Школьнікі будуць вучыць замежную мову пасля ўрокаў?

З пераходам на 11-годку змяніліся і школьныя праграмы. Як ні дзіўна, але іх спрасцілі. Так, замежную мову цяпер будуць выкладаць пачынаючы толькі з 3-га класа. І толькі па базавай праграме. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, па якой жа праграме будуць вучыцца тыя дзеці, якія вывучалі англійскую ў 1-м класе... Няўжо ў трэцім класе яны пачнуць спачатку?
Настаўнікі нас запэўнілі, што такога не будзе. Школа самастойна спрабуе паправіць рэформы чыноўнікаў. Таму, у другім класе замежная мова будзе. Але — на факультатывах. А трэцякласнікі будуць увогуле вучыцца па старой праграме. Расказвае настаўніца англійскай мовы школы №27 горада Мінска:

“Натуральна, што па старой. Іх жа проста так не кінуць... Тыя, хто вывучаў у 2-м класе, і яны цяпер у 3-м класе, яны будуць працягваць далей вывучаць 2 разы на тыдзень. Яны проста будуць працягваць... каб дзяцей не пакідаць проста так... на раздарожжы”.

Па словах настаўніцы, з гэтага года будзе дзве дзейныя праграмы — адна старая, якая была прынята раней. І новая, якая была прынята ў сувязі з пераходам на 11-годку. Атрымоўваецца, што чыноўнікі распрацоўваюць новыя праграмы, але настаўнікі аддаюць перавагу старым...

У саміх чыноўнікаў трошкі іншае бачанне таго, што павінны рабіць настаўнікі ў такой сітуацыі. “Трэба ісці не далей па праграме, а ўглыб” — расказалі Еўрарадыё ў Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкаму:

“Будуць, напэўна, не ўперад ісці, а проста пашыраць аспект таго, што ўжо ведаюць. Напрыклад, нейкія такія выразы, як “я люблю піць”, напрыклад, але ўжо будзе не толькі “я люблю піць сок”, але ўжо і ваду, і г.д...”

Цікава, што “ісці ўглыб” чыноўніца прапануе зноў-такі, на факультатыве:

“Яны не будуць ісці далей за праграму, а будуць неяк у межах таго, што ўжо ведалі, удасканальвацца. Гэта будзе як факультатыў. На факультатыўных занятках гэта будзе проста як дадатковая адукацыйная паслуга – хтосьці не засвоіў тэму, камусьці трэба навык лепш адпрацаваць...”

Вядучы спецыяліст Упраўлення адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы Валянціна Бязмен ўпэўнена, што з нуля англійскую мову ніхто вывучаць не будзе. Чыноўніца кажа, што будуць вучыцца па старой праграме, “але за кошт факультатываў”:

“Не будуць жа яны ў 3-м класе вывучаць тое, што вучылі ў 1-м! За кошт факультатываў яны будуць працягваць, але бацькі павінны напісаць заяву. Нам дазволілі працягнуць навучанне гэтых дзетак па той праграме, што пачалі, толькі за кошт факультатываў”.

Не зразумела адно: калі на факультатывах дзеці будуць працягваць вывучаць мову далей, то чым у такім разе яны будуць займацца на ўроках?


Фота: www.photosight.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі