Сергяенка заявіў, што ў працы гісторыкаў і экскурсаводаў навядуць парадак

У Беларусі не хочуць вайны, але выставы для генералаў праводзяць пра вайну / Мінабароны

Праблема "калянавуковых кніг", якія "скажаюць гісторыю" Беларусі, будзе вырашана. З такой заявай выступіў у сераду кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта РБ Ігар Сергяенка. Як піша sb.by, ён паўдзельнічаў у пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзідэнта, якое прайшло на базе Нацыянальнай акадэміі навук.

"Павінен быць адзіны навуковы погляд на нашу гісторыю, — кажа Сергяенка. — Так, могуць быць розныя пункты гледжання, могуць быць дыскусіі і спрэчкі — і аб ролі канкрэтных гістарычных асоб, і аб трактоўцы тых ці іншых перыядаў гісторыі. Але мы выйшлі ўжо на нейкую траекторыю, на агульнае разуменне. І таму ў адносінах падручнікаў і кніг, якія скажаюць гісторыю, праца праводзіцца — і Міністэрствам інфармацыі, і заканадаўцамі".

Па словах кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, у заканадаўстве з'явяцца новаўвядзенні, "каб гэтыя пытанні выразна рэгуляваліся — і каб у гэтай сферы, як і ў працы экскурсаводаў, быў наведзены элементарны і выразны парадак".

Як выглядае гэты "парадак", вядома. У Беларусі кнігі незалежных даследчыкаў, пісьменнікаў аб'яўляюць "экстрэмісцкімі", а экскурсаводаў затрымліваюць і адпраўляюць за краты.

sb.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.