Вы тут

"Шкадуем аб сітуацыі, якая склалася": у Мінску зноў адключылі мабільны інтэрнэт

Ілюстрацыя digital.report

18 кастрычніка, як і ва ўсе папярэднія нядзелі, у Мінску не працуе мабільны інтэрнэт. Кампанія МТС паведамляе, што гэта звязана з мерапрыемствамі, якія праводзяцца "ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі".

Слухачы Еўрарадыё паведамляюць таксама пра праблемы ў працы мабільнага інтэрнэту аператараў Life і А1. Гэта значыць, што не працуе не толькі сувязь LTE, але загрузка дадзеных не адбываецца таксама і праз 3G. Адсюль праблемы з адкрыццём інтэрнэт-старонак і месенжараў. Кампанія А1 піша, што прапускная здольнасць мабільнага інтэрнэту зніжана "у адпаведнасці з распараджэннем ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў".

Адключэнне мабільнага інтэрнэту адбываецца ў Беларусі пачынаючы з 9 жніўня. Тады ён не працаваў тры дні. Зараз улады адключаюць яго падчас пратэстных акцый, якія праходзяць у краіне ўжо 11-ю нядзелю запар. Сённяшні дзень — не выключэнне. Абвешчаны Партызанскі марш.

Дарэчы, хуткасць мабільнага інтэрнэта абмежаваная таксама ў Баранавічах. Цікава, чым менавіта Баранавічы заслужылі такую пашану!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.