Вы тут

Сацыяльна ўразлівыя беларусы з 17 студзеня могуць атрымаць зніжку ў крамах

На дадатковую зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і малазабяспечаныя беларусы / intex-press.by, фота Таццяна Малеж​

Пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і малазабяспечаныя беларусы з сённяшняга дня пры куплі сацыяльна значных тавараў могуць разлічваць на зніжку да 10%. Гэта прадугледжана пагадненнем, заключаным паміж Міністэрствам антыманапольнага развіцця і гандлю і беларускімі гандлёвымі сеткамі. Пагадненне ўступае ў сілу 17 студзеня і будзе дзейнічаць паўгода.

Пры гэтым зніжка ў 10% будзе актуальная, пакуль урад рэгулюе рост цэн на сацыяльна значныя тавары. Калі ад гэтай практыкі адыдуць, то зніжку павялічаць да 15%. Але яна можа быць і меншай — у выпадку, калі раздробны кошт адрозніваецца ад закупачнага менш чым на 10%.

Ёсць і абмежаванне: з улікам гэтай зніжкі ў месяц можна набыць тавараў на суму не больш за 288,01 рубля. Гаворка ідзе пра агульную суму, закупіцца на такую суму ў кожнай краме не атрымаецца. 

Акрамя таго, каб скарыстацца гэтай зніжкай, трэба будзе пацвердзіць статус — паказаць пенсійнае пасведчанне, пасведчанне шматдзетнай сям'і або даведку аб прадастаўленні дзяржаўнай адраснай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі.

Застаецца дадаць, што з "сацыяльнай" зніжкай можна будзе купіць тавары са спісу ў два дзясяткі пазіцый. У гэты спіс трапілі некаторыя малочныя прадукты, пшанічная мука, аўсянка, пярлоўка хлеб, макароны, курыныя яйкі, сланечнікавы і рапсавы алей, цукар, сухія малочныя кашы для дзіцячага харчавання, мясныя кансервы, фруктовыя кансервы для дзіцячага харчавання. З мяса ў пералік уключылі ялавічыну і свініну (акрамя бескасцёвага мяса), курыцу (у тым ліку мяса куранят-бройлераў, астуджанае або замарожанае, у тушках). Таксама ў спіс трапілі свежыя яблыкі, белакачанная капуста, цыбуля, буракі, морква, бульба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.