Вы тут

Што вядома пра сітуацыю з гродзенцам, якому ампутавалі частку нагі

Дзяніс з дзецьмі / з архіва сям'і

У пятніцу, 23 жніўня, сястра 36-гадовага Дзяніса Лук'янава Дар'я расказала, што яе брату ампутавалі частку нагі. Жыхар Гродна трапіў у бальніцу 9 жніўня з некрозам цягліц на назе. Прагнозы несуцяшальныя: інфекцыя можа паразіць унутраныя органы.

Версія сям'і Лук'янава

Дар'я сцвярджае, што 20 ліпеня а 18:00 супрацоўнікі АМАПа затрымалі Дзяніса п'яным на фестывалі SunDay. А па дарозе ў РАУС міліцыянеры збілі яе брата ў лесе. 23 жніўня ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама Еўрарадыё адказалі, што не ў курсе сітуацыі, і паабяцалі пракаментаваць у панядзелак.

Версія МУС

У панядзелак, 26 жніўня, прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў афіцыйным телеграм-канале міністэрства напісала, што супрацоўнікі АМАПа не затрымлівалі Лук'янава: яны прыбылі на фестываль у 19.30. Дзяжурны нарад адвёў Лук'янава ў палатку для разбору, затым яго даставілі ў РАУС і пасля складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні (Дзяніс быў п'яны і парушаў грамадскі парадак) адвезлі ў медвыцвярэзнік.

"Там яго агледзеў доктар і якіх-небудзь цялесных пашкоджанняў не выявіў. Больш за тое, сам малады чалавек на здароўе не скардзіўся, рухаўся актыўна, што пацвярджаюць запісы з камер відэаназірання. Раніцай пасля поўнага выцверажэння і без скаргаў на здароўе мужчына быў выпісаны з установы", — піша Чамаданава. У якасці доказаў да поста ў "Тэлеграме" прымацаваныя відэа з камер назірання.

Цялесныя пашкоджанні, па версіі МУС, Лук'янаў атрымаў "па ўласнай неасцярожнасці" праз 11 дзён пасля аўтафестывалю, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення. Чамаданава піша, што пра гэта Лук'янаў паведаміў супрацоўнікам упраўлення ўласнай бяспекі МУС па Гродзенскай вобласці, якія ў бальніцу да мужчыны прыйшлі па сваёй ініцыятыве. Дапытвалі Дзяніса Лук'янава, калі ён ачуняў паміж аперацыямі.

У размове з Еўрарадыё Вольга Чамаданава не адказала, як менавіта Дзяніс Лук'янаў атрымаў траўму.

"Я гэтыя падрабязнасці не ўдакладняла. Магчыма, ён ім [супрацоўнікам УУБ. — Еўрарадыё] расказаў, дзе ён упаў, а можа, ён і не памятае. Сказаў, што атрымаў траўму, так, будучы нават як быццам у стане алкагольнага ап'янення, — ён так паведаміў ім. А дзе і як — паверце, у такіх падрабязнасцях няма неабходнасці. Гэта асабістае жыццё чалавека, і ён мае права пра гэта не гаварыць".

Скаргі ў Следчы камітэт, пракуратуру і МУС

Дар'я даслала ў рэдакцыю Еўрарадыё копіі скаргаў на дзеянні супрацоўнікаў АМАПа, якія Дзяніс адправіў 20 жніўня ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці, пракуратуру Гродзенскай вобласці і ў ГУУБ МУС.

У афіцыйным каментарыі Вольга Чамаданава напісала: "Ніякіх заяў і скаргаў ні з боку мужчыны, ні яго сваякоў у органы ўнутраных спраў не паступала. У далейшым па ініцыятыве супрацоўнікаў упраўлення па Гродзенскай вобласці ГУУБ МУС адбыліся зносіны з грамадзянінам Лук'янавым". Яна таксама пацвердзіла гэта ў размове з Еўрарадыё.

У прэс-службе Генеральнай пракуратуры Еўрарадыё расказалі, што ад Лук'янава ў пракуратуру Гродзенскай вобласці паступіла дзве скаргі: на пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (пра знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення) і на дзеянні супрацоўнікаў АМАПа. Апошняя скарга перанакіравана ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.

СК праводзіць праверку

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Ілья Басько 26 жніўня заявіў Еўрарадыё наступнае:

"Па вашым пытанні магу сказаць, што запытаная інфармацыя можа быць даведзена да ведама публікі толькі ў тым аб'ёме, у якім будзе прызнана магчымым, і калі разгалашэнне не будзе супярэчыць інтарэсам папярэдняга расследавання і не будзе звязана з парушэннем правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу. У сувязі з выкладзеным больш нічога не магу пракаментаваць".

Ён прапанаваў нам перазваніць 27 жніўня, аднак за ўвесь дзень ні да аднаго афіцыйнага прадстаўніка СК нам датэлефанавацца не ўдалося.

27 жніўня Дар'я сказала Еўрарадыё, што сям'я Дзяніса Лук'янава не хоча выносіць падрабязнасці сітуацыі ў прэсу. Па словах сястры Дзяніса, следчы ўжо дапытаў яго жонку.

Больш за ўсё пытанняў выклікаюць траўмы, атрыманыя Дзянісам Лук'янавым. Па словах дактароў, зыходзячы з апісаных яго стрыечнай сястрой сімптомаў — некроз цягліц і заражэнне крыві, — можна гаварыць пра сіндром працяглага сціскання. Ён узнікае, калі чалавек больш за чатыры гадзіны знаходзіцца ў адной позе і, напрыклад, на канечнасць цісне вага ўсяго цела. Сіндром можа з'яўляцца пры ДТЗ (калі чалавека заціскае ў аўтамабілі) альбо ў людзей з алкагольнай або наркатычнай залежнасцю (калі яны засынаюць ці адключаюцца на цвёрдай паверхні). З іншага боку, да дактароў Дзяніс Лук'янаў звярнуўся не адразу пасля атрымання траўмаў. Па словах яго сястры, некаторы час ён думаў, што боль пройдзе сам.

Дапоўнена: Пасля выхаду матэрыяла Еўрарадыё датэлефанавалася да прадстаўніка Следчага камітэта Сяргея Кабаковіча. Ён распавёў, што па факце скаргі Лук'янава праводзіцца праверка, пра падрабязнасці ён не паведаміў.