Салігорскія актывісты скардзяцца на цкаванне з боку спецслужбаў

Актывісты салігорскай апазіцыі Аляксандр Цацура і Ларыса Насановіч падалі 26 сакавіка ў Салігорскі райвыканкам заяўку на правядзенне 20 красавіка мітынгу. Прадпрымальнік, сябра АГП Цацура пазначыў мэтай мітынга "пратэст супраць пераследу дэмакратычных актывістаў, грубага парушэння правоў грамадзян спецслужбамі, знішчэння прадпрымальніцтва, а таксама масавых скарачэнняў ва ўмовах крызісу". На мітынгу плануецца агучыць "інфармацыю аб выпадках самаўпраўнасці і парушэнні закона з боку службоўцаў розных узроўняў".


У той жа дзень Цацура звярнуўся ў мясцовы РАЎС і ў КДБ з заявамі. Прадпрымальнік паведамляе, што ў перыяд з 22 па 25 сакавіка ён падвяргаўся псіхалагічнаму ціску і запалохванню з боку невядомых, у тым ліку супрацоўнікаў міліцыі. Яму пагражалі па тэлефоне, а 23 сакавіка да яго прыехалі два супрацоўнікі міліцыі і настойвалі, каб ён падпісаў адмову ўдзельнічаць у акцыях апазіцыі. Цацура адмовіўся гэта рабіць.

З раніцы 25 сакавіка, па інфармацыі суседзяў, за домам у пасёлку Памесьце, дзе ён жыве, невядомыя людзі сачылі з аўтамабіля. У той жа дзень, калі Цацура ехаў на машыне ў Салігорск, яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ і даставілі ў аддзяленне міліцыі. Пасля таго як актывіста адпусцілі, за ім і Ларысай Насановіч некалькі гадзін хадзіў невядомы чалавек. Таксама невядомыя на Volvo 81-95ЕВ-5 даганялі Цацуру, пакуль той не ўцёк праз лес.

Ён патрабуе ад праваахоўных органаў усталяваць праследнікаў і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці.

У раённай пракуратуры Салігорска заяву Цацуры прыняць адмовіліся.

А.Цацура не выключае, што ў дачыненні яго спецслужбы дзейнічаюць "па накатаным метадзе", як у свой час дзейнічалі супраць салігорскай праваабаронцы Яны Паляковой, якую ў выніку давялі да самагубства.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі