Школьная рэформа абярнулася 15-гадовымі выпускнікамі

У сувязі з супярэчнасьцямі нядаўняй школьнай рэформы са школы выпускаюцца 15-16-гадовыя падлеткі. Новая, 12-гадовая сістэма сярэдняй адукацыі з загаду А.Лукашэнкі была замененая найноўшай, 11-гадовай. У выніку сучасныя дзевяцікласнікі прайшлі за год 9 і 10 класы, а адзінаццацікласнікі 11 і 12. Яны страцілі год адукацыі і зраўняліся з18-гадовымі выпускнікамі, якія не патрапілі пад міністэрскі эксперымент.
14-гадовы Ігар, вучань з Магілёва, які ў наступным годзе мусіць скончыць школу, паскардзіўся Еўрарадыё: “Я хацеў паступаць на цырульніка, аднак маці сказала, што на гэтай працы ўсё жыццё не папрацуеш. Таму буду рыхтавацца да ўніверсітэта. Да якога, яшчэ не прыдумаў. Многія мае аднакласнікі не ведаюць, што ім рабіць. Большасць пасля гэтага году хоча ў ПТВ. Надакучыла вучыцца".

Бацька Ігара занепакоены: "У такім узросце немагчыма думаць пра дарослае жыццё. Ён жа зусім малы. Калі б не паступіў, дык і на працу б не ўзялі. Два класы за год даюць вельмі павярхоўныя веды. Ды і як такога ў іншы горад адправіш?”