Савет па гістарычнай палітыцы хоча адмяніць лацінку ў геаграфічных назвах

Беларуская лацінка на ўказальніках / pikabu.ru

Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы рэкамендуе адмяніць выкарыстанне лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў. Гэтае пытанне разглядалі на пасяджэнні 8 снежня.

Выніковы дакумент трапіў у інтэрнэт, піша Zerkalo.io. Гэта дакладная запіска пра выканане даручэння Лукашэнкі. Аналагічныя дакументы, як сцвярджаецца, рассылаюцца ў розныя дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку школы.

У дакуменце паведамляецца, што паьля пасяджэння Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзідэнта яе кіраўнік Ігар Сергеенка накіраваў Аляксандру Лукашэнку дакладную запіску.

Вось што ён напісаў:

лацінка з дыякрытычнымі (надрадковымі) знакамі выкарыстоўваецца паводле закона ў адпаведнасці з пастановай Дзяржкамітэта зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі Беларусі ад 23 лістапада 2000 г. №15 "Аб зацвярджэнні Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту";
вулічныя паказальнікі і шыльдачкі з надпісамі на лацінцы з'явіліся пераважна ў Мінску ў 2014 годзе перад чэмпіянатам свету па хакеі;
"апошнім часам выкарыстанне такога напісання выклікае крытыку з боку навуковай супольнасці, патрыятычна настроеных грамадзян, грамадскіх актывістаў і блогераў";
у зваротах у дзяржаўныя органы такія асобы гваораць пра "навязванне з дапамогай лацінізацыі беларускай мовы заходніх ліберальных каштоўнасцяў і культурных традыцый", адзначаюць "складанасьць успрымання" лацінкі і беларусамі, і замежнікамі, а таксама тое, што паказальнікі на лацінцы "перагружаюць гарадзкое асяродзьдзе".

Савет па гістарычнай палітыцы вырашыў, што лацінка на паказальніках "ускладняе ўспрыманне інфармацыі і ўскладняе арыентаванне".

Таксама лацінку абвінавацілі ў... паланізацыі беларусаў: "Пры гэтым было адзначана, што ў яе аснову пакладзены польскі варыянт лацінскай графікі, які з XVI стагоддзя выкарыстоўваўся ў мэтах паланізацыі беларусаў разам з навязваннем каталіцтва".

Таму Савет рэкамендуе мясцовым органам адмовіцца ад лацінкі: "Выключыць практыку прымянення лацінкі ў найменнях вуліц і іншых тапаграфічных аб’ектаў і паступова вывесці яе з ужывання, выкарыстоўваючы толькі дзяржаўныя мовы".

Дакладная запіска Сергеенкі датуецца 14 снежня. А 16 снежня Лукашэнка падпісаў даручэнне № 10/87, якое прадпісвае дзяржаўным органам выключыць ужыване лацінкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.