Што за распусная кніга ўсхвалявала Філарэта?

У аўторак кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы заявіў, што ў Беларусі пад выглядам полавага выхавання і прафілактыкі СНІДу адбываецца разбэшчванне дзяцей. Яго не задаволіў змест кнігі “Полавае выхаванне, прафілактыка СНІДу сярод малодшых школьнікаў”. Філарэт прызнаўся, што некаторыя фрагменты гэтага дапаможніка яму няёмка нават агучыць. А вось супрацоўніца Мінскага епархіальнага ўпраўлення Алена Ціханава агучыла Еўрапейскаму радыё найбольш пікантныя моманты кнігі:

“Я проста ўзяла гэтую кнігу, яна ўся пакрэсленая. Я шукаю ўсё, што дазначана. Бяспечныя формы сэксуальных зносінаў. Тлумачыцца — мастурбацыя, масаж, расціранні, абдымкі, дакрананні да полавых органаў. Небяспечныя формы сэксуальных зносінаў: анальны сэкс, вагінальны сэкс”…

Мітрапаліта Філарэта ўсхавалявалі не толькі падобныя цытаты з дапаможніка, якія, на яго думку, разбэшчваюць дзяцей, а і той факт, што кніжка гэтая рэкамендаваная Міністэрствам адукацыі Беларусі. Аднак кіраўнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства Георгій Бутрым аспрэчвае гэты факт:

“Гэта ЮНІСЭФ выдаў каля 10 год таму кнігу. Нідзе яна нікуды не рэкамендаваная. У новай праграме бесперапыннага развіцця Міністэрства адукацыі, якая зацверджана ў студзені, мы не выкарыстоўваем тэрмінаў ні “сэксуальнае”, ні “полавае” развіццё. Выхаванне гендэрнай культуры, выхаванне маральнасці. Вось, уласна, на гэтым робім акцэнт, і гэта бярэм у аснову”.

Тое, што кнігу не рэкамендавала Міністэрства адукацыі, пацвердзіла Еўрапейскаму радыё і складальніца дапаможніка Людміла Дурэйка. Аднак дрэннай гэтую кнігу жанчына не лічыць:

“Гэтая кніга была выдадзеная вельмі маленькім накладам. Пра яе мы з царквой сварыліся ўжо гадоў 10 таму назад. Там нічога дрэннага абсалютна няма. Там пра сяброўства хлопчыкаў і дзяўчынак, метады, як гэта ўсё робіцца, нейкія прыёмы, нейкія формы.

То бок, гэтая кніга абсалютна добрая. Я, напрыклад, яе перавыдала б яшчэ раз. Проста, магчыма, памяняла б назву і прыбрала б апошні раздзел, з-за якога царква апалчылася”.


Кніжку ў першы ж год раздалі ў школы з паглыбленым вывучэннем здаровага ладу жыцця. Іншыя ж школы абыходзіліся іншай літаратурай. Гаворыць настаўніца жодзінскай школы №2 Нэлі Ксяневіч, якая сама распрацавала курс “Сем’язнаўства”:

“Гэта аўтарскі курс, што я рабіла сама і брала кнігі аўтараў, якія на гэтую тэму пісалі, і рабіла тое, што лічыла патрэбным. Полавае выхаванне — гэта неабходная частка. Аднак ёсць такія хістанні з натуралістычнага выкладання, калі вучаць прэзерватывы нацягваць, да вельмі сціплага выкладання, калі нават на ўроках анатоміі чалавеку толкам не расказваюць, што, як і чаму.

Рабіць гэта трэба ў далікатнай форме. Але заплюшчваць вочы на тое, што гэтая праблема існуе, нашмат прасцей. І пасля гэтага паглядзіце, колькі дзяўчаты робяць абортаў. Я з вялізнай павагай стаўлюся да Філарэта. Аднак прапануйце варыянт, які б задавальняў”.


Вось які варыянт прапанаваў ксёндз-магістр Чырвонага касцёлу Уладзіслаў Завальнюк:

“Галоўнае — гэта жывое слова, гэта бацькі”.

А пакуль бацькі падбіраюць правільныя словы, складальнікі кніжак патрэбныя словы знайшлі і надрукавалі.

Фота — jurfix.ykt.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі