Сітуацыя складаная — камандуючы сухапутнымі войскамі УСУ аб становішчы на фронце

Аляксандр Сырскі

Аляксандр Сырскі / @osirskiy

Складанай назваў сітуацыю на фронце камандуючы сухапутнымі войскамі Украіны Аляксандр Сырскі. "Нам даводзіцца ваяваць ва ўмовах перавагі ворага як ва ўзбраенні, так і ў колькасці асабістага складу", — адзначыў ён.

Расіяне вядуць наступальныя аперацыі на Купянскім, Ліманскім і Бахмуцкім кірунках. Асноўныя намаганні ВС РФ сканцэнтраваныя на Бахмуцкім кірунку. Мэта расіян тут — рухацца ў бок Часова Яра, Канстанцінаўкі, Дружкоўкі, Краматорска, каб затым выйсці на межы Данецкай вобласці.

На Ліманскім кірунку расіяне атакуюць у напрамках Макееўкі і Цярнова. Не спыняюцца штодзённыя штурмавыя дзеянні расійскіх войскаў і ў раёне Сінькоўкі, праціўнік хацеў бы стварыць там плацдарм для далейшага наступу на Купянск, мяркуе ўкраінскі военачальнік.

"На ўсіх трох кірунках нашы войскі трымаюць абарону і знішчаюць ворага", — кажа Сырскі. Паводле яго, расіяне нясуць вялікія страты, якія папаўняюць былымі вязнямі.

Апошнім часам, нагадаем, Украіна сутыкнулася з праблемай атрымання заходняй дапамогі. У ЗША вылучэнне дапамогі заблакавалі рэспубліканцы, у ЕС — Венгрыя. На мінулым тыдні вайсковы аглядальнік Bild Юльян Рэпке са спасылкай на крыніцы ва УСУ расказаў, што Украіна мяняе стратэгію ў вайне з Расіяй. Цяпер прыярытэтам робіцца не вызваленне акупаваных тэрыторый, а нанясенне максімальнай шкоды расіянам. Вяртанне тэрыторый зноў зробіцца прыярытэтам толькі тады, калі расійскія сілы досыць аслабнуць альбо калі на фронт прыбудзе "зброя, якая змяняе правілы гульні", якая дазволіць Украіне ўзяць ініцыятыву ў свае рукі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі