Шпілеўскі: Каб Глеб перайшоў у “Барсу”, Гвардыёла не злазіў з тэлефона

Аднак у Іспаніі замест футбола беларусу прапанавалі вучыць каталонскую мову. Мэнэджар Аляксандра Глеба ў інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў пра тое, што замінае нашым футбалістам гуляць у Еўропе і хто можа паўтарыць поспех беларускага Сашы, прыгадаў, як пазнаёміўся з Глебам, а таксама падзяліўся рэцэптам поспеху футбольнага агента. Еўрарадыё: Глеб усё ж сыходзіць з “Барселоны”?

Мікалай Шпілеўскі: Гэта так ці інакш вырашыцца да 31 жніўня. Ёсць вельмі сур’ёзныя прычыны на тое, каб Саша памяняў клуб.

Еўрарадыё: Гвардыёла дагэтуль точыць на яго зуб?

Мікалай Шпілеўскі: Я адно скажу: Глеб — гэта топ, і ён мусіць гуляць у "Барселоне". Але тое, што яму не дадуць там гуляць, гэта зразумела. Зразумела ўсім. Так, спачатку ў яго быў перапынак на тры месяцы, які яго крыху збіў з панталыку. Пасля — траўма ў першай жа гульні за “Барсу”... Клуб набраў форму без яго, а пасля ён пра гэта ўсё пагаварыў з Пепам Гвардыёляй не ў тым тоне... Адно за адно, і ўвесь гэты негатыў выліўся ў тое, што мы развітваемся з “Барселонай”.

Пазней, у фінале Лігі чэмпіёнаў, Гвардыёла ў склад каманды з палітычных меркаванняў узяў каталонскіх хлопчыкаў, каб усяму свету, і ў тым ліку мадрыдскаму “Рэалу”, паказаць: мы не набываем гульцоў, у нас свая школа, і мы так высока ўзняліся... Гэта была для Сашы чарговая аплявуха. Кожны футбаліст, які сябе паважае, у такой сітуацыі патлумачыў бы трэнеру свае прэтэнзіі. І Глеб яму ўсё сказаў.

Мікалай Шпілеўскі

Даводзілася сутыкацца з момантамі, якія немагчыма патлумачыць. Каталонцы гатовыя набыць зорнага гульца, пакінуць яго ў запасе і паказваць сваёй моладзі. І казаць: вы, хлопцы, не горшыя за зорак, бо вы гуляеце, і вы каштуеце тых жа грошай! І я ўпэўнены, што сапраўды так робяць... Так было з Ібрагімавічам, якога набылі за шалёныя грошы, 46 мільёнаў еўра плюс Самуэль Это’О, які тады каштаваў 20 мільёнаў еўра. А замест яго ў аснове выходзіў Педра...

Еўрарадыё: Так выкарыстоўвалі і Глеба?

Мікалай Шпілеўскі:
Інакш гэта складана патлумачыць. Калі Саша тэлефануе мне і кажа: Каляша, я ведаю, сур’ёзныя людзі сказалі, што сёння я на трэніроўцы быў супер, чакаю на свой шанец! А шанца няма і няма. Зразумела, што чалавек ад гэтага ламаецца. І яшчэ я зразумеў, што гэта вельмі ганарлівая нацыя. Яны не іспанцы, яны каталонцы. І не нам там пісаць законы.

Еўрарадыё: Глеб некалькі разоў казаў, што “Барселона” — гэта яго мара. Але ці не шкадуе цяпер, што сышоў з “Арсенала”?

Мікалай Шпілеўскі:
Што ўжо цяпер казаць... Жыць з асэнсаваннем, што ў тваіх руках быў кантракт з “Барселонай” і ты ад яго адмовіўся, было б складана. Таму асабіста я ні пра што не шкадую. Для нас гэта была вялікая школа.

Еўрарадыё:
Наколькі Глебу перашкаджаў моўны бар’ер?

Мікалай Шпілеўскі:
Саша для свайго ўзросту сапраўдны паліглот. У яго выдатная нямецкая мова і perfect English, а руская мова дык і ўвогуле для яго родная. Я месяц таму быў у яго ў Барселоне — на бытавым узроўні ён размаўляе і па-іспанску. Але гэта асобная тэма: яго прымушалі вучыць не толькі іспанскую, але і каталонскую мову. А яна істотна адрозніваецца ад іспанскай. І будзем прафесійна шчырыя: Саша папросту не хоча гэта рабіць. І я яго добра разумею. Пеп Гвардыёла, калі Глеб пераходзіў у “Барселону”, не злазіў з тэлефона, усё ўгаворваў яго на трансфер. А пасля нават не патлумачыў, чаму так мала выпускаў Сашу на поле ў той першы год.

“Да апошняга часу ўсе рахункі Глеба былі на мне”

Еўрарадыё: То бок, першае, што можна парэкамендаваць маладым гульцам, якія мараць гуляць у Еўропе, — гэта вучыць мову?

Мікалай Шпілеўскі: Я ў свой час схіляўся да думкі, што нашым, славянскім, футбалістамі трэба гуляць у славянскіх краінах. Моўны бар’ер вельмі актуальны, бо калі ў пэўны момант ты адчуеш сябе чужым і каманда пачне аддаляцца ад цябе — плёну не будзе, ты сам зразумееш, што табе тут няма чаго рабіць. Вельмі важна таксама лёгка інтэгравацца ў іншае грамадства, прыстасоўвацца да іншага ладу жыцця. Калі абмяркоўваецца вялікі трансфер, у гульца абавязкова пытаюцца, ці хоча ён сам пераязджаць ад маці і таты. Бо калі не стварыць футбалісту сямейныя абставіны ў кожным горадзе, дзе ён гуляе, — праблемы пачнуцца абавязкова.

Еўрарадыё:
У якіх узаемаадносінах звычайна менеджэр і футбаліст? Яны калегі, сябры ці сваякі?

Мікалай Шпілеўскі:
Калі ўзаемаадносіны не сямейныя — я з футбалістам не размаўляю. Таму ў мяне па-ранейшаму няшмат футбалістаў. Хаця я ведаю, што ёсць агенты, у якіх сотні кліентаў, якіх яны не памятаюць нават па імёнах. Заключыў кантракт, атрымаў свае камісійныя — і да пабачэння... Можа, так і трэба. Але я бачу сваю працу па-іншаму.

Усе мае фінансы залежаць толькі ад мяне. Зразумела, што мой хлеб — гэта мой хлеб, але я імкнуся да таго, каб адносіны з футбалістамі ў мяне былі вельмі празрыстыя. Таму ўсе мае агенцкія кантракты падчас трансфераў ляжаць перад футбалістамі, хаця я маю права іх не паказваць. А кантракты футбалістаў ляжаць у мяне перад вачыма. І мне вельмі прыемна, што мае футбалісты мне слепа давяраюць. Але з-за гэтага я не маю права на памылку.

Еўрарадыё: Ці лёгка дамагчыся ад футбалістаў такога даверу?

Мікалай Шпілеўскі: Можа, час сёння такі, але даволі часта маладыя людзі пачынаюць зацыклівацца на грошах. Мне з такімі не па дарозе... Я кажу футбалістам: нікуды ад цябе твае грошы не ўбягуць, калі ты будзеш паказваць вынік.

Такога беспраблемнага футбаліста, як Аляксандр Глеб, я не бачыў ніводнага разу ў жыцці. Ён вельмі лёгка ставіцца да фінансаў. Яго вера ў мяне і мая вера ў яго бязмежныя настолькі, што да апошняга часу усе яго рахункі былі на мне. Стасункі, якія ў нас склаліся, — вельмі гарманічныя. Ці, лепш сказаць, былі гарманічныя да яго вяселля. Цяпер ён некаторыя пытанні вырашае сам. Ну што ж, Глеб ужо не хлопчык — 29 гадоў як-ніяк.

“Мая жонка Алена была ў Сашы як маці”

Еўрарадыё: Наколькі жорстка Еўропа абараняе свой футбольны рынак? Бо зразумела, што кожны новы таленавіты футбаліст з такой краіны, як Беларусь, займае месца, на якім дагэтуль быў іншы гулец...

Мікалай Шпілеўскі: Трэба сказаць, што спярша нам у Еўропе было несалодка. Прыехалі два юнакі — я маю на ўвазе Аляксандра і Вячаслава Глеба — з краіны, дзе няма агульнай культуры, адпаведнай еўрапейскай. Як апранацца, як і з кім размаўляць, веданне мовы — нічога няма, акрамя таго талента, які ім даў Бог: гуляць у футбол.

Памятаю, на трэніроўках у Штутгарце Саша выглядаў на галаву вышэй за астатніх, але яму не давалі нават шансу выйсці на поле. Па прыходзе Фелікса Магата я прасіў Балакава і Сольда, каб яны паспрыялі. Але Магат — вельмі жорсткі трэнер, і вучыў Глеба паводле жорсткіх правілаў. Трэнер выпрабоўваў яго, і рэакцыя Глеба часам была такая, што Магат яго папросту не хацеў бачыць. Але ўсё ж такі пачаў выпускаць на поле. І праз нейкі час немцы далі Сашу мянушку Моцарт. Бо ўсе на поле выходзяць працаваць, і толькі Глеб — быць геніем.

Еўрарадыё: Знешні выгляд мае вялікае значэнне?

Мікалай Шпілеўскі: У побыце для мяне дробязяў не бывае. Футбольнае жыццё прафесіянала складаецца не толькі з гульняў і трэніровак. Важна, якая аўра вакол гэтага. Таму я хачу сказаць вялікі дзякуй сваёй жонцы Алене, якая была ў Сашы як маці. Усе яе салацікі, харчаванне... Часам Саша быў больш фіксаваны на ёй, чым нават на мне. Ён адчуваў хатнюю абстаноўку. Не было розніцы паміж тым, знаходзіцца ён у бацькоў у Мінску, ці ў нас у Германіі. Мы ўсе імкнуліся зрабіць так, каб яго турбаваў толькі футбол.

Еўрарадыё: Ці стала прасцей “прапаноўваць” беларускіх футбалістаў пасля таго, як Глеб заявіў пра сябе?

Мікалай Шпілеўскі:
Сёння ў базе дадзеных кожнага сур’ёзнага клуба дзясяткі тысяч футбалістаў. На сур’ёзныя клубы працуюць па 10-20 прафесійных скаўтаў. Гэта і праца, і мастацтва. Людзі, адданыя футболу, з вялікім разуменнем справы адсочваюць актыўнасць футбалістаў і дадаюць звесткі ў базу.

Пераход Глеба ў “Арсенал” цягнуўся два гады. 12 скаўтаў “Арсенала” два гады па чарзе назіралі за кожнай яго гульнёй, і кожныя 3 тыдні рабілі сумоўе ў сваім коле, а пасля рыхтавалі справаздачу для Арсэна Венгера. І калі ўсе высновы сышліся ў адну кропку — трэба браць! Тады адбыўся трансфер.

Еўрарадыё: Ці ёсць у гэтых базах беларускія гульцы, акрамя Глеба?

Мікалай Шпілеўскі: Беларусь — ніякае не выключэнне. Беларускія футбалісты прыцягваюць ўвагу еўрапейскіх скаўтаў. Я бачу гэта па Бундэслізе, не кажучы ўжо пра Польшчу, дзе кожны таленавіты беларускі футбаліст, так бы мовіць, на алоўку. Таму казаць, што нехта “прапануе” футбалістаў, — недакладна. Іх не трэба прапаноўваць, звесткі пра іх у клубаў ужо ёсць. Можна ў прыватнай сустрэчы назваць прозвішча, пра якое ўжо ведаюць.

Калі мы праводзілі трансфер Глеба ў “Арсенал”, у клубе ведалі не тое што яго — усю маю біяграфію. Што ў мяне жонка, двое дзяцей. І пра майго партнёра Уле Фербера таксама. Бо “праблемныя” футбалісты, якіх апякуюць незразумелыя структуры, нікому не патрэбныя. Таму футбалістаў правяраюць “ад” і “да”. Нават ад таленавітага футбаліста могуць адмовіцца, калі будзе бачна, што ён прынясе з сабой у клуб нейкі негатыў.

“Футбольны менеджэр пачынаецца са збору даведак: з наркалагічнага дыспансера, з псіханеўралагічнага...”

Еўрарадыё: Прафесія футбольнага мэнэджара ў Беларусі не надта раскручаная... Распавядзіце, як стаць мэнэджарам!

Мікалай Шпілеўскі: Нічога сакрэтнага тут няма. Да мэнэджараў у Федэрацыі футбола ёсць пэўныя патрабаванні. Спачатку збіраем даведкі. З наркалагічнага дыспансера, з псіханеўралагічнага. Даведку пра адсутнасць судзімасцяў. Пасля з працоўнай кніжкай і дыпломам аб вышэйшай адукацыі ідзем на сумоўе і здаем іспыты FIFA. Калі ўсё праходзіць паспяхова — вашыя дакументы з’яўляюцца на сайце Федэрацыі футбола. Аплачваем страхавы поліс на 100 тысяч швейцарскіх франкаў — і пачынаем працаваць.

Еўрарадыё: А асабіста ваш лад жыцця? Вось прачынаецеся вы — і пачынаеце тэлефанаваць: “Ліверпуль”, “Арсенал”...

Мікалай Шпілеўскі: Не, усё не так. Ёсць гаспадарчыя справы — справы маёй нямецкай фірмы. Натуральна, тэлефонных размоваў шмат. Але я імкнуся размаўляць кампетэнтна і канкрэтна, бо не люблю абстракцыяў. Натуральна, трэба заўжды быць на кантакце з футбалістамі. Натуральна — памятаць пра кожны дзень народзінаў. Кантактаваць з бацькамі, ведаць пра акалічнасці сямейнага жыцця. Натуральна, калі падыходзіць час трансферу — даводзіцца актывізавацца і варушыцца хутчэй.

Еўрарадыё: А як вы сталі менеджэрам?

Мікалай Шпілеўскі: Я гуляў у футбол, і гуляў вельмі няблага. У 1983 годзе, калі мне было 18, заключыў працоўную дамову з мінскім “Дынама”. Гэта была самая зорная каманда тых часоў, і людзі, якія тады ў ёй гулялі, для мяне дагэтуль застаюцца ідаламі. Ёсць што ўзгадаць, карацей. Натуральна, гуляў у дублі, быў капітанам, час ад часу выходзіў і ў аснове. Але тады 8 гульцоў “Дынама” выступалі за зборную СССР, так што ўявіце, якая была канкурэнцыя...

Пасля я перайшоў у магілёўскі “Днепр”, а адтуль з’ехаў у Душанбэ. Але калі там пачалася вайна, вярнуўся ў Мінск. А ў 1993 годзе з’ехаў гуляць у Германію. Мне тады было 28 гадоў. Я зразумеў, што футбалісты жывуць не толькі футболам. Што “прафесіянал” не азначае “прафесіянал толькі ў футболе”. Я атрымаў сур’ёзную траўму — разрыў ахіла. Але мэта, што была ў мяне — здзівіць футбольны свет — нікуды не знікла.

У мяне ўжо былі добрыя знаёмыя ў Бундэсліге. Я сябраваў з трэнерам “Штудгарта” Ральфам Рангнікам. І ў Беларусі, вядома, засталіся добрыя кантакты. Тады я патэлефанаваў у Мінск, свайму сябру з Федэрацыі футбола Юрыю Курбыку. Ён назваў адно прозвішча, якое сёння ва ўсіх на вуснах: Глеб. Тады Сашу было 17 гадоў, ён гуляў у моладзевай зборнай. Я знайшоў апошнія грошы, закрэдытаваўся ў свайго партнёра на 20 тысяч марак, каб арганізаваць зборы. Каб каманда правяла некалькі паказальных гульняў... І калі ўбачыў талент Глеба — зразумеў, што ў яго ёсць будучыня. Пачаў падтрымліваць яго фінансава са свайго невялікага заробку, бо я тады ўжо не гуляў у футбол. Спадзяюся, што Саша не забыўся на гэта... А пасля я высветліў, што патрэбна, каб стаць агентам. Адным з першых у Беларусі атрымаў ліцэнзію. І здзейсніў той самы трансфер, пра які, я скажу шчыра, шмат хто марыць.

“Ні ў каго, акрамя Глеба, столькі ўкласці ўжо не атрымаецца”

Еўрарадыё:
З якімі беларускімі футбалістамі вы працуеце?

Мікалай Шпілеўскі: Мая першая ластаўка — Аляксандр Глеб. Гэта маё жыццё, мая сям’я. Далей — Антон Пуціла, вялікая надзея беларускага футбола. Адзін з лепшых беларускіх варатароў Антон Амельчанка, які цяпер гуляе ў Растове. Адзін з лепшых абаронцаў Беларусі Ігар Шытаў.

Еўрарадыё: А Шытаў, дарэчы, у БАТЭ не заседзеўся?

Мікалай Шпілеўскі: БАТЭ — флагман беларускага футбола, там нельга заседзецца. І, насамрэч, з тых часоў, як ён перайшоў з жодзінскага “Тарпеда”, ён зрабіў вялікі крок наперад. На сваёй пазіцыі правага абаронцы ён і ў зборнай Беларусі глядзіцца пераканаўча.

Еўрарадыё: Год таму ў інтэрв’ю Еўрарадыё вы казалі, што Шытаў — гэта кандыдат на другога Глеба, які неўзабаве дакладна з’едзе ў Еўропу. Але ён па-ранейшаму ў Барысаве...

Мікалай Шпілеўскі: Зразумела, што Ігар не застанецца ў БАТЭ на ўсё жыццё. Але ў яго сур’ёзны кантракт з клубам. Так што вырашаць гэтае пытанне — прэрагатыва спадара Капскага. У Еўропе Шытавым цікавяцца. І я па-ранейшаму думаю, што ў бліжэйшай будучыні ён атрымае прапанову, якая задаволіць і яго, і клуб.

Але мая спецыфіка ў тым, што я ніколі не прапаноўваю футбалістаў і не буду гэтага рабіць. Маімі футбалістамі клубы цікавяцца самі.

Еўрарадыё: Дарэчы, калі ўжо ўзгадалі пра Антона Пуцілу — у чым была прычына яго нядаўняга канфлікту з “Дынама”?

Мікалай Шпілеўскі: Я лічу, што не было канфлікту. Быў працоўны момант: Пуціла вырашыў перайсці ў “Фрайбург”, кіраўніцтва нямецкага клуба паведаміла пра гэта ў “Дынама”, і пачалася сур’ёзная размова... І, я так разумею, “Дынама” не здолела падчас гэтых перамоваў дасягнуць сваіх мэтаў. Але кантракт у Пуцілы заканчваецца, і, паводле законаў FIFA, ён мае права перайсці куды заўгодна. І ён гэты крок зрабіў.

У “Фрайбурга” было 4 кандыдатуры: два гульцы са зборнай Харватыі, адзін з моладзевай зборнай Германіі, і Антон. Ведаеце, вельмі рэдка ў Бундэслізе чалавек атрымлівае другі шанец. І тое, што ён пасля фіяска ў Гамбургу пераадолеў дэпрэсію і ізноў выйшаў на высокі ўзровень — гэта невялікі подзвіг. Бо для яго вялікім ударам было тое, што ён не па сваёй віне мусіць з’ехаць з Еўропы, дзе мог бы прагрэсаваць як футбаліст.

Еўрарадыё:
Ці былі ў Пуцілы іншыя прапановы?

Мікалай Шпілеўскі: Былі прапановы з Расіі, але ён зрабіў выбар не на карысць грошай. Ён вырашыў з’ехаць у футбольную краіну.

Еўрарадыё:
Ці спадзеяцеся вы калі-небудзь сустрэць другога Аляксандра Глеба?

Мікалай Шпілеўскі:
Я думаю, што талент і трансфер Сашы Глеба былі ў маім жыцці хутчэй выключэннямі. І было вельмі цяжка пасля глядзець направа-налева і пачынаць працаваць з іншымі людзьмі. Бо здаецца, што ні ў каго, акрамя Глеба, столькі ўкласці ўжо не атрымаецца. Гэта маё жыццё, мая сям’я. Штодня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі