РСП разжыліся меланхалічным чорна-белым ЕР

 

Гурт РСП прэзентаваў чорна-белы міні-альбом. Гэта трэці рэліз каманды. Самі музыканты ўспрымаюць "Ч/Б" як паўнавартасны альбом. Але, каб не раздражняць крытыкаў, яны вырашылі надаць "Ч/Б" статус ЕР.

"Мы не назвалі яго альбомам, таму што паддаліся грамадскаму меркаванню, што альбом — гэта ад 10 трэкаў і г.д. Я ведаю шмат прыкладаў, калі альбомы складаліся з 7 песень і гэтага было дастаткова, — тлумачыць вакаліст РСП Дзяніс Тарасенка. — Напрыклад, той жа альбом Radiohead. Ну вось і ў нас ЕР".

Альбом у развясёлых хлопцаў з РСП гэтым разам атрымаўся чорна-белым па колерах і ўдарна-меланхалічным па настроі. Максімалісты па жыцці, РСП вырашылі не разменьвацца на адценні.

"Мы настолькі эмацыйныя хлопцы і дзяўчаты, што паўтонаў не прызнаем, — тлумачыць назву альбома Дзяніс Тарасенка. — Калі лайно — дык такое, што ай. А калі добра — то гэта эйфарыя. Таму чорнае і белае".

Акрамя 5 кампазіцый на звычайнай для гурта трасянцы, у "Ч/Б" увайшлі 2 кампазіцыі з загадкавымі англамоўнымі назвамі — No Comment і You Killed My Show. Як высветлілася, насамрэч песні таксама "на трасянцы", але з "украпваннем" ангельскай мовы: як мінімум у назву ды ў прыпеў. Тым часам, неўзабаве РСП абяцае ўсё ж заспяваць цалкам па-беларуску і стаць звычайным беларускамоўным гуртом. Без усялякай "разынкі". Прэзентацыя міні-альбома "Ч/Б" адбудзецца ў клубе Re:Public 24-га лютага падчас вялікага канцэрта гурта.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі