Саша Варламаў: “Нашыя дызайнеры толькі тут патрэбныя. Больш нікому”

Мадэльер Саша Варламаў лічыць, што ў Еўропе няма для каго шыць і акрамя Беларусі нашы дызайнеры нікому не патрэбныя. А вось у міжнароднай школе моды Esmod адзначаюць высокі ўзровень нашых мадэльераў. І, як даведалася Еўрарадыё, нават у сусветна вядомай фірме “Reserved” працуюць беларускія спецыялісты. “Reserved”: “Два чалавекі працуе. Ведаю, што праводзіўся конкурс у Мінску ў нейкім цэнтры праектавання вопраткі. І на падставе таго конкурсу, гэтыя дызайнеры былі абраныя. Досыць доўга працуюць, значыць добра працуюць”.

Аднак Саша Варламаў, аўтар фестывалю “Млын моды”, які прайшоў днямі, лічыць, што еўрапейцы не маюць культуры моды. І што нашы дызайнеры могуць быць запатрабаванымі толькі на радзіме:

Саша Варламаў:
“Што там рабіць? Там шыць няма для каго. Там людзі не маюць культуры. Калі да нас прыязджалі замежнікі, яны заяўлялі пра тое, што адзіная краіна, дзе людзі ўмеюць апранацца, гэта Беларусь. І беларускія жанчыны... Ну, тое, што яны біялагічна прыгожыя, гэта зразумела. Але ж яны яшчэ і ўмеюць апранацца. Нашы дызайнеры толькі тут патрэбныя. Больш нікому”.

Мадэльер Наталля Паўлючэнка ўжо некалькі гадоў жыве і працуе ў Польшчы. Яе заўважылі на міжнароднай выставе моды ў Дзюсельдорфе, дзе яна і атрымала шматлікія прапановы па працы ў розных краінах свету. Дызайнер абрала Польшчу.

Наталля Паўлючэнка: “Так я патрапіла ў Польшчу, дзе спачатку працавала на адной буйной фірме дызайнерам, а потым адкрыла ўласную марку”.

Наталля лічыць, што акрамя магчымасцяў рэалізацыі, беларускіх дызайнераў цягне за мяжу і заробак:

Наталля Паўлючэнка: “Я лічу, што нашы беларускія дызайнеры маюць вельмі высокі ўзровень адукацыі. У нас у Беларусі фінансава не цэняць дызайнераў. Працуючы для нейкіх фірм, нашы дызайнеры не атрымліваюць столькі, колькі павінны атрымліваць”.

Удзельніца “Млына моды” дызайнер Алена Валюшкіна, якая пакуль працуе ў Беларусі, лічыць, што менавіта беларускія спецыялісты з іх спрытам і працавітасцю могуць дабіцца поспеху за мяжой:

Алена Валюшкіна: “Па-першае, для дызайнераў там працаваць цікавей. Там зусім іншая сістэма. А па-другое, нашы дызайнеры, мадэльеры больш пранырлівыя, яны больш жвавыя, таму што само жыццё тут прымушае такімі быць. І там яны сябе добра праяўляюць, як правіла”.

Словы Алены Валюшкінай Еўрарадыё пацвердзілі і ў міжнароднай школе моды Esmod, якая супрацоўнічае з “Млынам моды”.

Esmod: “Летась, на жаль, пераможцы да нас так і не даехалі. Але дзяўчаты, якія прыязджалі раней, былі вельмі добрыя і вельмі таленавітыя”.

Спявачцы Ані Шаркуновай адзенне для сцэны шыюць беларускія дызайнеры. А вось для паўсядзённага жыцця Аня апранаецца ў замежных крамах. Ад самых вядомых і дарагіх брэндаў да звычайных і танных.

Аня Шаркунова: “У мяне ёсць свая каманда. Дзімка Забалотны шые мне адзенне, Алёна Лазар. Ну і апошнім часам я стала часта выязджаць за мяжу. Я там купляю рэчы. Не ў нас, на жаль. Там, можа, і выбар большы, і танней”.

А вось сенатар Мікалай Чаргінец расказаў Еўрарадыё, што апранаецца толькі ў адзенне вытворчасці айчыннай Гомельскай фабрыкі.


Фота gazetaby.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі