Вы тут

Сіняй дупай выратавалі краіну: што кажа на новым зліве чалавек з голасам Караева

Экс-кіраўнік МУС Юрый Караеў / калаж Еўрарадыё

Ініцыятыва беларускіх сілавікоў ByPOL апублікавала чарговы зліў. Гэтым разам — запіс, на якім чалавек з голасам, падобным да голасу экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, выступае перад сілавікамі. Па манеры гаворкі чалавек з запісу таксама падобны да былога кіраўніка МУС.

Еўрарадыё паслухала гэты запіс і выпісала галоўныя заявы: пра тое, як генералы рыхтаваліся да "старой вайны", хто разганяў мірныя пратэсты і чым гэта было падобна да баявых дзеянняў у Чачні.

Рыхтаваліся да разгону "як у 2010-м"

— Як усе кажуць: генералы рыхтуюцца да старой вайны. Мы сапраўды рыхтаваліся да такога, што вось як у дзясятым годзе. Гэта памылка. І войскі, і АМАП да гэтага рыхтавалі. Жыццё паказала зусім іншае. Жыццё паказала, што ўсе тыя плошчы і іх разгон, а на гэтым ужо разышліся — ужо не. Праціўнік іншы: ён больш манеўраны, ён б'е адначасова ва ўсіх месцах. Прычым не толькі па месцы, але і па тэматыцы, і больш за ўсё — у інфармацыйнай прасторы. Расцягвае нас па часе, па заводах, па ВНУ... І вось у нас на ўсё хапіла сіл.

Гэты здымак разгону акцыі 19 снежня 2010 года стаў легендарным / Reuters

...У нас з'явілася магчымасць ужо планаваць, а не толькі адбівацца, ужо нападаць самім. І, у рэшце рэшт, перайсці не толькі да непасрэдных там захопаў прэвентыўных, але і да пераследу праціўніка.

У Беларусі як у Чачні

— Вось як у Чачні, так... Пакуль вялікія групы салдат, там, дзейнічаючы брыгадамі, адбіваліся ад дробных укусаў снайпераў, гранатамётчыкаў, усё ішло ў няправільны бок. Як толькі групы спецназа па 15 чалавек сталі знаходзіць баевікоў у іх лагерах, у тых зямля пад нагамі загарэлася... Іх родная, дарэчы, зямля. А рускія салдаты іх ганялі па сваёй зямлі, толькі ўжо не салдаты, а спецназаўцы накшталт вас. І тады і змаглі пераламаць ход чачэнскай вайны. І тут у нас гэтаксама. Мы ўжо сталі ўваходзіць на іх тэрыторыю, мы ўжо сталі іх пераследаваць, і мы ўжо з астатнімі органамі нацыянальнай бяспекі — з камітэтам, з войскам, пагранвойскамі — іх пераследуем.

Тупаваты і недалёкі

— [Народ] тупаваты і недалёкі ў большасці сваёй. Вось правільна кажуць: "тлустыя абывацелі". Яны ніколі ні за кога, яны за тое, каб ім жылося лепш і нават спакайней. Далей за пяць метраў вакол сябе яны не бачаць. Яны, сука, не чытаюць. У іх патрэбы абмежаваныя — іх асабісты дабрабыт…

Знаёмцеся: людзі, якіх, па версіі Караева, хвалюе толькі асабісты дабрабыт / Reuters

Потым яны пачынаюць разважаць ад нуды: якой магла б быць краіна... Яны вельмі лёгка паддаюцца ўплыву звонку, калі гатовыя высновы ім падаюцца журналістамі, палітолагамі, тэлеграм-каналамі. Самі яны ні аналізаваць, ні думаць не заўсёды ўмеюць. Не гасударавы яны людзі. А мы з вамі — гасударавы, якія на забеспячэнні гэтага насельніцтва, яго вялікасці абывацеля, працуем. Яны не ўдзячныя нам. Удзячныя яны будуць, калі нас страцяць і калі яны схуднеюць да костак. І ўспомняць, якая была краіна.

Новы мем: сіняя дупа

— Пераследуйце тых, хто нам з вамі пагражае, чыноўнікам... Ну і асабліва важна: усё кідайце і знаходзьце гэту пачвару — і прыбірайце [праз невыразнае вымаўленне можна пачуць і "забівайце"]! Вось маё вам такое настаўленне.

А потым прэзідэнт яшчэ казаў... І ў мяне нарадзіўся мем. Ён сказаў: добра, што так лёгка, не з вайной, але з бядой навучылася беларускае грамадства. І я кажу, новы мем: сіняй дупай выратавалі краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.