Севярынец здымаецца з выбараў, Рымашэўскі і Садоўскі застаюцца

Аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" адмовіўся ад колішніх планаў байкоту выбараў - некалькі яго кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не будуць здымацца. Яны застаюцца ў тых акругах, дзе маюць значную падтрымку выбаршчыкаў.
Застаюцца двое кандыдатаў, што балатуюцца ў Мінску - Віталь Рымашэўскі і Дзяніс Садоўскі. У інтэрв'ю Еўрарадыё Рымашэўскі кажа, што мэтазгоднасць у далейшым удзеле ў выбарах днямі будзе разглядацца аргкамітэтам БХД зноў. Тое, чаму ж пакуль менавіта яны застаюцца, кандыдат у дэпутаты тлумачыць так:

"Выбралі тыя акругі, дзе найбольш актыўна праходзіла выбарчая кампанія, і дзе ёсць дадзеныя, што большая колькасць людзей будзе галасаваць за нашых кандыдатаў".


Паводле словаў Рымашэўскага, галоўная задача цяпер - сканцэнтравацца на некалькіх акругах, каб былі дадзеныя пра магчымыя парушэнні. Тое, што робяць і некаторыя іншыя дэмакратычныя партыі.

А вось Таццяна Севярынец заўтра здымаецца з выбараў у Віцебску. Вось як яна тлумачыць сваё рашэнне:

"На кожным кроку былі нейкія замінанні, былі перашкоды, таму сэнс удзельнічаць у гэтай кампаніі, так званых выбарах (каб быў выбар!) я не хачу".


Паводле яе словаў, ёй не толькі перашкаджалі друкаваць улёткі, але і праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі (супернік - старшыня гарсавету такіх праблемаў не меў). Акрамя таго, рабіўся ціск на сяброў ініцыятыўнай групы Севярынец.

Усе кандыдаты ад аргкамітэта БХД выкарысталі выбарчую кампанію для прапаганды сваёй партыі, якая спрабуе зарэгістравацца.

"Для нас гэтая выбарчая кампанія - гэта магчымасць легальна, без арыштаў, распаўсюджваць інфармацыю пра тое, чым мы займаемся, далучаць новых людзей", - кажа Віталь Рымашэўскі. Толькі падчас учорашняй сустрэчы з выбаршчыкамі, у якой удзельнічаў і Аляксандр Мілінкевіч, чатыры чалавекі запісаліся назіральнікамі і двое мінчукоў пажадалі далучыцца да аргкамітэту па стварэнні БХД.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі