Што аб'ядноўвае Сірыю і "экспертаў па ракетах" з Беларусі? Каментарый эксперта

stanislav-05.livejournal.com
stanislav-05.livejournal.com

15 красавіка ізраільская выведка паведаміла пра беларускіх "экспертаў па ракетах, забітых ці параненых” 13 красавіка падчас авіяўдару па Сірыйскім цэнтры навуковых даследаванняў і распрацовак у горадзе Мас’яф. Рэакцыя беларускіх афіцыйных асоб на гэтае паведамленне была прадказальнай. У каментарыі Еўрарадыё прэс-служба Міністэрства абароны паведаміла, што ніводнага беларускага вайскоўца ў Сірыі няма — толькі ваенны аташэ. Беларускі МЗС абверг гібель беларусаў у Сірыі, а распаўсюджаную ізраільскім сайтам Debka інфармацыю назваў фальсіфікацыяй.

І ўсё ж, што аб'ядноўвае Сірыю і "экспертаў па ракетах" з Беларусі? Зранку 16 красавіка сітуацыю ў сваім телеграм-канале пракаментаваў беларускі вайсковы эксперт Ягор Лебядок.

Что объединяет Сирию и “экспертов по ракетам” из Беларуси? Комментарий эксперта
Ягор Лебядок / vk.com/lebiadok

"Белзнешпрамсэрвіс" ні пры чым?

Па звестках ізраільцян, спецыялісты з Беларусі і Паўночнай Карэі займаліся мадэрнізацыяй ракет наземнага базавання і устаноўкай сістэм навігацыі для сірыйскай арміі і ваенізаванай арганізацыі "Хезбала". Таксама паведамлялася, што большасць беларускіх ваенных спецыялістаў трапіла ў Сірыю праз дзяржаўную кампанію "Белзнешпрамсэрвіс".

Па словах Ягора Лебядка, "Белзнешпрамсэрвіс" займаецца экспартам практычна ўсіх комплексаў і боепрыпасаў ракетна-артылерыйскага ўзбраення. Прадпрыемства таксама прапануе правядзенне ў інтарэсах заказчыка навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ па стварэнні і мадэрнізацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі. "Белзнешпрамсэрвіс" аказвае паслугі па рамонце комплексаў і асобных узораў ўзбраення, тэхнікі ў заказчыка з наступным суправаджэннем і гарантыйным абслугоўваннем, займаецца арганізацыяй навучання спецыялістаў для ўзброеных сіл.

"Мяркуючы па пералічаных паслугах, "Белзнешпрамсэрвіс" цалкам можа займацца ракетнымі тэхналогіямі, па меншай меры, у частцы мадэрнізацыі савецкіх узораў, а такія пункты, як выкананне работ на тэрыторыі заказчыка і падрыхтоўка спецыялістаў, цалкам маглі б прывесці да прысутнасці супрацоўнікаў за мяжой", — рэзюмуе Ягор Лебядок.

 

Что объединяет Сирию и “экспертов по ракетам” из Беларуси? Комментарий эксперта
Reuters

Замежныя СМІ і раней звязвалі "Белзнешпрамсэрвіс" з Сірыйскім цэнтрам навуковых даследаванняў і распрацовак. Згодна з публікацыямі ізраільскага часопіса The Times of Israel (2017 год) і брытанскага часопіса Jane's Defence Weekly (2014), Беларусь супрацоўнічае з Сірыяй у частцы мадэрнізацыі ракет малой і сярэдняй далёкасці M600 і Scud-D (мадэрнізаваны варыянт савецкага комплексу 9К72 "Эльбрус"). Аснова мадэрнізацыі — паляпшэнне сістэм навядзення. Таксама, па дадзеных гэтых выданняў, "Белзнешпрамсэрвіс" у 2012 годзе вёў перамовы па стварэнні ў Сірыі прамысловага падраздзялення па распрацоўцы і вырабе гіраскопаў на аснове аптавалакна. Апошнія з'яўляюцца асноўнымі элементамі сучасных інерцыйных сістэм навядзення, заўважае Ягор Лебядок.

Зрэшты, сучасная журналістыка можа працаваць "у адваротны бок": сайт Debka ў публікацыі 2019 года можа пералічваць беларускія актыўнасці ў Сірыі, абапіраючыся не на свежыя факты, а на больш раннія публікацыі. Той выпадак, калі не хочацца, каб залікоўка працавала на цябе, але пазбавіцца ад яе ўжо не атрымаецца.

Пенсіянеры-фрылансеры

Ягор Лебядок звяртае ўвагу на тое, што беларусы могуць развіваць у Сірыі тэхналогіі падвойнага прызначэння і без удзелу "Белзнешпрамсервісу". Напрыклад, распрацоўкай згаданых аптычных гіраскопаў займаюцца ў БДУІР і БНТУ. Гэта не кажа пра патэнцыйны удзел беларускіх універсітэтаў у сірыйскай ваеннай праграме, а толькі сведчыць, што "Белзнешпрамсэрвіс" — далёка не адзіная арганізацыя, дачыненне да якой могуць мець беларускія "эксперты па ракетах".

Таксама выклікае пытанні характар ​​гэтага дачынення.

"Зыходзячы з вопыту і кампетэнцый, на паказаным аб'екце маглі знаходзіцца беларусы для выканання тых ці іншых работ, звязаных з ракетнымі і іншымі тэхналогіямі ваеннага прызначэння. Але гэта маглі быць не абавязкова штатныя супрацоўнікі "Белзнешпрамсэрвісу", а, напрыклад, гэта маглі быць супрацоўнікі ўстаноў адукацыі і навукова-вытворчых цэнтраў, якія звольніліся, прычым паехаць у Сірыю яны цалкам маглі самастойна для заробку, а не ад арганізацыі", — рэзюмуе Ягор Лебядок.

У гэтым кантэксце каментарыі беларускага Міністэрства абароны і прадстаўнікоў Дзяржкамваенпрама пра тое, што беларускіх вайскоўцаў і прадстаўнікоў "Белзнешпрамсервісу" у Сірыі няма, не супярэчаць звесткам, апублікаваным ізраільскай разведкай.

Что объединяет Сирию и “экспертов по ракетам” из Беларуси? Комментарий эксперта
Руководители Сирии и Беларуси Башар Асад и Александр Лукашенко/БелТА

Ягор Лебядок дадае, што ў 2012 годзе Мінфін ЗША абвінаваціў "Белзнешпрамсэрвіс" у пастаўках у Сірыю узрывальнікаў для авіяцыйных бомб праз сірыйскае ваеннае прадпрыемства Army Supply Bureau. Амерыканскае ведамства ўвяло санкцыі супраць беларускага прадпрыемства. Нягледзячы на ​​тое, што афіцыйны Менск не прызнаў абвінавачанні, у 2016 годзе санкцыі былі працягнутыя. Тое, што "Белзнешпрамсэрвіс" ў 2016 годзе вёў актыўную працу на сірыйскім напрамку, адзначана на партале падтрымкі экспарту Беларусі, дадае Ягор Лебядок.

Працяг будзе

Debka абяцае падрабязна асвятліць удар па Сірыйскага цэнтра навуковых даследаванняў і распрацовак 19 красавіка. Магчыма, стануць вядомыя новыя падрабязнасці пра "загінулых і параненых" беларусах у Сірыі, якіх афіцыйна там няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі