Што пісала "Советская Белоруссия" пра "нацысцкую сімволіку" 30 гадоў таму?

Зафіксаваны ваяўнічы плюралізм!
Зафіксаваны ваяўнічы плюралізм!

Вам здаецца, што дыскусія вакол бел-чырвона-белага сцяга — гэта нешта новенькае? На старонках газеты "Советская Белоруссия" такія дэбаты вяліся яшчэ трыццаць гадоў таму.

Але ёсць розніца: тады пра гэтыя сімвалы гаварылі карэктна і прапаноўвалі чытачам азнаёміцца з двума пунктамі гледжання.

"Пункт гледжання" — так і называлася рубрыка, у якой доктар навук Міхась Ткачоў апублікаваў у 1989 годзе свой артыкул "Нацыянальныя сімвалы: народ і гісторыя".

Гэта публікацыя Міхася Ткачова выклікала рэзананс: у наступным нумары газеты былі апублікаваныя яшчэ два матэрыялы на тэму нацыянальных сімвалаў. Аўтар аднаго з іх палемізуе з Ткачовым. Аўтар другога — падтрымлівае гісторыка.

Мы вывучылі гэтыя тэксты і коратка перакажам іх.
 

Чые гэта колеры?

Доктар навук Міхась Ткачоў вырашыў адказаць калегам, якія адмаўлялі беларусам у праве на нацыянальныя сімвалы. Хтосьці тады называў бел-чырвона-белы сцяг "параджэннем ХХ стагоддзя". Хтосьці апеляваў да яго "неславянскага" паходжання і зваў "гербам літоўскіх феадалаў".

"Сярод шэрагу беларускіх гісторыкаў і тых аматараў ад гісторыі — непрафесіяналаў, якія сталі апошнім часам карміцца на гэтай тэме, — даволі доўга існавала і існуе меркаванне, што гістарычных сімвалаў як такіх у беларусаў не было і няма. Такі вось безаблічны і "негістарычны" народ", — піша гісторык.

Что писала “Советская Белоруссия” о “нацистской символике” 30 лет назад?
Колькі гадоў дыскусіям пра бел-чырвона-белую сімволіку? Шмат

Ткачоў лічыць, што вытокі пазнейшай беларускай, рускай і ўкраінскай сімволікі варта шукаць у X–XIII стагоддзях. А прычыны з'яўлення ў гэтай сімволіцы белага і чырвонага колераў — яшчэ раней, у часы індаеўрапейскай супольнасці.

Ужо тады ў плямёнаў гэтыя колеры шанаваліся асабліва. Толькі невялікі прыклад: ужо першыя славянскія паганскія храмы драпіраваліся чырвоным. А святары ў гэтых храмах насілі белае, вышытае золатам адзенне, на якое надзявалі чырвоны пояс.
 

"Раздаваць направа і налева святыні", або Хто прыдумаў вершніка?

Ткачоў спрачаецца і з тымі, хто лічыць, што герб "Пагоня" — не спрадвечна беларускі.

"Ці трэба так спяшацца раздаваць налева і направа нацыянальныя святыні народа?" — піша гісторык і тлумачыць, што "пагоня" — гэта найстаражытнейшая ўсходнеславянская традыцыя.

Что писала “Советская Белоруссия” о “нацистской символике” 30 лет назад?
Гісторык падкрэслівае: беларускія землі ўвайшлі ў ВКЛ не пад прымусам / Еўрарадыё

"Кожны адказваў за жыццё свайго супляменніка. У выпадку нечаканага нападу і захопу ў палон праціўнікам прадстаўніка дадзенага племя або жыхара паселішча кожны мужчына, які меў права насіць зброю, абавязаны быў конна або пехатой кінуцца ў пагоню за ворагам, каб адбіць палоннікаў", — тлумачыць Ткачоў.

Адсюль і ўзяўся на будучым гербе вершнік на кані, які кідаецца ў пагоню. А пазней традыцыя пагоні пачала ператварацца ў ідэалогію. Тады яна і набыла свой сімвал.

Упершыню беларуска-літоўскія летапісы паведамляюць пра гэты герб каля 1270 года. Ён узнік як княжацкі і гарадскі герб Навагрудка.

Пазней, згодна са статутамі ВКЛ 1566 і 1588 гадоў, кожны павет быў абавязаны мець пячатку з "Пагоняй". Сам жа герб размяшчаўся на вежах усіх магістратаў беларускіх гарадоў. Тады ж з'явіўся і сцяг — пурпуровае палотнішча з выявамі "Пагоні" і Маткі Боскай з немаўляткам, піша гісторык.

Что писала “Советская Белоруссия” о “нацистской символике” 30 лет назад?
У познім Савецкім Саюзе можна было выказаць "пункт гледжання" / Еўрарадыё

А ў пачатку XVI стагоддзя пачалі з'яўляцца сцяжкі і вымпелы з каляровай гамай герба, піша Ткачоў. Упершыню відарыс бел-чырвона-белых сцяжкоў мы бачым у конніцы ВКЛ, якая ўдзельнічала ў бітве пад Оршай у 1514 годзе. Убачыць гэтае палатно можна ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Варшаве, Фарбы яшчэ не пабляклі.

Что писала “Советская Белоруссия” о “нацистской символике” 30 лет назад?
Гравюра "Бітва пад Оршай" / палатно невядомага аўтара

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай нацыянальныя сімвалы чакаў няпросты лёс. Але раз-пораз іх відарысы дзесьці сустракаліся.

Так, герб і сцяг, па некаторых звестках, выкарыстоўваліся дэмакратычным беларускім студэнцтвам у Пецярбургу пры правядзенні культурных вечароў у пачатку ХХ стагоддзя. А Беларускае таварыства імя Францішка Скарыны каля 1915 года выдавала паштоўкі, на якіх партрэт першадрукара быў абрамлены стужкай з нацыянальных колераў.

А ў 1917 годзе мінская прэса пісала, што ў горадзе правялі "Дзень беларускага значка". Там распрадавалі відарысы бел-чырвона-белага сцяга, а грошы перадалі ў фонд беларускай прэсы.

"Рэзюмуючы ўсё вышэйсказанае, варта прызнаць, што задоўга да 25 сакавіка 1918 года, даты абвяшчэння БНР, Пагоня і сцяг нацыянальных колераў самым шырокім чынам выкарыстоўваліся беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам", — піша гісторык.
 

Сімвалы не вінаватыя?

Прайшоўшы эпоху ВКЛ і Рэчы Паспалітай, расказаўшы, што сцяг прыдумалі не ў БНР, гісторык непазбежна прыходзіць да неабходнасці даць тлумачэнні. Маўляў, а як жа вайна і калабаранты?

"Але ці вінаватая сімволіка, калі яе спрабавалі выкарыстаць у сваіх антынародных мэтах тыя, у каго на руках была кроў суайчыннікаў? Мы можам і павінны толькі дадаць да іх злачынстваў і гэта злачынства — святатацтва, асудзіць яго і іх, якія спрабавалі дакрануцца да гэтай гістарычнай глыбы, завалодаць ёю і нажыць на ёй свой капітал Іуды. Але ў чым віна нацыянальнай сімволікі? Хіба здраднікі і пыталіся ў народа права на здзекі над яго нацыянальнымі святынямі?" — піша Ткачоў.

Что писала “Советская Белоруссия” о “нацистской символике” 30 лет назад?
"Варта цалкам адназначна зазначыць, якія бяздоказныя сцверджанні, што быццам бы пад аховай сімволікі беларускія карныя паліцэйскія батальёны знішчалі мірных жыхароў. <> Аўтар афіцыйна звярнуўся ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з просьбай аказаць дапамогу ў атрыманні матэрыялаў, якія б дакументавалі вышэйназваныя заявы. Аднак у музеі, нягледзячы на калектыўныя пошукі яго супрацоўнікаў, не выяўлена такіх дакументаў"

Аўтар заклікае пагадзіцца з тым, што "сімвалы ні ў чым не вінаватыя". Таксама як і іншая сімволіка — дзяржаўная і вайсковая, — пад якой людзі знішчаліся ў гады рэпрэсій.

"Нацыянальныя колеры, што прызнавалася і прызнаецца ўсім цывілізаваным светам, вызначаюцца не рашэннем інстытутаў улады, а ўзятыя з традыцый народа. Яны жывуць у свядомасці нацыі і таму несмяротныя. Яны могуць памерці толькі з народам, з якім іх звязвае лёс", — рэзюмуе Міхась Ткачоў.

Па яго просьбе ганарар за гэты артыкул, апублікаваны больш за трыццаць гадоў таму ў двух нумарах "Советской Белоруссии", быў перададзены ў фонд "Дзеці Чарнобыля".

У тым жа годзе, у якім быў апублікаваны гэты артыкул, Міхась Ткачоў выйшаў з партыі. Папярэдне ён абіраўся кандыдатам у народныя дэпутаты СССР, але расчараваўся ў палітыцы. У наступныя некалькі гадоў ён удзельнічаў у стварэнні "Мартыралога Беларусі" — арганізацыі, якая займалася зборам інфармацыі пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій, уваходзіў у аргкамітэт БНФ.
 

"Досыць падганяць гісторыю"

Намеснік начальніка галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР Аляксандр Міхальчанка ў наступным жа нумары газеты апублікаваў адказ Ткачову. А пачаў з прызнання — з "вялікай цікавасцю прачытаў артыкул". Але далей уступае ў палеміку з аўтарам.

"Калі мы паважаем уласную гісторыю, мы павінны быць аб'ектыўныя і дакладныя. Досыць яе падганяць пад палітычныя канцэпцыі", — піша Міхальчанка і пералічвае старонкі, якія "не выкінуць з гісторыі".

Что писала “Советская Белоруссия” о “нацистской символике” 30 лет назад?
Газета магла сабе дазволіць не адзін, а адразу некалькі пунктаў гледжання / Еўрарадыё

"Як пад харугвамі з "Пагоняй" гвалтоўна заганяліся ў ВКЛ паўночна-заходнія землі ўжо абяскроўленай татарамі Кіеўскай Русі, як вяліся братазабойчыя войны з Галіцка-Валынскім княствам, захопліваліся землі паўночна-ўсходняй Русі. Пад знакам "Пагоні" Радзівіл знішчаў атрады, якія фармаваліся ў асноўным з беларускага сялянства, што паўстала супраць феадальнага прыгнёту", — піша Міхальчанка.

Аўтар не спрачаецца з магчымасцю з'яўлення ў пачатку ХХ стагоддзя эмблем, выкананых у бела-чырвоных колерах, аднак заклікае не ставіцца да іх як да палітычнага сімвала. Які, лічыць Міхальчанка, з'явіўся толькі ў 1918 годзе.

Але тады што ж намалявана на гравюры "Бітва пад Оршай"? Што заўгодна, лічыць аўтар артыкула.

"Мо татарская конніца, прыцягнутая да бітвы? Мо хрысціяне, якія такім чынам падкрэсліваюць сваю прыналежнасць да праваслаўя? Або гэта звычайная фантазія мастака? Нядаўна ў адной з тэлеперадач ЦТ расказвала пра ААЭ. І раптам глядач убачыў над арабскай крэпасцю бел-чырвона-белы сцяг. Дык што, і ў гэтым выпадку мы павінны весці гаворку пра беларускую сімволіку?"

Пра што б ні пісаў гісторык, мы разумеем, што рана ці позна ён дойдзе да вайны. І тут Міхальчанка піша, што Ткачова можа падтрымаць толькі ў адным: ніводнае спалучэнне колераў само па сабе не можа быць добрым ці злым.

Аднак нацыянальнымі сімваламі, лічыць ён, павінны быць "незаплямленыя сцягі і эмблемы". І расказвае, чым сябе запляміў бел-чырвона-белы сцяг.

Что писала “Советская Белоруссия” о “нацистской символике” 30 лет назад?
Генкамісар Беларусі 27.VII.42 выдаў наступнае распараджэнне: "Я дазваляю ў Генеральным камісарыяце Беларусі нацыянальны адзнак і эмблемы Беларускія пры розных урачыстасцях і для распазнання нацыянальнасці беларускай побач нямецкіх адзнакаў на дамох вывешваць і насіць"

"Калі верыць фактам, сімволіка актыўна выкарыстоўвалася ў дні нараджэння фюрара, пачатку вайны, на прызыўных пунктах "Беларускай краёвай абароны".

Гісторыкі — Міхальчанка і Ткачоў — уступаюць у завочную палеміку. Прывядзём для параўнання вытрымкі з артыкула, якія апісваюць стаўленне двух спецыялістаў да выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга "Саюзам беларускай моладзі".

Что писала “Советская Белоруссия” о “нацистской символике” 30 лет назад?
Злева — пазіцыя намеснік начальніка галоўнага архіва Міхальчанкі, справа — доктара навук Ткачова / Еўрарадыё

Рэзюмуючы сваю пазіцыю, Міхальчанка заклікае не "замыкацца на рэанімаванні старога".

"Паняцце "нацыянальная сімволіка" шырэйшае, чым "Пагоня" і вядомы сцяг. Хіба старажытнабеларускія помнікі архітэктуры, не дагледжаныя ў тым ліку, бясцэнныя "першадрукі" Скарыны, рэліквіі барацьбы беларусаў за сваё нацыянальнае прызнанне — не нашы нацыянальныя сімвалы?"

 

Дык ці хадзіў пад бел-чырвона-белым сцягам Каліноўскі?

Ёсць у беларускай гісторыі два вечныя пытанні: хто хадзіў пад бел-чырвона-белым сцягам у Вялікую Айчынную вайну і ці хадзілі пад ім паўстанцы Каліноўскага. На гэту тэму гісторыкі таксама паспрачаліся на старонках "Советской Белоруссии".

Ткачоў піша, што з дзён апошняга падзелу Рэчы Паспалітай і да часоў паўстання Кастуся Каліноўскага не магло нават гаворкі ісці пра выкарыстанне на тэрыторыі Беларусі старажытных сімвалаў.

"Само згадванне Беларусі і яе назвы было забаронена Мікалаем I", — піша гісторык. А вось паўстанне Каліноўскага, паводле яго слоў, вярнула сімвалы да жыцця.

Что писала “Советская Белоруссия” о “нацистской символике” 30 лет назад?
Кастусь Каліноўскі

Спачатку паўстанцы дзейнічалі пад польскім сцягам і двума гербамі — "Арлом" i "Пагоняй". Але пасля разрыву з "белымі" ўдзельнікамі паўстання Каліноўскі стварае новую пячатку для рэвалюцыйнай арганізацыі "Літоўскі камітэт" з відарысам толькі "Пагоні".

"Адначасова ён адмаўляецца і ад польскага сцяга. Мы выказваем меркаванне, што Каліноўскі, як патрыёт сваёй зямлі, як высокаадукаваны чалавек, не мог не звярнуцца да старажытнага, гэта значыць бел-чырвона-белага сцяга. Дакументы пра гэта пакуль маўчаць, але нашу думку ўскосна пацвярджаюць некаторыя факты.

Вядома, што ў 1870 годзе паўстала Тэрбацкае студэнцкае братэрства младалатышоў, якое абмяркоўвала будучыню Латвіі і вырашала пытанне пра нацыянальны сцяг. Было прапанавана разгледзець і варыянт бел-чырвона-белага сцяга. Аднак ад яго неўзабаве адмовіліся, бо "ў такой камбінацыі ён супадаў са сцягам беларусаў". У выніку младалатышы спыніліся на спалучэнні чырвона-бела-чырвонага колераў".

У сваім артыкуле ў адказ Міхальчанка піша, што як гісторык-архівіст ён звярнуўся ў Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Латвійскай ССР. Архівістаў папрасілі знайсці ў архівах Тэрбацкага студэнцкага братэрства младалатышоў дакументы, якія пацвярджаюць абмеркаванне колераў сцяга.

"Калегі праштудзіравалі ўвесь комплекс архіўных матэрыялаў і засмуцілі нас", — піша Міхальчанка.

Тады архівісты пракансультаваліся з Акадэміяй навук Літвы. Там ім расказалі, што ў пачатку ХХ стагоддзя латышскія палкі адмовіліся ад бел-чырвона-белага сцяга. Праз падабенства з сімволікай аднаго з праціўнікаў — Аўстра-Венгрыі.

"Так і не здолелі мы знайсці дакументальныя сведчанні таго, што хоць бы адна агульнанацыянальная падзея да ХХ стагоддзя праходзіла пад бел-чырвона-белым сцягам", — піша архівіст.

Мы можам толькі выказаць здагадку, што на гэтым спрэчка — і не толькі завочная, на старонках газеты — не скончылася. У познім СССР гісторыкі, як бачым, маглі свабодна выказваць, даказваць і спрачацца пра свае погляды.
 

Татальны плюралізм

Гэта не адзіныя матэрыялы, апублікаваныя ў адной з галоўных дзяржаўных газет і прысвечаныя нацыянальнай сімволіцы. Напярэдадні газета "Звязда" правяла цэлы круглы стол, сабраўшы экспертаў.

Рэзюмуючы гэтыя гарачыя дэбаты, прывядзём іншы водгук на артыкул Міхася Ткачова, які да пэўнай ступені прымірае непрымірымых удзельнікаў дыспуту.

Что писала “Советская Белоруссия” о “нацистской символике” 30 лет назад?
"Яна [сімволіка. — Еўрарадыё] фармавалася на працягу многіх стагоддзяў, і бывала так, што часам яна аказвалася ў нячыстых руках. Так здарылася і ў гады фашысцкай акупацыі. Наша задача — ацаніць гэты факт аб'ектыўна і сумленна" / Еўрарадыё

“Для беларускага народа, які перанёс усе жахі вайны, усякая сувязь з фашызмам выклікае натуральны пратэст і абурэнне. Гэта трэба зразумець, і гэта цалкам заканамерна. Але разам з тым нам трэба зрабіць цяжкі крок на шляху ўсведамлення сітуацыі, у якой апынулася наша старажытная сімволіка. Яна фармавалася на працягу многіх стагоддзяў, і бывала так, што часам яна аказвалася ў нячыстых руках. Так здарылася і ў гады фашысцкай акупацыі. Наша задача — ацаніць гэты факт аб'ектыўна і сумленна".

Не слухайце старажытных парад — смела чытайце савецкія газеты да сняданку. Калі, вядома, плюралізм вас не шакуе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі