Вы тут

Сайт VI Усебеларускага народнага сходу не працуе

Сайт vsebel.by больш не працуе

Усяго два месяцы прайшло з VI Усебеларускага народнага сходу, а яго сайт больш не працуе. Гэта не памылка і не часовыя тэхнічныя цяжкасці. Тое, што з 31 сакавіка сайт недаступны, Еўрарадыё пацвердзілі ў ТАА "Адкрыты кантакт", дзе зарэгістраваны дамен vsebel.by.

"Сайт не працуе, таму што не прапісаны DNS сервера хостынгу. Каб карыстальнік, які заходзіць на сайт, яго бачыў, дамен (тое, што ўводзіцца ў адрасны радок) і хостынг (сам сервер) павінны быць спалучаныя пэўнымі наладамі.

У гэтым выпадку налады не ўнесены. Сам дамен — гэта проста набор знакаў. 31 сакавіка ў 16:22 хтосьці ўвайшоў пад уліковым запісам у асабісты кабінет, і DNS былі выдаленыя", — растлумачылі ў кампаніі.

Пра тое, што ў VI Усебеларускага народнага сходу з'явіўся сайт, 28 снежня паведаміла інфармагенцтва БЕЛТА. Уласна, менавіта на яго і зарэгістраваны дамен.

"Сайт абнаўляецца штодня ў рэжыме анлайн. Матэрыялы размяркоўваюцца па рубрыках: навіны, фота, відэа, гісторыя. У раздзеле, прысвечаным гісторыі форуму, можна азнаёміцца з разгорнутым апісаннем правядзення і вынікамі папярэдніх сходаў з 1996 да 2016 года", — пісала тады дзяржаўнае інфармагенцтва.

Што ж, сход прайшоў — і, відаць, сайт стаўся больш не патрэбны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.