Вы тут

Салдата з Печаў, якога шукалі 10 дзён, камісавалі з войска

Аляксандр Неўмяржыцкі / З тэлеграм-канала блогера NEXTA

З войска камісавалі 18-гадовага Аляксандра Неўмяржыцкага, якога ў сакавіку 10 дзён шукалі пасля сыходу з вайсковай часці ў Печах. Адпаведнае рашэнне прыняла ваенна-ўрачэбная камісія, піша TUT.by са спасылкай на Міністэрства абароны.

"Па заключэнні ваенна-ўрачэбнай камісіі Аляксандр Неўмяржыцкі не прыдатны да вайсковай службы ў мірны час і абмежавана прыдатны да ваеннай службы ў ваенны час. Адпаведна, ён камісаваны і сёння ўжо знаходзіцца дома", — распавёў афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Уладзімір Макараў. Прычыну, па якой камсіавал Неўмяржыцкага, у Мінабароны не называюць, бо не могуць выдаваць інфармацыю пра здароўе хлопца.

Пры гэтым Макараў дадаў, што крымінальная справа на Неўмяржыцкага за самавольны сыход з вайсковай часці працягваецца.

Як распавядала Еўрарадыё, 19 сакавіка вайсковец тэрміновай службы знік з вайсковай часці ў Печах. На дзясяты дзень пошукаў яго затрымалі ў пасёлку Дарожны Смалявіцкага раёна — за 30 км ад часці. Тады ў Мінабароны паведамллі, што сыход Неўмяржыцкага ў "самаволку" не звязаны з супрацьпраўнымі дзеяннямі супраць яго. 

Камандзір часці яшчэ на трэці дзень пошукаў пачаў на беглага салдата крымінальную справу. За адсутнасць на службе ад 2 да 10 сутак яму пагражае арышт.