Схадзіць на выпускны хлопцу — 500 долараў, дзяўчыне — больш за 600

“У нас маленькая школа, таму мы скідваліся ў раёне 300 долараў, гэта не ўлічваючы падарункаў. Гэта будзе праходзіць у школе, але арганізоўвае фірма. А калі лічыць рэчы, прычоску, іншыя дробязі гэта яшчэ 3 мільёны”, — апісвае Еўрарадыё расходы выпускніца мінскай гімназіі Ірына.

Каб выпусціцца са школы, яна выкладзе больш за 600 долараў.

У выпускніка прыватнай сталічнай гімназіі Германа на выпускны збіраюцца па 100 долараў. Святкаваць будуць у школе.

“Мы будзем збірацца ў зале, будзе афіцыйная частка. На гэта здавалі па 100 долараў. Яшчэ на экзамены з камісіяй здавалі па 50 долараў. Мы будзем яшчэ ўсе разам збірацца, здымаць кватэру ці дом гэта яшчэ долараў 70. Яшчэ набывалі касцюм каля 100 долараў, абутак больш за 100 долараў, штаны столькі ж. Набывалі ўсё ў Польшчы”, — расказвае Герман.

Агулам выходзіць паўтысячы долараў. Летась, па падліках Еўрарадыё, выпускны ў школе і ўніверсітэце абыходзіўся амаль удвая танней — 100 долараў свята і яшчэ 150 на падрыхтоўку.

Канцэртная праграма і меню ў школе каштуе столькі ж, колькі ў агенцтве, падлічвае дырэктар агенства “Творчая лабараторыя PR” Юлія Паляшчук.

“У агенцтве сярэдняя цана 150 долараў. Залежыць ад праграмы і колькасці чалавек. У нас меню каштавала 550 тысяч, у школьнай сталовай 500. Праграма нашая каштуе 70 долараў, школа прапаноўвае сваю за тыя ж грошы”, — параўновае Юлія Паляшчук.

Школьны выпускны па прайсе, разам з усімі кветкамі і падарункамі для настаўнікаў, вылятае ў 3 мільёны на аднаго выпускніка і дарослага, працягвае Юлія. І паказвае раздрукоўку са школы, дзе прапісаныя цэны. А ўсе агенцтвы школа адмятае.

Цэны на выпускны ў школе

“Мы займаемся выпускнымі, у асноўным з універсітэтамі. Са школьнікамі аднолькавая сітуацыя кожны год. Запрашаюць на бацькоўскі сход, усё расказваем, яны гатовыя замаўляць. І кожны год пасля яны знікаюць. Бо выпускны ўрэшце робіць школа”, — даводзіць Юлія.

Толькі ў адной з сямі школ, куды звярнулася Еўрарадыё, выпускны праводзіць агентцва, ва ўсіх астатніх адміністрацыя ладзіць свята сама.

Выпускныя вечары ў мінскіх школах сёлета пройдуць 12 чэрвеня. З 11 класаў выпусцяцца 8168 дзяцей, з 9-х — 13938.

Фота lifelida.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі