Вы тут

"Шмат хто адгаворваў": хто паступае сёлета на журфак?

Журналісты пратэстуюць супраць затрымання калег восенню 2020-га / "Радыё Свабода"

Беларусь сёння — найгоршая краіна ў Еўропе па ўмовах працы журналістаў: тры дзясяткі работнікаў медыясферы знаходзяцца ў зняволенні, у рэдакцыях незалежных СМІ праходзяць ператрусы, многія былі вымушаныя пакінуць краіну.

Магчыма, у тым ліку з гэтым звязана тое, што многія абітурыенты журфака БДУ адмаўляліся размаўляць, нават на ўмовах ананімнасці. "Пакуль не даю каментароў [...]. Хачу проста далей пайсці і каментаваць спартыўныя спаборніцтвы на ТБ", — сказаў адзін з абітурыентаў.

Студэнты журфака на акцыі ў падтрымку журналістаў

Цалкам магчымая такая сітуацыя, што Ганна паступіць на бюджэт, а пасля навучання павінна будзе прайсці размеркаванне на БТ. Што тады рабіць?

— За чатыры гады можа яшчэ ўсё памяняцца, веру ў лепшае. На цяперашні момант не хацела б працаваць на БТ. Але калі так здарыцца, то буду адмаўляцца ад навінавых рэпартажаў, лічу, што журналісты абавязаныя даносіць праўду да грамадства, а не хлусіць. Ужо лепш якое-небудзь тэлешоу весці.

 

"Імкнуся да сумленнасці, але з гэтым у нас тугавата"

Станіслаў — выдатнік, ён ідзе на журфак са "стабальнымі" сертыфікатамі ЦТ. Гаворыць, ісці ў журналісты захацеў яшчэ ў дзяцінстве, калі кумірамі станавіліся тэлевядоўцы і карэспандэнты. Тады ж ён пачаў пісаць у школьныя і раённыя газеты і вывучаць, як паступіць на журфак. У будучыні ён бачыць сябе не абавязкова журналістам — магчыма, таксама піяршчыкам (на факультэце ёсць спецыяльнасць "Інфармацыя і камунікацыя").

— У прафесіі імкнуся да сумленнасці і адкрытага выказвання меркаванняў, хоць з гэтым у нас тугавата, — кажа Станіслаў.

З чым ён менавіта хацеў бы працаваць, Станіслаў яшчэ не вызначыўся: кажа, што паспрабаваў бы і на "Трибуне", і ў "Переходном возрасте". Але, дадае хлопец, час яшчэ ёсць, каб "знайсці сябе".

Арыентуецца Станіслаў больш на ютуб-праекты, чым на "класічныя" медыя. Напрыклад, яму падабаецца канал экс-журналіста БТ Сяргея Казловіча "Не по телеку". Сочыць за выпускамі Ксеніі Сабчак і Аляксея Піваварава.

— Шмат хто з маіх знаёмых, будучых калег адгаворваў ад гэтай ідэі пайсці ў журналістыку, але мая мэта жыцця была мацнейшая за іх парады, — прызнаецца Станіслаў. — Назіраючы за мінулым годам, становіцца рэальна страшна не толькі за свой гонар, працу і нават здароўе, але я чалавек рызыковы і цікаўны. Разумею, што часам давядзецца ахвяраваць чымсьці дзеля дакладнай інфармацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.