Што можа змяніцца ў сістэме адукацыі пасля педсавета з удзелам Лукашэнкі

Што можа змяніцца ў сістэме адукацыі пасля педсавета з удзелам Лукашэнкі

Рэспубліканскі педсавет разам з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам і іншымі чыноўнікамі, у тым ліку сілавікамі, агулам наведала каля 800 працаўнікоў адукацыі. На ім агучваліся праблемы ў адукацыі, а таксама анансаваліся рэформы, якія закрануць садкі, школы, гімназіі, універсітэты.

Якія рэформы анансавалі чыноўнікі

1. ВНУ. Скараціць набор студэнтаў і колькасць выкладчыкаў

Міністр адукацыі Ігар Карпенка прапануе аптымізаваць ВНУ “згодна з іх профілем”. Гэта азначае скарачэнне месцаў ва ўніверсітэтах. Раней падлічваць, колькі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй трэба эканоміцы, даручылі Мінэканомікі і Мінпрацы. Яшчэ раней гэтым займалася Мінадукацыі. У выніку скароцяць месцы, на якіх былі праблемы з размеркаваннем. Найчасцей гэта гуманітарныя факультэты, спецыяльнасці, звязаныя з культурай, дызайнам, піярам.

Аляксандр Лукашэнка прапануе скараціць месцы на няпрофільных для канкрэтнай ВНУ спецыяльнасцях, перадае Белта. А таксама аднавіць прафесарска-выкладчыцкі склад. Гэта значыць, што разам з месцамі скароцяць выкладчыкаў.

Будуць змены і для абітурыентаў. Па-першае, кіраўнік краіны абавязвае загадзя інфармаваць іх аб правілах паступлення. А па-другое, да тэставання прапануюць дадаць прафесійнае сумоўе і ўнутраныя экзамены. Праўда, пакуль няясна, калі і на якіх спецыяльнасцях.

2. Школа. Тэст замест выпускнога экзамену

Вусныя і пісьмовыя выпускныя экзамены ў школах і гімназіях міністр Ігар Карпенка прапануе замяніць “комплексным агульнаадукацыйным тэстам”. Падобная форма выкарыстоўваецца ў суседняй Расіі. Але там адзіны дзяржаўны экзамен здаюць і як выпускны, і як уступны для ўніверсітэтаў.

Да 5-бальнай сістэмы ўсё ж могуць не вярнуцца. Аляксандр Лукашэнка пасля кансультацыі са сваім малодшым сынам, школьнікам Мікалаем, назваў гэтае пытанне “нетэрміновым” і адзначыў, што вучні ўжо прывыклі да 10 балаў.

Больш рэформаў чакае гімназіі. Міністр крытыкуе іх за “неабгрунтаваную элітарнасць”. Паводле Ігара Карпенкі, для выбару прафесіі патрэбны больш сталы ўзрост, а цяпер у гімназіі паступаюць пасля 4-га класа. Гэта значыць, што школьнікам могуць прапанаваць выбар спецыялізацыі пазней за 4-ы клас. А да гэтага часу яны будуць вучыцца па агульнай праграме.

Агульную сярэднюю адукацыю могуць зрабіць абавязковай. Цяпер вучань можа правесці ў школе 9 гадоў і сысці. Калі змены будуць прынятыя, усім давядзецца абавязкова вучыцца 11 гадоў.

4. Прафесійныя вучэльні заменяць каледжамі

Прафесійныя вучэльні заменяць каледжамі. Гэта яшчэ адна з прапаноў Мінадукацыі. Але гэта ўжо і так фактычна ёсць. Прафесійна-тэхнічных вучэльняў амаль не засталося. Цяпер гэта прафесійныя ліцэі ці каледжы.

5. Настаўнікі. Павысіць заробак, скараціць залішнюю працу

Асноўным працаўнікам адукацыі зноў паабяцалі шмат пазітыўных зменаў. Аляксандр Лукашэнка заклапаціўся і пра заробкі, і пра залішнюю папяровую працу. Праблема ў тым, што праз залішнюю працу гавораць ужо 10 гадоў, а зменаў няма. Тое самае і з заробкам.

Гэтым разам заробак настаўнікам паабяцалі павысіць у наступным годзе.

"Міністра адукацыі і віцэ-прэм'ера на апошнім дакладзе я выразна папярэдзіў: у наступным годзе праблема скаргаў настаўніка на нізкі заробак павінная быць знятая... Павінная быць такая зарплата, каб вам, ведаючы аб'ём працы, які вы выконваеце, сорамна было б ставіць пытанне аб павышэнні заробкаў", — выказваецца Аляксандр Лукашэнка.

А для маладых спецыялістаў, якія размяркоўваюцца ў садок, паабяцалі “стварыць усе ўмовы”, каб тыя заставаліся там працаваць пасля абавязковага размеркавання. 

Але чакаюць настаўнікаў і непрыемнасці. Мінадукацыі прапануе абавязаць настаўнікаў паведамляць наймальніку, што яны займаюцца рэпетытарствам. Выпадкі, калі сябра прыёмнай камісіі займаецца рэпетытарствам, Ігар Карпенка называе “завуаляванай карупцыяй”. Гэта можа моцна адбіцца на магчымасці настаўнікаў дадаткова зарабляць. Бо адміністрацыі школ, гімназій і ВНУ з асцярогай паставяцца да такой дадатковай працы сваіх падначаленых.

Таксама настаўнік мусіць “жыць тым жыццём, якім жыве яго вучань”.

"Настаўнік павінен жыць тым жыццём, якім жыве яго вучань. Усюды гэта сёння ёсць? Пытанне рытарычнае. Падумайце над гэтым. Гэта аб адзінстве працэсу адукацыі і выхавання", — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. Значыць, настаўнікі, як і раней, будуць хадзіць па кватэрах.

6. Падручнікі

Новыя падручнікі для ўсіх класаў абяцаюць выпусціць да 1 верасня 2019 года, то бок праз год. Але Аляксандр Лукашэнка шчыра прызнаецца: “Можа быць, яны не будуць адпавядаць патрабаванням у 2019 годзе”. Падручнікі збіраюцца ўвесь час дапрацоўваць, а аўтарам “добра заплаціць” і далучыць да працы настаўнікаў-наватараў.

7. Інтэрнэт

Міністр адукацыі Ігар Карпенка абяцае правесці высакахуткасны інтэрнэт у кожную школу. А Аляксандр Лукашэнка — кантраляваць шкодныя рэсурсы. Гаворка ідзе пра сацсеткі, у якіх некалькі гадоў таму пачалі распаўсюджвацца “групы смерці” — кам’юніці, якія нібыта прымушаюць падлеткаў скончыць жыццё самагубствам.

Абяцанні чыноўнікаў звыклыя: заробкі, пазбаўленне залішняй працы, добрыя ўмовы для прафесійнай дзейнасці. А вось некаторыя прапановы рэформаў краіна пачула ўпершыню. Ні слова не было сказана аб вывучэнні гэтых рэформаў, іх апрабацыі і магчымых выніках. 

Падводзім вынікі рэспубліканскага педсавета разам з педагогам, стваральнікам праекта "Паласатая газета" Ганнай Граноўскай:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі