Сірыйская журналістка: Расія і ЗША пераследуюць розныя мэты

30 верасня Расія нанесла першыя авіяўдары па тэрыторыі Сірыі, дзе хаваюцца баевікі "Ісламскай дзяржавы". Права на пачатак паветранай аперацыі прэзідэнт Расіі Пуцін атрымаў ад Савета бяспекі РФ. На рэалізацыю дазволу спатрэбілася гадзіна. У сваім выступе Пуцін паведаміў, што на дапамогу Расію паклікаў прэзідэнт Сірыі Башар Асад, і што ўсе краіны папярэджаныя пра пачатак дзеянняў:

"РФ будзе падтрымліваць сірыйскую армію з паветра без наземных дзеянняў. Падтрымка войскаў будзе абмежаваная па часе на тэрмін правядзення сірыйскай арміяй наступальных аперацый".

Першыя ўдары расійскіх самалётаў прыйшліся на горад Хомс. Паводле Reuters, горад заняты паўстанцамі, якія выступаюць супраць улады Асада, і баевікоў "ІД" там няма. А 16-й агенцтва паведаміла, што ад авіяўдараў загінула каля 27 мірных жыхароў, сярод іх 6 дзяцей. Пазней лічба павялічылася да 36 чалавек. Таксама пад бамбёжкай апынуліся Латакія і Хам.

Інфармацыю пра тое, што ў абласцях, якія падвергліся авіяўдарам, не было баевікоў "ІД" і Аль-Каіды, пацвердзіў Халід Ходжа, прадстаўнік апазіцыі.  Па словах былога маёра сірыйскай арміі Джаміля Альх-Саеха, якія перадае Reuters, тэрыторыя Хомса знаходзіцца пад кантролем Сірыйскай Вызвольнай арміі. Але яна мае стратэгічна важнае значэнне для Асада.

У той жа час Мінабароны Расіі сцвярджае, што ВПС Расіі наносяць кропкавыя ўдары па пазіцыях "ІД" у Сірыі, і абвяргае інфармацыю пра гібель мірных жыхароў, называючы яе "ўкідамі СМІ". 

Апроч таго, Расія запатрабавала ў ЗША пакінуць паветраную прастору Сірыі. Праўда, ЗША гэтае патрабаванне праігнаравалі і нанеслі ўдар у раёне Алепа. Улады Францыі заявілі, што яны працягнуць бамбіць пазіцыі "ІД" у Сірыі самастойна. 

Сусветныя агенцтвы пачалі выкладаць фота і відэа з месца бамбёжак. Але сірыйская журналістка Анхар Кочнева ў каментары Еўрарадыё кажа, што ў раёнах, дзе знаходзяцца баевікі, звычайна вельмі кепская сувязь, нават тэлефонная, і не верыць у рэальнасць здымкаў.

Кочнева: "І якім чынам можна выкласці відэа літаральна ў лічаныя хвіліны ў інтэрнет у раёне, дзе сувязі няма? Гэта нешта нерэальнае. Відаць, гэта былі нейкія загатоўкі, усё было зроблена загадзя. Толькі што паказвалі відэа з былога каналу "Хадас. Падзеі", і на ім неслі чалавека ў камуфляжы, і ніякіх дзяцей там не было". 

Кочнева, якая сочыць за сітуацыяй у Сірыі з суседняга Лівана, называе сітуацыю са знаходжаннем амерыканскіх вайскоўцаў дзіўнай. Маўляў, паводле апошняй інфармацыі, за год яны нанеслі каля 7 тысяч удараў, якія не дасягаюць мэты, і баевікі "ІД" працягваюць распаўсюджвацца. Па яе словах, ёсць версія, што пад прыкрыццём барацьбы з тэрарыстамі амерыканская авіяцыя бамбуе інфраструктуру Сірыі. 

Кочнева: "Відаць, што ўсё ж дзяржавы пераследуюць абсалютна розныя мэты і задачы. Расія — гэта адзіная замежная краіна, якая ўдзельнічае ў баях на тэрыторыі Сірыі і мае статус легітымнай сілы, якой дазволена рабіць нейкія дзеянні па ўзгадненню з сірыйскім бокам. Астатнія краіны не ўзгадняюць нічога з Сірыяй і не атрымліваюць ніякіх дадзеных з сірыйскай разведкі. Як можна ваяваць на чужой тэрыторыі, калі ты не ведаеш, што там адбываецца?".

У выніку перамоваў улады ЗША заяўляюць, што гатовыя ўзгадняць з Расіяй у Сірыі на гэтым тыдні. Прэс-сакратар Белага Дому кажа, што прадстаўнікі Мінабароны ЗША пачалі перамовы з расійскім бокам, каб пазбегнуць канфліктаў па Сірыі. Расія ў сваю чаргу сцвярджае, што гатовая прыняць Башара Асада, калі яго зрынуць, і што фармаванні баевікоў "ІД" у горнай мясцовасці цалкам знішчаныя. У пацвярджэнне яна публікуе відэа авіяўдараў. 

 

Мінабароны РФ апублікавала відэа авіяўдараў ў Сірыі
Кропкі расійскіх удараў
Чырвоны – праўладныя войскі Башара Асада, зялёны – узброеныя фарміравання апазіцыі

Нагадаем, што ў Сірыі дзейнічаюць тры асноўныя сілы — праўладныя войскі Башара Асада, узброеныя фармаванні апазіцыі і баевікі "Ісламскай дзяржавы". Кожная сіла ваюе супраць дзвюх астатніх. Расія ў канфлікце падтрымлівае Асада. Захад жа мяркуе, што Асад мусіць пакінуць пасаду прэзідэнта — толькі ў гэтым выпадку сітуацыя ў Сірыі стабілізуецца. І Захад, і Расія ваююць супраць "ІД". 

На думку расійскіх аналітыкаў, праз удары па "ІД" Расія разлічвае змякчыць заходнія санкцыі супраць сябе. Die Welt піша, што аперацыя Расіі ў Сірыі дапаможа сусветнай супольнасці хутчэй забыць яе дзеянні ва Украіне.

Загалоўнае фота: uinp.info, астатнія www.independent.co.uk