Саша Варламаў: Беларусы жывуць не для сябе, а напаказ

Еўрарадыё: На якім этапе цяпер знаходзіцца рынак моды ў Беларусі? Раней яго наогул не было, больш ці менш таленавітыя людзі з'язджалі за мяжу…

Саша Варламаў:
Вы ведаеце, не варта казаць, што ў нас тут нейкая яма, а дзесьці за мяжой усё так ужо добра. Ужо 10 гадоў у свеце існуе крызіс моды – людзі проста адмаўляюцца траціць грошы на моду, на адзенне. Гэта адбываецца абсалютна ва ўсім свеце, мы не адзіныя ў гэтым.

Яшчэ ў мінулым стагоддзі людзі панакуплялі сабе столькі рэчаў, што ўжо 10 гадоў мінула, а ў многіх яшчэ, я думаю, ёсць старыя запасы. Гэта праблема вельмі актуальная цяпер для заходнееўрапейскіх краін, краін Балтыі, а ў Расіі і Ўкраіне - яшчэ горш, чым у нас.

Таму, самае галоўнае сёння – не пашыць адзенне, а прадаць яго. Пакупнікі, першым чынам, трацяць грошы на прадукты харчавання, на здароўе, потым – на адпачынак... І, напэўна, толькі пасля гэтага могуць купіць нейкую вопратку. Людзі проста не жадаюць ісці ў краму. Навошта ім чарговая 300-я майка? Гэтых маек ужо досыць…

У 2009 годзе толькі Армані змог сабе дазволіць буйныя паказы. Яшчэ Пака Рабан і Дольчэ і Габана – абсалютна ўсе фірмы нешта страчваюць.

Якія асаблівасці рынка моды ёсць у Беларусі?

У Беларусі ёсць феномен, ён заключаецца ў тым, што Беларусь – гэта скрыжаванне. Гэта асаблівасць і дае магчымасць нашай краіне быць нечаканым лідарам у светаўспрыманні. Нашы беларускія дызайнеры моды даволі добра дасведчаныя у тым, што адбываецца на захадзе, на ўсходзе, на поўначы і на поўдні, але ўсё гэта праламляецца праз іх уласны характар.

Наша становішча ў сусветнай модзе вызначаецца не вытворчасцю адзення, а вытворчасцю дызайнераў. Па падрыхтоўцы адмыслоўцаў мы займаем вельмі сур'ёзнае месца ў свеце. У нас сапраўды вельмі добрая сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў моды, тэхнолагаў, дызайнераў, краўцоў.

Вось паглядзіце, "Млын моды" - гэта праект, які ў прынцыпе з'яўляецца адукацыйным па сваёй сутнасці. Аналагаў няма больш нідзе. У Мінск прыязджаюць з Партугаліі, Іспаніі, Італіі, з астатніх заходнееўрапейскіх краін, з усходніх, з паўночных… Для многіх тое, што ў нас добрая падрыхтоўка спецыялістаў, з'яўляецца адкрыццём.

Ці не з'язджаюць потым гэтыя добрыя спецыялісты за мяжу?

Не, такіх людзей не шмат, усяго некалькі чалавек – Сяргей Несцер ажаніўся ў Рыме, Таня Плакс засталася пасля стажыроўкі ў Парыжы, яшчэ адна дзяўчына засталася ў Барселоне. Але калі параўнаць гэта з тым, колькі камп'ютаршчыкаў і праграмістаў з'язджае ў Заходнюю Еўропу, то 3-5 імёнаў – гэта не так многа.

Я навошта гэта пытаю… Наколькі перспектыўна быць мадэльерам тут, у Беларусі?

Перспектыўна. Наогул, казаць, што там мы некаму патрэбныя – гэта вельмі смела… Ніхто з нашых мадэльераў яшчэ не адкрыў там уласную фірму, яны ўсе дзесьці ледзь-ледзь падзарабляюць. Ніхто з іх не робіць адзенне для Н&M, ніхто з іх не працуе ў Кардэна, у Версачэ, Армані, у бюро гучных брэндаў.

У сувязі з гэтым, у мяне ёсць асцярога. Безумоўна, мы паднялі статус нашых беларускіх дызайнераў на даволі вялікую вышыню, заявіўшы і даказаўшы ўсяму свету, што мы адрозніваемся па ўзроўні мыслення, фантазіі ад заходнееўрапейскіх і ўсходнееўрапейскіх калег. Але гэта яшчэ не значыць, што ўсё, што мы робім, сапраўды вартае захаплення.

Праз 2-3 тыдні на Нямізе мы адкрыем краму, і мне вельмі цікава, ці будуць людзі купляць тую моду, якую прапануюць ім нашы дызайнеры. Ці вытрымаюць нашы маладыя таленавітыя дызайнеры гэтую праверку. Так, мы таленавітыя, але ж трэба, каб нас куплялі. Гэта галоўнае пытанне рынка, і яно стаіць востра не толькі ў нас. Паглядзіце – у Літве практычна ўсё наглуха закрыта, наведваюць крамы толькі самых-самых вядомых марак. Нікому не патрэбны літоўскі трыкатаж, ужо калі і купляюць, то купляюць знакаміты брэнд ці ідуць у сэканд-хэнд.

Саша, вы ходзіце па горадзе, напэўна, звяртаеце ўвагу на тое, як выглядаюць нашы людзі. Што змянілася за апошнія 10 гадоў?

Сёння людзі апранаюцца лепш, чым гэта было 10 гадоў таму. А калі параўнаць з тым, як было 20 гадоў таму – цяпер, напэўна, у 1000 раз лепей! Я памятаю 1991-ы год, калі ўсе хадзілі ў спартовых штанах, у красоўках "Адыдас" (прычым, самапальных) і ў скураных куртках (ці то карычневых, ці то чорных). Сёння ўсё ідзе зусім інакш. Але я не магу сказаць, што ўсё, што носяць людзі – гэта абсалютна свежыя, модныя тэндэнцыі. Хутчэй за ўсё – гэта тое, што мы перарабляем, даношваем.

Што ўплывае на густы людзей?

Вельмі сур'ёзна ўплывае тэлебачанне. Вось ёсць, дапусцім, расійскае MTV, дзе ўсё ходзяць і адзін перад адным пальцы веерам раскідваюць – вось я ў гэтых ботах, а я ў гэтых…

Цікава, што на вуліцах Прагі, ці нават у Парыжы, людзі не імкнуцца так вылучыцца. Вы не ўбачыце там вялікай разнастайнасці густаў, прапаноў… Нягледзячы на вялікую колькасць брэндаў, буцікаў, людзі апранаюцца зусім проста (нібыта у мясцовым ГУМе). Чаму так адбываецца?

Мінуў час, у які, калі ты багаты, то табе абавязкова трэба пра гэта заявіць усяму свету. У Заходняй Еўропе назіраецца вельмі добрая тэндэнцыя, калі багатыя людзі носяць звычайнае адзенне з крамы. Яны ездзяць з усімі ў метро, сілкуюцца на вуліцах сасіскамі – жывуць звычайным чалавечым жыццём.

Я думаю, з аднаго боку, гэта добрая тэндэнцыя, але ж для мадэльераў яна стварае больш складанасцяў?

Натуральна. Што зрабіць для таго, каб купілі твае джынсы, а не сусветна вядомыя “Лэвіс”? У першую чаргу, трэба знізіць кошты. Дызайнер, асабліва напачатку свайго шляху, павінен працаваць проста на тое, каб яго пачалі купляць. Зрабі сабе імя, зарэкамендуй! Зрабі так, каб паветра пры вымаўленні твайго імя дрыжала гэтак жа, як дрыжыць, калі вымаўляюць “Армані”…

Мы ведаем Армані, Дольчэ і Габана, іншыя імёны… Але праводзяцца паказы і нашых дызайнераў за мяжой. Ці ёсць у нас у Беларусі настолькі вядомыя імёны, каб пры вымаўленні іх, адразу пазнавалі, хто гэта?

Не, і быць не можа. Быў у нас так званы “Тыдзень моды”. Ну і для каго ён быў? Для суседкі цёткі Глашы? Практычна не было “баераў” – пакупнікоў для буйных крам. А адкуль яны возьмуцца, калі няма буйных крам? Што ў ГУМе вывешваюць дызайнерскую вопратку?

Вось мы адкрыем маленькі аддзел, для пачатку, метраў 30-50 квадратных. Нясіце сваё адзенне, павесьце, месяц будзе вісець і паглядзім – будуць цябе купляць за мільён ці паўтара, ці трэба будзе зніжаць да 100 тысяч, каб купілі? Успамінаю, калі я пачынаў свае першыя крокі, мне, каб пражыць, даводзілася займацца чымсьці іншым. Таму што мода не карміла. Ды і сёння зарабіць на гэтым вельмі складана.

Дзе ў Беларусі можна купіць якасныя стыльныя рэчы?

Усяго ў Мінску ёсць тры крамы, дзе можна купіць штосьці ад дызайнера. Адзін знаходзіцца ў Экспабеле, ёсць яшчэ дзве камісійныя крамы, куды людзі здаюць дызайнерскую моду. Сумняваюся, што там ёсць мужчынскае адзенне, дзіцячае, для падлеткаў… Але нейкія жаночыя сукенкі там знайсці можна.

Усяго тры не вельмі раскручаныя крамкі?

У сутнасці, мода таксама не ўсім патрэбная. Самым папулярным відам дзейнасці на нашай планеце з'яўляецца футбол. Вось калі мода стане такой жа папулярнай як футбол, калі яна стане збіраць стадыёны, калі людзі будуць з вар'яцець ад таго, што “хтосьці ўдарыў па варотах ці прамазаў”, вось тады можна казаць пра з'яву. А цяпер мода – гэта з'ява, якая цікавіць далёка не ўсіх.

А калі казаць не пра дызайнерскую моду, а пра паўсядзённую, то дзе ў Мінску можна купіць якасную, і ў той жа час, стыльную вопратку?

Не трэба забываць, што прамысловае адзенне – гэта наогул не мода. Мода – гэта не тое, што выпускаецца кіламетрамі, тонамі… Гэта адзінкавы тавар. А калі гаворка ідзе пра мільённыя ці тысячныя тыражы, то гэта проста адзенне.

Трэба ісці ў крамы фірмовага адзення. Напрыклад, "Мілавіца" – цудоўная фірма, "Камінтэрн" таксама можа прапанаваць вопратку для пэўнай часткі насельніцтва, "Світанак" выпускае нейкае адзенне. Асабіста мне падабаецца "Элема". Але, ізноў жа, – гэта не крама моднага адзення. Гэта – крама адзення.

Так, у нас часта кажуць пра брэнды, якія вы пералічылі, што гэта якасная вопратка. Але ў той жа час, наколькі яна стыльная? Як спалучаецца ў ёй якасць і стыль?

Спалучаецца. Ёсць добрая прыказка, хай толькі на мяне не крыўдзяцца: “няма чаго на люстэрка наракаць, калі рожа крывая”. Так што, калі на табе дрэнна сядзіць сукенка, так можа, лепш у спартзал пайсці. Бо не заўсёды можна схаваць штосьці… Можа быць, пасля 18.00 перастаць есці, а ўжо потым казаць: ох, мне не ідзе?

Хто ў нас у Беларусі больш модны – мужчыны ці жанчыны?

Гэта звычка параўноўваць мне агідная. Я наогул спакойна стаўлюся да таго, у што людзі апранутыя. Для мяне галоўнае, каб яны былі добрыя па стаўленні да мяне. Вось калі чалавек добры, не подлы, калі ён не хоча скрасці, ашукаць, так хоць ты ў лахманах хадзі – я табе руку пацісну і абдыму.

Калі выязджаеш за мяжу, то там, на вуліцах, заўсёды пазнаюць людзей з былога Савецкага Саюза, нават калі яны ні слова не кажуць. Чаму так адбываецца? Што нас выдае?

Мы вечна апранутыя для іншых. Мы апранаемся не для сябе, глядзім не на тое, што нам падабаецца і пасуе, а на тое, як гэта будзе выглядаць у агульным кантэксце. Вось колькі разоў я бачыў на заходнееўрапейскіх вуліцах – ідзе чалавек, я дакладна ведаю, што гэта "наш". Праходжу міма, чую, ён з кімсьці па-руску размаўляе.

Якім чынам вы вызначаеце?

Напэўна, па тым, што пінжакі мехаватыя і бясформенныя, з перхаццю на каўняры, зашмальцаваныя. Можа быць, па тым, што чаравікі не падыходзяць… Ці ярка-сінія цені на павеках… У нас усё ж апранаюцца для іншых – каб я быў не горшым іншых. Не для сябе людзі жывуць, а напаказ.

Але калі глядзець на моладзь, то тут ужо нешта змяняецца ў лепшы бок?

Так, нешта змяняецца, але я не думаю, што гэта намнога лепш за савецкую моду.


Фота: http://udf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі