Серыял "Ход каралевы" ўзняў цікавасць да шахмат у свеце. А ў Беларусі?

Серыял "Ход каралевы" ўзняў цікавасць да шахмат у свеце. А ў Беларусі?

Серыял "Ход каралевы" (Queen’s Gambit) не толькі стаў самым папулярным на стрымінгавай платформе Netflix, але і выклікаў па ўсім свеце хвалю папулярнасці шахмат. Колькасць пошукавых запытаў пра тое, як гуляць у шахматы, вырасла да рэкордных значэнняў.

— Цяпер шахматныя клубы і акадэміі па ўсім свеце зачыненыя праз пандэмію каранавіруса, турніры прыпыненыя. Таму пакуль цяжка ацаніць непасрэдны ўплыў серыяла на шахматны свет, — распавядае Еўрарадыё кіраўнік аддзела маркетынгу і камунікацый ФІДЭ Давід Льяда. — Затое прыкметна павялічваецца колькасць падпісчыкаў шахматных каналаў на ютубе. На анлайн-платформах у шахматы цяпер гуляе столькі людзей, колькі раней немагчыма было нават уявіць.

Па нашых звестках, на Каляды шахматныя наборы і кнігі разыходзіліся ўмомант. Некаторым фабрыкам у Польшчы і Іспаніі нават давялося падвоіць колькасць рабочых і працаваць у дзве змены, каб задаволіць попыт. Я магу параўнаць цяперашні шахматны бум з цікавасцю да матча паміж Барысам Спаскім і Бобі Фішэрам у 1972 годзе, да серыі матчаў паміж Анатолем Карпавым і Гары Каспаравым, да бітвы Каспарава з суперкамп’ютарам Deep Blue.

А як у Беларусі?

Серыял "Ход каралевы" ўзняў цікавасць да шахмат у свеце. А ў Беларусі?

У СДЮШАР па шахматах і шашках за апошнія паўгода колькасць вучняў нават зменшылася. Дырэктар школы Сяргей Лагуцкі звязвае гэта з пандэміяй. Але адразу ж кажа, што ў Беларусі шахматы і не выходзілі з моды. Звычайна ў СДЮШАР нават бракуе трэнераў. 

Цяпер у СДЮШАР навучаюцца шахматам 445 хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Трэнеры займаюцца з дзецьмі ў тым ліку і дыстанцыйна.

— Звычайна дзяцей прыводзяць бацькі: яны спадзяюцца, што шахматы дапамогуць лепей вучыцца ў школе, асабліва матэматыцы. Зрэдку бацькі аддаюць дзяцей у шахматы, каб мэтанакіравана выхоўваць гросмайстра. Ведаю, што ёсць бацькі, якія ўразіліся серыялам "Ход каралевы". Але дзяцей, якіх прыводзяць у шахматы з гэтай нагоды, пакуль няшмат.

У Беларусі ёсць і прыватныя школы шахмат. Напрыклад, Kovalev Chess School, створаная шахматыстамі, якія летась падпісалі зварот спартсменаў з заклікам да сумленных выбараў і праз тое страцілі сваю працу і месца ў зборнай Беларусі. Заняткі ў школе праходзяць анлайн.

— Мы намагаемся даць магчымасць займацца ў школе дзецям з Беларусі, чые бацькі пацярпелі ад рэпрэсій з боку ўлады за палітычныя погляды, — распавядае Еўрарадыё кіраўнік Kovalev Chess School, міжнародны гросмайстар і леташні лідар беларускага рэйтынга Уладзіслаў Кавалёў. — Ад пачатку школа працавала на энтузіязме, але цяпер нам ужо дапамагаюць фундатары. Некалькі вучняў прыйшлі да нас менавіта пад уздзеяннем ад прагляду "Ходу каралевы". Атмасферны серыял, які не перагружаны тэрмінамі і праз тое не муляе вока пэўнымі нестыкоўкамі.

Серыял "Ход каралевы" ўзняў цікавасць да шахмат у свеце. А ў Беларусі?
Уладзіслаў Кавалёў

Кавалёў лічыць, што за апошні год сітуацыя з шахматамі ў Беларусі істотна пагоршылася. Дарослыя турніры сур’ёзнага ўзроўню не праводзіліся ў нас ужо некалькі гадоў.

— Раней у Мінску штогод ладзіліся моцныя турніры па швейцарскай сістэме, у якіх бралі ўдзел вядомыя ў свеце гросмайстры з розных краін. На жаль, у нас больш у фаворы хакей.

Хацеў бы дадаць, што сапраўдныя спартсмены выступаюць за краіну і народ, а не за дзейную ўладу.

Гросмайстарка Ланіта Сцяцко таксама падпісала ліст спартсменаў супраць гвалту. "Ход каралевы" спартсменку не надта ўразіў, але Ланіта ўдзячная серыялу за павелічэнне цікавасці да шахмат па ўсім свеце. Гэта паспрыяла да прыходу ў гульню новых фундатараў, якіх асабліва бракуе жаночым шахматам.

— Як правіла, шахматы фундуюць аматары і мецэнаты. У некаторых краінах (напрыклад, у Расіі) шахматы магутна падтрымлівае дзяржава. У Беларусі сітуацыя з фундатарамі прымушае смуткаваць.

Зарабляць у жаночых шахматах складаней, чым у мужчынскіх: турніраў меней, прызавыя фонды ніжэйшыя. Каб жыць камфортна, даводзіцца гуляць у некалькіх лігах, удзельнічаць па запрашэнні ў розных турнірах. Хтосьці трэніруе ці вядзе стрымы — гэта прыносіць дадатковы прыбытак. Увогуле, заробак шахматысткі моцна залежыць ад вынікаў удзелу ў турнірах. У некаторых краінах існуе сталы заробак, але ён нязначны.

Серыял "Ход каралевы" ўзняў цікавасць да шахмат у свеце. А ў Беларусі?
Ланіта Сцяцко

Больш нізкія ў параўнанні з мужчынскімі турнірамі прызавыя фонды ў жаночых шахматах Ланіта Сцяцко лічыць дыскрымінацыяй. Але яна прызнае, што ўзровень мужчынскіх шахмат аб’ектыўна вышэйшы і таму выклікае больш увагі сярод гледачоў і фундатараў.

— Розніца паміж мужчынскімі і жаночымі шахматамі з’яўляецца ва ўзросце 12-13 гадоў. Жанчыны больш эмацыйныя за мужчын, і падчас партыі могуць надта змяняць ацэнку пазіцыі. Мы менш стабільныя, дапускаем больш памылак. На доўгай дыстанцыі мужчыны займаюцца больш часу і лепш сканцэнтраваныя на гульні.

Серыял "Ход каралевы" мае мала агульнага з рэчаіснасцю, перакананая Ланіта Сцяцко. Топ-гульцы цяпер надаюць багата ўвагі рэжыму дня і фізічнай падрыхтоўцы і звычайна не ўжываюць шкодныя рэчывы. Тым больш сістэмна.

— У "Ходу каралевы" ёсць шэраг іншых хібаў. Больш няма дамінацыі савецкай школы. Нельга зведаць усяго адну-дзве паразы за кар’еру. Адносіны паміж шахматыстамі няпростыя, асабліва пасля партый. 

Істотна ўзрос узровень падрыхтоўкі: цяпер неабходна шмат займацца, у тым ліку з камп’ютарам. Нарэшце, цяпер няма жанчын, здольных на роўных з мужчынамі змагацца за шахматную карону. І ўвогуле, за ўсю гісторыю шахмат такая жанчына пакуль толькі адна: Юдыт Полгар.

А ці шахматы — не чужы для беларусаў спорт?

Не чужы. Паводле звестак археалагічных раскопак, шахматы з’явіліся на Беларусі ў ХІ стагоддзі. У сярэднявеччы царква параўноўвала шахматы з п’янствам, але, нягледзячы на забароны, існавала асобнае рамяство: шахматнік. Гульня была надзвычай папулярнай на нашай тэрыторыі: гуляла шляхта, магнаты і нават атачэнне вялікіх князёў літоўскіх.

Па далучэнні тэрыторыі Беларусі да Расійскай Імперыі шахматы засталіся нязменным атрыбутам вялікалітоўскіх кавярняў. Скрынку з шахматамі згадваюць сярод рэчаў, канфіскаваных царскай уладай у Кастуся Каліноўскага. 

На пачатку ХХ стагоддзя папулярнасць шахмат яшчэ ўзрастае. А пасля пачынаецца сапраўдны бум: у СССР шахматы робяцца народнай гульнёй, якой захапляліся ў тым ліку Янка Купала і Якуб Колас. Але ў 1990-я стала не да шахмат: закрылася адмысловая тэлеперадача, зніклі спецыялізаваныя друкаваныя выданні, а многія гросмайстры і трэнеры эмігравалі з Беларусі. 

І вось, "Ход каралевы" паступова вяртае ім папулярнасць. Серыял распавядае гісторыю сіраты Бэт Харман (у выкананні актрысы і мадэлі Ані Тэйлар-Джой), якая намагаецца стаць найвялікшай шахматысткай свету і адначасова спрабуе развязаць эмацыйныя праблемы, а таксама змагаецца з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі. Серыял атрымаў пераважна станоўчыя водгукі крытыкаў і быў узнагароджаны дзвюма прэміямі "Залаты глобус".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі