СБУ абвяргае, што сачыла за Паўлам Шараметам

СБУ абвяргае, што сачыла за Паўлам Шараметам

Прэс-сакратар Службы бяспекі Украіны (СБУ) Алена Гітлянская выступіла з абвяржэннем заявы журналістаў. 

Як паведамляла Еўрарадыё, 10 траўня з'явіўся фільм-расследаванне забойства вядомага журналіста Паўла Шарамета. Яго зрабілі рэдакцыя расследаванняў Громадского "Слідство.Інфо" разам з калегамі з міжнароднай сеткі журналістаў-расследавальнікаў OCCRP. Паводле іх словаў, у ноч перад забойствам Шарамета каля яго дома быў заўважаны супрацоўнік СБУ Ігар Усціменка. Яго апазналі па відэа з камераў назірання. 

У Фэйсбуку Гітлянская заявіла, што Усціменка быў звольнены з СБУ яшчэ ў 2014 годзе. "Калі б журналісты звярнуліся да нас з запытам пра спадара Усціменку не пасля выхаду праграмы ў эфір, а да яе, магчыма, не было б пра што расказваць", — пракаментавала Гітлянская. Яна нагадала, што забойства Паўла Шарамета расследуе Нацыянальная паліцыя.

Украінскі журналіст беларускага паходжання Павел Шарамет загінуў у цэнтры Кіева раніцай 20 ліпеня 2016 года. У яго аўтамабілі ўзарвалася выбуховае прыстасаванне. Генпракурор Украіны Юрый Луцэнка назваў асноўнай версіяй забойства помсту за прафесійную дзейнасць журналіста. Міністр унутраных спраў Арсен Авакаў не выключыў, што да забойства Шарамета можа мець дачыненне Расія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі