Школы збіраюць з бацькоў грошы на медыкаменты, лямпы, ноўтбукі і тэлевізары

Школы збіраюць з бацькоў грошы на медыкаменты, лямпы, ноўтбукі і тэлевізары

Мінская школа № 35 за бацькоўскія грошы набыла 2 ноўтбукі за 1440 рублёў, касметычны рамонт туалетных пакояў (мужчынскі і жаночы) — 1950 рублёў, электронныя пускарэгулюючыя апараты — 1080 руб, лямпы ў кабінеты (75 шт.) — 359 рублёў. У суме: 4829 рублёў.

У школы няма грошай, каб зрабіць рамонт туалетаў? Не гаворачы ўжо пра лямпы.

Мінская школа № 47 набыла за бацькоўскія грошы тэлевізар — 1000 рублёў, каляровую шматфункцыянальную прыладу — 358 рублёў, парты 13 штук — 1850 рублёў, крэслы 30 штук — 630 рублёў, сталы для камп'ютараў 11 штук — 580 рублёў. У суме: 4418 рублёў.

Акрамя тэлевізара, які жыццёва неабходны школе, бацькі набываюць для школы парты, сталы і крэслы. Нават на гэта ў дзяржавы няма грошай?

Магілёўская школа № 45 набыла за грошы бацькоў медыкаменты на 299 рублёў, аб'екты інтэлектуальнай уласнасці на 580 рублёў, стэнды за 1849 рублёў, відэаабсталяванне і камплектуючыя матэрыялы — 1408 рублёў, будаўнічыя матэрыялы — 2865 рублёў, падручнікі па англійскай мове — 1495 рублёў. У суме: 8496 рублёў.

Тут нават медыкаменты (!!!) набываюцца за грошы бацькоў. А таксама будаўнічыя матэрыялы, падручнікі, стэнды і іншае.

Вось вам і бясплатная адукацыя, якая гарантаваная Канстытуцыяй.

Збіраюць грошы апякунскія саветы. Вы ведаеце, што гэта павінна быць дабраахвотна? Але, калі гледзець на тое, што закупаецца за грошы бацькоў, відавочна, што школы трымаюцца на бацькоўскіх грошах. За іх кошт вядуцца рамонты класаў, замена лямп, закупка рознай тэхнікі, мэблі, нават медыкаментаў. Паўстае пытанне: на што трацяцца бюджэтныя грошы?

А вось мінская школа № 32, якая адчынілася ўсяго два гады таму, ужо збірае грошы на лыжы.  Плануецца купіць каля 200 пар. Нават калі яны будуць набываць лыжы беларускай вытворчасці завода "Тэлеханы", то гэта атрымаецца не менш за 10 тысяч рублёў, амаль што 5 тысяч долараў. Нядрэнныя такія лыжы атрымліваюцца.

Дырэктарка школы № 32 Зінаіда Міхайлава адмовілася даваць каментарый наконт набыцця лыж, і як дагэтуль без іх школа спраўлялася.

Анна Граноўская, рэдактарка газеты "Паласатая" і маці вучня, распавяла Еўрарадыё, што ў сваёй школе яна ведае, на што здае грошы, аднак не заўсёды задаволеная тым, што на іх набываецца:

"У год мы здаём каля 50 рублёў. Школа нам выдае справаздачу, куды сабраныя грошы былі выдаткаваныя. Але я не заўсёды задаволеная тым, што набывае апякунскі савет. Тэарэтычна, я магу паўплываць на спіс таго, што будзе закупляцца, аднак на практыцы гэта амаль што немагчыма. Напрыклад, я прапанавала набыць кандыцыянер у актавы зал, аднак мне адмовілі ў гэтым. Я не супраць таго, каб купляць нешта патрэбнае, але ж мне не падабаецца здаваць грошы на вокны і дзверы. Не кажучы ўжо пра тое, што кожны год мы здаём на фарбу і шпалеры".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі