С. Гайдукевіч: “Наперадзе планеты ўсёй” Беларусь не будзе”

26 жніўня Расія прызнала незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, а Вярхоўная Рада Ўкраіны гэтаксама будзе разглядаць пытанне аб прызнанні незалежнасці дзвюх краінаў. Ці стане Беларусь першай краінай у свеце пасля Расіі, якая прызнае суверэнітэт Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, дый наогул, куды пойдзе Лукашэнка: на Захад ці на Ўсход – галоўная тэма сённяшняга Еўрафокуса. Аляксандр Лукашэнка адклаў прызнанне незалежнасці новаспечаных краінаў на 5-е верасня, калі збяруцца лідэры краінаў-удзельніц Арганізацыі па дамове аб калектыўнай бяспецы. Еўрарадыё вырашыла даведацца, што збіраюцца рабіць у склаўшайся сітуацыі беларускія парламентарыі.

Сяргей Касцян, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з краінамі СНД, лічыць, што выносіць на разгляд пытанне прызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі не мае сэнсу. Бо трэба дачакацца прэзідэнцкага ўказа:

“Ва Ўкраіне Вярхоўная Рада мае іншыя паўнамоцтвы. У адрозненні ад Украіны, Беларусь – прэзідэнцкая рэспубліка. У дадзенай сітуацыі не патрабуецца першапачатковая згода беларускага парламента – дастаткова ўказа прэзідэнта аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Такім чынам, прэзідэнт уносіць указ, які потым ухваляецца Палатай прадстаўнікоў”.

Аднак, будучы “галоўным парламентарыем славянскіх народаў”, спадар Касцян упэўнены, што прызнанне дзвюх былых тэрыторыяў Грузіі “не за гарамі”:

“Безумоўна, што славянскія краіны павінныя прызнаць незалежнасць былых грузінскіх тэрыторыяў. І я, як старшыня Славянскага парламенцкага саюза, буду рабіць усё неабходнае дзеля таго, каб прызнанне адбылося”.

Сяргей Гайдукевіч, член Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з краінамі СНД, лічыць, што Беларусь, як і раней, будзе прытрымлівацца агульнай з Расіяй знешняй палітыкі. Аднак і на стан незалежнай краіны забывацца не будзе:

“Мы разглядаем Расію як блізкага і доўгатэрміновага саюзніка Беларусі. “Наперадзе планеты ўсёй” Беларусь не будзе, бо гэтае ёй не патрэбна”.

На думку беларускага палітолага Дзяніса Мельянцова, для Лукашэнкі зараз настаў менавіта той час, калі яму прыйдзецца зрабіць вырашальны для Беларусі выбар. Ці то ўвайсці ў склад Расіі шасцю губернямі, як гэта прапаноўваў зрабіць Уладзімір Пуцін, ці то напоўніцу пераарыентаваць краіну на Еўрасаюз і НАТА:

“Для Лукашэнкі зараз паўстала наступная дылема: ці то ён зараз становіцца цалкам лаяльным васалам Расіі, ці то ён цалкам пераарыентоўвае краіну на Захад. Прычым абодва варыянты для Аляксандра Рыгоравіча цалкам непрымальныя. Таму зараз для беларускіх нацыянальных інтарэсаў было б найбольш мудра паспрабаваць выкарыстаць спрыяльныя магчымасці, якія склаліся у адносінах з Захадам, і пераарыентавацца на заходнія еўраатлантычныя структуры. Аднак тут таксама існуюць пэўныя праблемы, паколькі Расія мае нашмат больш рычагоў уплыву на Беларусь за Захад”.

Такім чынам, як, у прынцыпе, і за апошнія 14 гадоў, знешняя палітыка нашай краіны будзе залежыць ад рашэння аднаго чалавека.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі