што ў маніторах усё было чуваць. Перад выступам правяралі ўсе падгучкі і адгучкі. Канкурсанты мелі магчымасць зрабіць любую заўвагу. Я не думаю, што яны не працавалі, хаця магчыма ўсё”.

У Аляксандра Ціхановіча, на конт Роўса зусім іншыя меркаванні:

“Прычына насамрэч можа быць у іншым. Таму што я, напрыклад, пасля першага дня выступу ўначы зайшоў у кафэ. А там сядзелі канкурсанты. Я зрабіў ім заўвагу, сказаў, што заўтра ў іх адказны дзень, што яны будуць спяваць з аркестрам і трэба ісці адпачываць, а не сядзець у тры гадзіны ночы ў кавярні і балабоніць паміж сабой. Ну, і сярод гэтых канкурсантаў быў і Роўс. Я думаю, што гэта таксама паўплывала на не вельмі добры выступ на другі дзень”.

Дый песню, па словах Ціхановіча, Радзівон выбраў не па сілах:

“Па-другое, у яго была вельмі складаная песня. Песні, якія спяваў ансамбль “Песняры”, па сваім вакальным прачытанні вельмі складаныя. Яна спявалася ансамблем, і паўтарыць гэта ў сольным выступе вельмі складана”.

Канешне, нават калі б ён адразу пасля выканання папрасіў пераспаваць песню, яму б гэтага не дазволілі, гэтага не прадугледжваюць умовы конкурса. Але, па словах Аляксандра Ціхановіча, выйсце было:

“Трэба было спыніцца падчас выканання песні і сказаць: я не чую сябе. Журы б абмяркоўвала гэта. Не думаю, што яму б тады не далі праспяваць яшчэ раз – канешне б, далі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі