Вы тут

Ружовы фламінга, хлопчык-барабаншчык і блудны сабака Уна: толькі добрыя навіны

Лыжка мёду на Еўрарадыё​

Дзесяцігадовы хлопчык-барабаншчык ладзіць канцэрты на вуліцах Чалябінска, а ў Англіі за 160 кіламетраў ад дома знайшоўся сабака Уна, які знік дзевяць месяцаў таму. 

Чаму ў Тайландзе забараняюць сонцаахоўныя крэмы і як выглядаюць птушаняты ружовых і чырвоных фламінга? 

Пра гэта і не толькі — у аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.

10-гадовы барабаншчык

У цэнтры Чалябінска 10-гадовы барабаншчык Рудольф зладзіў канцэрт пад дажджом на набярэжнай ракі Міас. Праз надвор'е гледачоў было няшмат, але выступ хлопчыка трапіў на відэа.

За кадрам чуваць, як людзі падтрымліваюць юнага музыку, які грае на прафесійнай барабаннай устаноўцы.

Журналісты высветлілі, што Рудольф часта выступае на вуліцы і збірае натоўпы. Грошы, якія яму ахвяруюць, барабаншчык укладвае ў інструмент.

“Грэмі” для ўсіх

На прэміі "Грэмі" ў 2022 годзе ўвядуць "райдар інклюзіўнасці", які гарантуе роўнасць і інтэграванасць на ўсіх узроўнях падрыхтоўкі мерапрыемства.

"Акадэмія працягвае свой шлях пераўтварэнняў, і забеспячэнне разнастайнасці нашай індустрыі ляжыць у аснове кожнага нашага рашэння. Мы імкнёмся да стварэння атмасферы інклюзіўнасці ў маштабах усёй індустрыі і спадзяёмся, што нашы намаганні паслужаць прыкладам для нашых калег у музычнай супольнасці", — гаворыць генеральны дырэктар Акадэміі гуказапісу Харві Мэйсан-малодшы.

Выканаць умовы райдара будзе абавязаная як сама Акадэмія гуказапісу, так і прадзюсарская кампанія, якая займаецца падрыхтоўкай прэміі "Грэмі".

Прэмія "Грэмі" / GABRIEL BOUYS

Доўгая дарога дадому

У Англіі зніклы дзевяць месяцаў таму сабака Уна знайшоўся за 160 кіламетраў ад дома. Сабака ўцёк ад сваёй 53-гадовай гаспадыні, спалохаўшыся феерверкаў. Паводле яе слоў, унукі вельмі знерваваліся і цяжка перажывалі расстанне з любімым сабакам.

Гаспадыня паўсюль шукала Уна, але пошукі не прыносілі выніку. Але вось ёй раптам патэлефанавалі і паведамілі, што знайшлі гадаванца ў амаль у 160 кіламетрах ад дома, дзе той жыў.

Доўгачаканая сустрэча / SWNS

У Тайландзе ратуюць Каралы

У марскіх нацыянальных парках Тайланда забаранілі карыстацца сонцаахоўнымі крэмамі. Рашэнне прынята ў мэтах захавання каралавых рыфаў. 

Людзям, якія будуць карыстацца крэмам з SPF, пагражае штраф, таму што кампанент знішчае лічынкі каралаў, перашкаджае іх размнажэнню і выклікае абескаляроўванне рыфаў. 

Улады краіны пакуль не расказалі, як менавіта будуць прымяняць новы закон.

Каралы / GETTY IMAGES

Птушаняты фламінга ў Маскоўскім заапарку

У Маскоўскім заапарку вылупіліся пяць птушанят чырвоных і ружовых фламінга. Зараз яны не падобныя да сваіх раскошных бацькоў, але іх з'яўленне на свет — вялікая ўдача.  

Паводле слоў генеральнага дырэктара Маскоўскага заапарка Святланы Акулавай, ружовыя і чырвоныя фламінга гняздуюцца ў заапарку кожны год. Аднак захаваць яйкі і выгадаваць птушанят вельмі няпроста.

Ружовы фламінга і яго птушаня / @moscow_zoo/ВКонтакте

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.