Шматдзетную маці і палітзняволеную Вольгу Залатар прысудзілі да 4 гадоў калоніі

Вольга Залатар / фота з сацсетак​
Вольга Залатар / фота з сацсетак​

Мінскі гарадскі суд прысудзіў Вольгу Залатар да 4 гадоў калоніі, паведамляе "Медиазона" са спасылкай на слухача, які знаходзіўся ў зале суда.

Раней пракурор папрасіў для шматдзетнай маці са Ждановічаў 5 гадоў пазбаўлення волі. Яе абвінавачвалі ў стварэнні экстрэмісцкіх фарміраванняў (гаворка пра лакальныя тэлеграм-чат і канал, а таксама кіраўніцтва сайтам dze.chat), а яшчэ ў грубым парушэнні парадку і дапамаганні ў ім. За ўсё ёй былі выстаўленыя абвінавачванні па трох артыкулах КК.

Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка. Паводле версіі следства, яна адміністравала мясцовы дваровы чат і арганізоўвала "несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы" — чаяванні, прагулкі і канцэрты. Былы абаронца Залатар Андрэй Мачалаў у пачатку красавіка расказваў журналістам, што пасля затрымання Вольга падвяргалася катаванням. Такім чынам супрацоўнікі ГУБАЗіК спрабавалі прымусіць жанчыну сведчыць супраць сябе. Акрамя таго, яны хацелі атрымаць доступ да яе тэлефона і планшэта.

"Спачатку яны білі яе рукамі па галаве, потым пачалі душыць, павалілі на зямлю і пачалі прыціскаць галаву ботам да падлогі. Я асабіста бачыў у яе сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах", — расказваў адвакат.

Многодетную мать и политзаключенную Ольгу Золотарь приговорили к 4 годам колонии
Вольга Залатар з сям'ёй

У сваім апошнім слове на судзе Вольга сказала, што яе "сэрца рвецца на часткі, таму што градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў", і што "неабходнае пакаянне і ўзаемнае прабачэнне, толькі так можна спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне".

На яе думку, яе судзяць за тое, што яна неабыякавы чалавек, і за жаданне абараніць сваіх дзяцей.

"Як мама і каталічка я стаю на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту", — сказала яна.

У жніўні 2020 года Залатар была назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах, а пазней дапамагала як валанцёрка на Акрэсціна. Праваабаронцы прызналі Вольгу Залатар палітзняволенай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі