Сітуацыя на фронце застаецца складанай, кажа Зяленскі — 280-я раніца вайны

Весці баявыя дзеянні даводзіцца ва ўмовах непагадзі / facebook.com/GeneralStaff.ua
Весці баявыя дзеянні даводзіцца ва ўмовах непагадзі / facebook.com/GeneralStaff.ua

Сітуацыя на фронце застаецца складанай. Пра гэта казаў у начным відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Расіяне, нягледзячы на вялікія страты, усё яшчэ спрабуюць наступаць у Данецкай вобласці, замацавацца ў Луганскай і рухацца ў Харкаўскай абласцях. "Нешта там яны плануюць на поўдні", — адзначыў Зяленскі.

Але ўкраінскія ўзброеныя сілы трымаюць абарону і не даюць ворагу, па словах украінскага прэзідэнта, "ажыццявіць яго намеры".

"Яны [рускія] казалі, што захопяць Данеччыну вясной, летам, восенню... На гэтым тыдні пачынаецца ўжо зіма. Яны паклалі там сваё рэгулярнае войска, яны губляюць там штодня сотні мабілізаваных і наймітаў, яны выкарыстоўваюць там загарадатрад", — кажа ўкраінскі прэзідэнт.

Расіяне ўчора дамагліся нязначных поспехаў у раёне Бахмута ў Данецкай вобласці, кажуць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны. Але экспэрты вельмі асцярожна ставяцца да заяваў расійскіх крыніц аб прарыве ўкраінскай абарончай лініі на поўдзень ад горада і гатоўнасці перарэзаць адну з двух асноўных украінскіх наземных ліній сувязі з Бахмутам.

"Такія заявы, верагодна, з'яўляюцца часткай расійскай інфармацыйнай аперацыі і заўчасныя", — гаворыцца ў справаздачы Інстытута. Там лічаць, што "аслабленыя расійскія сілы вакол Бахмута наўрад ці хутка паставяць горад пад пагрозу немінучага атачэння".

Таксама, паводле ацэнак Інстытута, расіяне ў мінулыя суткі працягвалі абараняцца ад украінскіх контрнаступальных аперацый каля Сватава ў Луганскай вобласці, а УСУ працягвалі тут, а таксама ў раёне Крамянной наступаць. У раёне Крамянной расіяне нават правялі абмежаваныя наземныя атакі, каб вярнуць страчаныя пазіцыі. Атакуюць расіяне і ў раёне Северска і Аўдзееўкі — гэта ў заходняй частцы Данецкай вобласці.

У Генштабе УСУ кажуць, што ў мінулыя суткі адбівалі атакі каля Стэльмахоўкі ў Луганскай і ў раёне населеных пунктаў Белагораўка, Бахмуцкае, Першамайскае, Невельск і Мар'інка Данецкай вобласці. Па словах украінскіх вайскоўцаў, расіяне учора таксама працягвалі абстрэльваць Херсон і вобласць.

Ситуация на фронте остается сложной, говорит Зеленский — 280-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці 29 лістапада 2022 года / understandingwar.org

Увесь дзень учора расіяне абстрэльвалі прымежную Сумскую вобласць. Яны выпусцілі па вобласці 150 мін і снарадаў. У выніку абстрэлаў есць пашкоджанні інфраструктуры, напісаў ўвечары старшыня Сумскай абласной ваеннай адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі. У Новаслабодскай грамадзе, да прыкладу, пашкоджаныя 3 зернесклады, два трактары, тры аўтамабіля, адміністрацыйны будынак прадпрыемства і лініі электраперадач. У Варажбянскай — 10 прыватных жылых дамоў, электрычныя і газавыя сеткі, у Дружбоўскай — аб'ект крытычнай інфраструктуры і электрасеткі.

Гэтай ноччу расіяне ўдарылі і па Запарожскай вобласці. "У выніку траплення ракеты (верагодна С-300) пашкоджаны газаразмеркавальны пункт", узнік пажар, распавядае кіраўнік абласной адміністрацыі Аляксандр Старух. Пажар патушылі, але без газу засталіся тры вуліцы. Людзі, на шчасце, не пацярпелі.

Гэтай раніцай расіяне абстралялі і Нікапаль — гэта ў Днепрапятроўскай вобласці. Пакуль папярэдне без пацярпелых. Пра гэта распавядае кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. А падчас ўчорашняга абстрэлу ў Нікапальскім раёне пацярпела пажылая жанчына. Лекары ацэньваюць яе стан як здавальняючы, дазволілі ёй лячыцца дома.

А ў памежнай Бранскай вобласці Расіі гэтай раніцай гарыць нафтабаза. Плошча ўзгарання склала 1800 кв. метраў, кажа губернатар Аляксандр Багамаз. Прычына ўзгарання пакуль невядомая. Адзначым, што Бранская вобласць мяжуе з Украінай і Беларуссю. Суражскі раён размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Бранскай вобласці і мяжуе з Магілёўскай вобласцю.

Ситуация на фронте остается сложной, говорит Зеленский — 280-е утро войны
Наступствы ўчорашняга абстрэлу ў Днепрапятроўскай вобласці / @mykola_lukashuk

Расійскія войскі запускаюць па цэлях ва Украіне крылатыя ракеты са знятымі ядзернымі боегалоўкамі. Гэта робіцца, каб вычарпаць запасы ўкраінскай супрацьпаветранай абароны, піша Reuters са спасылкай на вайсковага чыноўніка ЗША. У Пентагоне лічаць, што ўзмацненне ракетных удараў па Украіне часткова заклікана вычарпаць запасы ўкраінскай СПА і канчаткова дамагчыся панавання ў небе над краінай.

Пры гэтым Злучаныя Штаты пакуль не гатовыя даць Украіне зенітна-ракетныя комплексы Patriot, хоць і разглядаюць такую магчымасць. Аб гэтым гаварыў учора прэс-сакратар Міністэрства абароны ЗША Пэт Райдэр. Яго цытуе CNN.

"Цяпер мы не плануем пастаўляць батарэі Patriot ва Украіну, але зноў жа, мы працягнем гэтыя дыскусіі. Калі будзе што аб'явіць з гэтай нагоды, мы гэта зробім", — сказаў ён. Прадстаўнік Пентагона таксама заявіў, што супрацьпаветраная абарона Украіны застаецца прыярытэтам для ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі