Шольц: Лукашэнка выкарыстоўваў пакуты тысяч бежанцаў з Блізкага Усходу

Канцлер Германіі Олаф Шольц заклікаў еўрапейцаў да адзінства, каб сумесна супрацьстаяць дыктатарам. 29 жніўня ён выступіў з прамовай у Карлавым універсітэце ў Празе. Між іншым, прапанаваў пэўныя рэформы ў Еўрасаюзе.

"Пуцінская Расія ў агляднай будучыні будзе знаходзіцца ў апазіцыі да Еўрапейскага Саюзу, — гаварыў Шольц. — Пуцін будзе выкарыстоўваць кожнае наша рознагалоссе, кожную нашу слабасць. І іншыя аўтакраты пераймаюць яго".

Далей канцлер Германіі згадаў пра Аляксандра Лукашэнку, які нядаўна назваў яго "пацаном", які "нічога не разумее і не хоча разумець у палітыцы".

"Толькі ўспомніце пра тое, як беларускі дыктатар Лукашэнка аказваў на нас [на ЕС] палітычны ціск, выкарыстоўваючы пакуты тысяч бежанцаў і мігрантаў з Блізкага Усходу, — працягваў Олаф Шольц. — І Кітай, і іншыя краіны таксама будуць выкарыстоўваць нашы неабароненыя флангі, пакуль мы, еўрапейцы, будзем спрачацца адзін з адным".

Шольц таксама выступіў за пашырэнне Еўрасаюза. Ён лічыць, што часткай ЕС павінны стаць краіны Заходніх Балкан, Украіна, Малдова і ў перспектыве Грузія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.