Вы тут

Рукі айцішніка мусяць быць у зямлі: як беларускі стартап апрысквае палі з дронаў

Беларускія фермеры гатовыя браць вышэй

Як аб'яднаць сферу сельскай гаспадаркі і беспілотнікі? Кіраўнік беларускага стартапа Cropfleet Андрэй Шыманскі ведае спосаб. Дзякуючы праекту некаторыя беларускія палі цяпер выглядаюць як у ілюстрацыях да фантастычных кніг. Не хапае хіба што электраавечак.

У гутарцы з Еўрарадыё Андрэй Шыманскі расказаў, для чаго дроны падымаюцца над палямі і пры чым тут пестыцыды.
 

Танней і экалагічней

— Пестыцыды ў нашых рэгіёнах уносяцца ў зямлю пяць разоў на год. У субэкватэрыяльных рэгіёнах — 12 разоў. Гэта ці не самая паўтаральная працэдура. І каля паловы цаны прадукту складаецца з таго, наколькі ўдала і дакладна былі ўнесены пестыцыды. У гэтай сферы даўным даўно не было змен, усё ўносілася трактарамі або самаходнымі апырсквальнікамі. Гэта і дорага, і неэкалагічна, — кажа Шыманскі.

Як працуюць гэтыя дроны

Чаму дорага? Кошт дрона ў тры-пяць разоў ніжэйшы, чым у самаходных апырсквальнікаў, якія выкарыстоўваліся раней.

Чаму неэкалагічна? Трактару трэба 200 літраў вады, каб апрацаваць пестыцыдамі адзін гектар тэрыторыі. Дрону — 5 літраў. Трактар "распырсквае" ваду, змяшаную з пестыцыдам, дрон распыляе завісь.

Што яшчэ, акрамя вады, захоўвае дрон? Здароўе механізатара.

"Калі ты ўсё жыццё ездзіш на трактары, які распырсквае пестыцыды, то ў 50-60 гадоў у цябе ўжо выпадаюць зубы", — кажа Шыманскі.

 

Як гэта працуе

Першы дрон з камерай вылятае ў поле і робіць дакладную мапу мясцовасці. На яе ён наносіць зоны, на якіх заўважыў найбольшую актыўнасць пустазелля.

Дакладныя мапы перадаюцца ў комплекс, які аўтаматычна змешвае ваду з пестыцыдам. Пасля гэтага дроны з пестыцыдамі могуць узлятаць і апрацоўваць пасадкі ад пустазелля.

Фермеры аказаліся вельмі нават адкрытыя да навацый / pixabay

Дзе больш пустазелля — больш актыўная апрацоўка. Дзе менш — менш актыўная. Потым дрон вяртаецца для замены батарэі і бака з растворам — і зноў ляціць у палі. Адным словам, фантастыка.

"Гэтым павінна быць проста кіраваць і ўводзіць у эксплуатацыю. Наша задача зрабіць так, каб фермер знайшоў сваё поле ў праграме, акрэсліў яго, заказаў кантрактара з нашымі дронамі. Вынік: дрон за змену можа апрацаваць 200 гектараў. Трактар — прыкладна 150 гектараў", — тлумачыць Шыманскі.

 

"Рукі айцішніка павінны быць у зямлі"

— Мы ўсё пралічваем у полі. Як кажа наш заснавальнік, нашы "рукі павінны быць у зямлі". На шчасце, у нас ёсць доступ да гаспадарак. І мы праўда можам не толькі сядзець у камфортных кабінетах офіса, які праветрываецца. Мы пастаянна ездзім у палі апрацоўваць культуры. Кажуць, што гэтая сфера кансерватыўная. Але мяне радуе, як людзі сустракаюць наш стартап.

Стваральнікі праекта не пераконваюць кліента адразу заплаціць.

— Трэба проста прыехаць у поле і паказаць, як гэта працуе. Тады людзі вераць.

Cropfleet запатрабаваны, пастаянна знаходзіць новых кліентаў. Стартап выйграў усе конкурсы, у якіх удзельнічаў за апошнія пару месяцаў: Startup Great Challenge, Агра 3.0 і TIBO 2021.

Стартап удзельнічае і ў праграме беларускага дрона Акадэміі навук. Там даўно зацікаўленыя ва ўкараненні беспілотнікаў у сельскую гаспадарку. І яшчэ мінулым летам заяўлялі, што плануюць распрацаваць уласна беларускі дрон для ўнясення на поле сродку аховы раслін.

Андрэй Шыманскі адразу пасля эфіру Еўрарадыё адправіўся ў Нясвіжскі раён. Там комплекс паднялі над полем, і ён узяўся за работу — пачаў "вылічаць" пустазелле і апырскваць яго пестыцыдамі.

Поўнае інтэрв'ю з Андрэем Шыманскім

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.