Роберт Плант прамяняў старых паплечнікаў на маладую скрыпачку

Франтмэн легендарнага рок-гурта "Led Zeppelin" Роберт Плант адмовіўся ад удзелу ў сусветным туры гурта, які музыкі планавалі правесці ў верасні 2008 года, канчаткова развеяўшы чаканні фанатаў ізноў пабачыць улюбёную каманду на сцэне.
Як піша The Sunday Mirror, спевака не зацікавіла перспектыва аб'ехаць з былымі калегамі Еўропу і Паўночную Амерыку. Ідэю гастрольнага тура не выратавалі нават сто мільёнаў долараў, прапанаваныя арганізатарамі ў якасці ганарару кожнаму з удзельнікаў гурта.

Крыніцы ў асяроддзі музыкі сцвярджаюць, што 59-гадовы Плант адмовіўся ад праекту не з-за грошай. У красавіку ў яго пачынаецца гастрольны тур з кантры-скрыпачкай і спявачкай 36-гадовай Элісан Краўс у падтрымку іх сумеснага альбома "Raising Sand", які зараз знаходзіцца на другім месцы па папулярнасці ў ЗША і Вялікабрытаніі. Плант лічыць, што новы праект нашмат больш перспектыўны, чым спробы вярнуць хоць і легендарны, але аджылы гурт.

Гутаркі аб адраджэнні легенды 1970-х пачаліся пасля таго, як у снежні 2007 года былыя ўдзельнікі Led Zeppelin аб'ядналіся і адыгралі першы за 19 гадоў канцэрт на 20-тысячнай лонданскай арэне "O2". Квіткі на гэты канцэрт былі прададзеныя праз Інтэрнэт з дапамогай лёсаваньня, бо колькасць ахвотных патрапіць у залу ў сотні разоў перавышала колькасць месцаў. За першыя 24 гадзіны пасля пачатку продажаў сайт наведала больш за 120 мільёнаў чалавек, што прадэманстравала вялізную цікавасць да творчасці рокераў. Сам канцэрт наведалі грамадзяне з 50 краінаў свету.

Пасля гэтага ў прэсе сталі актыўна мусіравацца чуткі аб тым, што Led Zeppelin адраджаецца, а гітарыст гурта Джымі Пэйдж нават абвясціў, што ўдзельнікі гурта гатовыя адправіцца ў сусветны тур. Называліся і тэрміны меркаваных канцэртаў - восень 2008 года. Але адмова Планта канчаткова пахавала гэтую ідэю, надаўшы снежаньскаму канцэрту ў Лондане статус самага апошняга ў гісторыі легендарнага гурта.

Фота: www.bluegrassjournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі