Вы тут

Што не так з дакументамі на БелАЭС і хто іх будзе аднаўляць

Эвакуатары​ / Фото: Еўрарадыё

На сайце дзяржзакупак ёсць дзіўны тэндар на "аказанне паслуг па аднаўленні, вядзенні і здачы выканаўчай дакументацыі на аб'ектах будаўніцтва Беларускай АЭС". Заказчык — "НИКИМТ-Атомстрой", прадпрыемства расійскай дзяржкарпарацыі "Росатом".

Аб'ём паслуг, якія пастаўляюцца: 2340 чалавека-гадзін або 3 чалавекі на 78 дзён на 10-гадзінны працоўны дзень. У тэндары пазначаны кошт работ — амаль 43 тысячы долараў. Інакш кажучы, прыкладна па $5 тысяч у месяц на кожнага нанятага супрацоўніка.

Гэта нармальна, што з дакументацыяй на будаўніцтве Беларускай АЭС нешта не ў парадку? Што для таго, каб здаць атамную электрастанцыю ў Астраўцы, пашпарты і іншыя дакументы пра якасць матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве, павінна будзе аднаўляць і весці нейкая нанятая фірма?

У "НИКИМТ-Атомстрой" адмовіліся адказваць на любыя пытанні Еўрарадыё, звязаныя з гэтым тэндарам. У беларускім Мінэнерга тэндар таксама не каментуюць — не іх кампетэнцыя. У дырэкцыі БелАЭС кажуць, што да тэндара не маюць ніякага дачынення.

Раз ужо ніхто з афіцыйных асоб тэндар пракаментаваць не хоча — мы папрасілі каментар у знаёмага прараба, які працуе на будоўлях буйных аб'ектаў у Мінску. Ну а што нам яшчэ заставалася? 

No honey — no money

Без аформленай належным чынам выканаўчай дакументацыі заказчык не стане аплачваць праект падрадчыку. Інакш кажучы, пакуль дакументы не будуць гатовыя, Беларусь не заплаціць Расіі за пабудаваную АЭС. А магчыма, і запускаць без іх не стане. Нядаўна стала вядома, што запуск станцыі зноў перанеслі — на 2021 год. Непрыемная сітуацыя для расіян: бо фармальна беларусы маюць рацыю і запускаць АЭС без дакументаў нельга!

Адборачная стадыя разгляду заявак пройдзе 9 ліпеня, ацэначная стадыя (падвядзенне вынікаў) — 17 ліпеня, а дамова будзе заключана на працягу 10-20 дзён пасля падвядзення вынікаў. Гэта значыць не раней 27 ліпеня.

Калі да 27 ліпеня дадаць 78 дзён, адведзеныя на работы, атрымліваецца, што дакументацыю здадуць самае ранняе — 13 кастрычніка. Пэўны час (пару месяцаў) пойдзе на тое, каб прыняць дакументы. Вось і атрымліваем ужо амаль 2021 год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.