РСП "Ч/Б"

120224 Agljadacha.mp3

"Ч/Б" — гэта "чорна-белы” максі-сінгл ад гурта “Разбітае сэрца пацана”. На дыску сем кампазіцый, якія адразу можна ахарактарызаваць незвычайна меланхалічнымі ды сур’ёзнымі для гурта. Натуральна, у іх хапае звыклага сцёбу, але нейкага вельмі тужлівага. Нават трасянка, на якой выконваюцца песні, не здымае гэтай сур’ёзнасці ды самоты. Ужо ад першых радкоў першай жа песні: “Па ОНТ і па БТ, па СТВ і "Ладзе" сказалі мне, што мір у дзярме, а мы ў шакаладзе…”, становіцца зразумелым настрой цэлага альбому. Відаць, часы простага сцёбу скончыліся і клоўны ператвараюцца ў блазнаў.

Але моцны палітычны падтэкст ёсць толькі ў дзвюх кампазіцыях максі-сінгла. Апроч “Венесуэлы”, пэўны водгук на спробы беларускіх уладаў кантраляваць інтэрнэт ёсць у песні No Comment. Дарэчы, на дыску адразу два трэкі з англамоўнай назвай. Так што звычайная для беларусаў трасянка прыправілася яшчэ і трэцяй мовай, хоць бы толькі ў назве.

Што датычыцца гучання, то яно не вельмі радуе. Запіс рабіўся модным зараз спосабам: музыкі запісваліся разам, нібыта на канцэрце, потым гэта ўсё падчышчалася ды зводзілася. Але ў РСП выніковы варыянт сінглу “Ч/Б” атрымаўся нейкім не вельмі жывым. Неяк усё глухавата ды сціснута. Натуральна, падаецца, што запіс канцэртны, але ён без публікі, а адпаведна — без канцэртнага драйву. Наўрад ці менавіта такога эфекту хацелі дасягнуць музыкі.

Дарэчы, новыя песні засталіся пазнавальнымі. То бок, ты не пераблытаеш іх з творамі іншых калектываў, нават калі слухаць іх без тэкстаў. Тыя ж хады на сола, тыя ж гармоніі. Хіба толькі аранжыроўкі змяніліся, няхай крыху, але заўважна. Апошняя песня дыску You Killed My Show — яскравы таму прыклад. Пачынаецца трэк абсалютна класічна, падаецца нават, што гэта адна са старых песень “пацаноў”, а потым бац — і зусім новы для гурта, рытмічна ламаны рыф!

Гэта ўсё ж сведчыць пра пэўны прафесійны рост музыкаў, што асабліва заўважна на вакальных партыях. Нельга сказаць, што абодва вакалісты РСП раней зусім не траплялі ў ноты ці не выцягвалі, але ўсё ж яны гэтым грашылі. Зараз такіх, так бы мовіць, непрыемнасцяў ужо незаўважна.

На “Чорна-белым” нарэшце запісаны трэк “Культавы”, які ўжо паспеў стаць канцэртным хітом, а радкі “Калі я п’яны — я культавы, а культавы я ўсегда” нават паспелі з’явіцца на майках. Самы сумны паводле гармоніі трэк і пры гэтым вельмі шчыры. Такое ўражанне, што хлопцы пісалі яго пра сябе, і іх такое жыццё ўжо до-о-о-бра стаміла!

Напрыканцы хацелася б яшчэ раз падкрэсліць, што калі жартаўнікі, сцёбары ды балакі раптоўна становяцца сур’ёзнымі, гэта насцярожвае, а можа нават і пужае! Але давайце верыць у лепшае! Дарэчы, выдаваць на фізічным носьбіце “Чорна-белы” ЕР “Разбітага сэрца пацана” не плануецца, хіба толькі невялікім накладам для падарункаў. Таму смела качайце яго на нашым сайце і дзяліцеся сваімі ўласнымі ўражаннямі ад больш дарослай і сур’ёзнай працы музыкаў.

Скачаць можна тут


Трэк-ліст:
01. Венесуэла
02. Рокнрольшчык
03. Партовая Блядзь
04. Культавы
05. Смаргонь
06. No Comment
07. You Killed My Show

Павал Гарадніцкі — вакал, клавішы (1–7)
Дзяніс Тарасенка — вакал, гітара (1–7)
Эндру Осіпчык — бас (1–7)
Алесь Кавалёў — бубны (1–7)
Валерыя Валадзько — бэк-вакал (6, 7)

Пры ўдзеле шоў-шапіто ЭВМ (Марына Юрэвіч, Юля Шаўчук)

Запіс гуку — Алег Даманьчук, студыя "Mapletree"

Звядзенне i майстарынг — Канстанцін Пыжоў, "The Toobes"

Дызайн вокладкі — palasatka


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі