Вы тут

СК прыпыніў праверку ксяндза Барка за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў"

Ксёндз Вячаслаў Барок / Еўрарадыё

Полацкі аддзел Следчага камітэта прыпыніў праверку, пачатую супраць расонскага ксяндза Вячаслава Барка. Праверка датычыла распаўсюду матэрыялаў, якія могуць быць скіраваныя на распальванне экстрэмізму і нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Паведамленне аб прыпыненні праверкі ксёндз Барок атрымаў 19 студзеня. Следчыя спаслаліся на тое, што не атрымалі вынікаў экспертызы.

"Такое паведамленне я атрымаў і цяпер дзялюся гэтай весткай. Паведамленне СК выводзіць мяне з падвешанага стану. Бо пасля таго, як я ў якасці сведкі 12 лістапада 2020 года быў выкліканы ў аддзел Следчага камітэта, бачачы, што адбываецца вакол, усведамляў, што ад статусу крымінальніка мяне аддзяляе адзін крок. Сёння я разумею: тым, хто распачынаў тую брудную справу, не ўдалося зрабіць заключны крок да майго зняволення", — канстатаваў ксёндз Барок.

Следчыя правяралі яго блогі на YouTube, акаўнты ў Фэйсбуку і Instagram. 

У снежні 2020 года Вячаслаў Барок быў асуджаны на 10 сутак арышту за перадрук плаката Уладзіміра Цэслера "Стоп лукашызм". У антынацысцкім плакаце суд угледзеў "прапаганду нацысцкай сімволікі".

Ксёндз Вячаслаў Барок быў госцем Еўрарадыё ў праграме "Ідэя Х".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.