СК: Да стральбы па ўчастковых у жыхара Бабровічаў не было канфлікту з міліцыяй

СК: Да стральбы па ўчастковых у жыхара Бабровічаў не было канфлікту з міліцыяй

Да стральбы па ўчастковых міліцыянерах у жыхара Бабровічаў (Івацэвіцкі раён) не было канфлікту з міліцыяй (існавала неафіцыйная версія, што такі канфлікт нібыта меў месца). Пра гэта заявіў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Аляксандр Рахманаў, інфармуе БЕЛТА.

Здарэнне адбылося 17 жніўня. Паводле афіцыйнай версіі, 57-гадовы мужчына, мясцовы жыхар, адкрыў агонь з агнястрэльнай зброі па ўчастковых міліцыянерах, якія праводзілі "планавую праверку парадку захоўвання зброі". Адзін міліцыянер загінуў, другі атрымаў раненні і быў шпіталізаваны. Праз некалькі гадзін стралка затрымалі (у вёску прыязджалі амапаўцы і байцы спецпадраздзялення МУС "Альфа").

Пра тое, што затрыманаму выставілі абвінавачанне, стала вядома 24 жніўня. Артыкулы — "забойства асобы ў сувязі са здзяйсненнем ёй службовай дзейнасці", "замах на забойства двух асоб у сувязі са здзяйсненнем імі службовай дзейнасці".

Па словах Рахманава, справа знаходзіцца "на стадыі актыўнага расследавання". Следчыя "дэталёва і падрабязна" высветлілі, як адбываліся падзеі. Пацвярджаецца, што праваахоўнікі праводзілі планавую праверку і дом стралка "быў не першы і не апошні ў плане абследавання". Падкрэсліваецца, што стральба па міліцыянерах пачалася "раптоўна". Па выніках допытаў падазраванага і вывучэння абставін справы была зроблена выснова "аб неабходнасці правядзення ў дачыненні да падазраванага стацыянарнай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы".

Стала вядома, што паранены 23-гадовы міліцыянер 7 верасня быў выпісаны з бальніцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі