Са жніўня ў Нацыянальным аэрапорце выявілі 4 чалавек з падазрэннем на Эболу

Людзям, якія прылятаюць з краін, дзе выяўленая смяротная ліхаманка, у мінскім аэрапорце мераюць тэмпературу і правяраюць слізістую.

Пры падазрэннях на захворванне на Эболу адпраўляюць у інфекцыйную лякарню. У Беларусь прылятаюць студэнты з Нігерыі і Конга, дзе выяўленыя выпадкі захворвання, расказваюць у здраўпункце Нацыянальнага аэрапарта.

Супрацоўнік здраўпункта: “На мінулым дзяжурстве я адправіў двух чалавек у інфекцыйную лякарню. Мы тут кожнаму мераем тэмпературу, глядзім слізістыя. Калі прызнакаў няма, яны вольныя. У жніўні ў інфекцыйную лякарню адправілі 2 чалавек і зараз 2”.

Усяго ў Беларусі з пачатку года падазравалі на наяўнасць віруса Эболы 6 студэнтаў з Нігерыі. Першых шпіталізавалі яшчэ ў траўні, апошніх — у кастрычніку. Аднак перасцярогі лекараў не пацвердзіліся. Пра гэта паведаміў намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны лекар Ігар Гаеўскі. "У нашым аэрапорце ["Нацыянальным аэрапорце "Мінск"] выяўлена пяць такіх грамадзян, у Віцебску — адзін. Гэта былі студэнты з Нігерыі", — цытуе словы Гаеўскага РІА "Новости".

Нагадаем, ад ліхаманкі Эбола ва ўсім свеце памерлі ўжо 4000 чалавек, больш за 8 тысяч заражаныя. Найбольш людзей пацярпела ў Заходняй Афрыцы. Вірус Эбола ўжо патрапіў у Еўропу і ЗША, ёсць загінулыя. Эксперыментальную вакцыну распрацавалі ў Злучаных Штатах, яе выпрабаванні адбываюцца ў Малі. Ліхаманка перадаецца з біялагічнымі вадкасцямі. Навукоўцы падазраюць, што перадача адбываецца і праз дотык.

Для ліхаманкі Эбола характэрныя рэзкае павышэнне тэмпературы цела, агульная слабасць арганізма, мышачны і галаўны боль, боль у горле. Нярэдка такі стан суправаджаецца ванітамі, дыярэяй, парушэннем функцый печані, нырак, часам ўнутранымі і/або знешнімі крывацёкамі. Каэфіцыент смяротнасці ад ліхаманкі даходзіць да 90%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі