ZnаRock: Патрацілі б 500 баксаў на адзін трэк. Але самы лепшы

На інтэрв’ю ў студыю Еўрарадыё прыйшлі музыкі гурта ZnаRock Яўген Сокалаў і Ян
Вараб'ёў. За іх трэк $500 у конкурсе “КЛІПзаМОВА” аддадзена больш за 1
тысячу галасоў — гэта поспех! Але ў нас ёсць да хлопцаў пытанні:

Еўрарадыё:
Галасы не накручвалі?

Яўген
Сокалаў:
Не, але сяброў галасаваць заахвочвалі. Дарэчы, была
добрая нагода напісаць сябрам. Вось. А мне больш за ўсё спадабалася песня гурта
Sex.

Еўрарадыё: З
выхадам песні “500 долараў” пра некалькі падзабыты
ZnaRock ізноў прыгадалі. З
чым звязаная паўза ў вашай творчасці?

Яўген Сокалаў: Мы шукалі музыкаў. Адбыліся некаторыя змены ў складзе.
Мы літаральна нядаўна знайшлі новага бубнача. Нанова разбіраем нашу праграму і
паралельна вось запісалі новы трэк.

Ян Вараб'ёў: Напэўна, гэта адна з самых вялікіх праблем беларускіх
гуртоў, што заўжды нехта сыходзіць. І ў выніку, праца спыняецца.

Еўрарадыё: А
чаму так адбываецца?

Яўген
Сокалаў:
Ну, часам таму, што людзі хочуць рабіць нешта сваё. Шмат
хто бачыць сябе творцам, хоча ўзяць гітару ў рукі і рабіць свой праект. Так,
прынамсі, было ў нас.

Ян Вараб'ёў: Напэўна, таксама, людзі даходзяць да пэўнай кропкі.
Спачатку, калі нейкі праект пачынаецца, усім цікава, усе гараць ідэяй, нешта
робяць і рухаюцца. А потым, калі нешта дасягнута, людзі хочуць зарабляць грошы,
а гэта няпроста. Узнікаюць канфлікты, і людзі разыходзяцца.

Еўрарадыё:
Чаму вы вырашылі падаць заяўку на ўдзел у “КЛІПзаМОВЕ”?

Яўген
Сокалаў:
Найперш, мы падумалі, што ў любым выпадку будзе добры
піярчык. Мы не будзем напружвацца. Пераможам — дык пераможам! Не — дык не! Але
ў любым выпадку мы зможам раскруціць нашу новую песню, выйсці на новага слухача
і пазнаёміць людзей са сваёй творчасцю. Бо насамрэч зараз інфармацыйная плынь
вельмі вялікая, і дагрукацца да слухачоў няпроста.

Еўрарадыё:
Вы чакалі, што станеце аднымі з фіналістаў конкурсу?

Ян Вараб'ёў: Не! Можна перадаць персанальнае прывітанне гурту Sex, які зрабіў
невялікі “чорны” піяр усім канкурсантам першай пяцёркі. Натуральна, што яны
самі думалі выплысці на гэтым, але замуціўся скандальчык. Шкада, што халівар на
форуме не пачаўся, а я так спадзяваўся на бойку (смяецца).

Яўген
Сокалаў:
Пры ўсіх мінусах інтэрнет-галасавання, у плане піяру
гэта цудоўны сродак. Каб той жа конкурс праводзіла і абірала журы, такой
цікавасці да яго і да яго ўдзельнікаў не было б.

Еўрарадыё:
Ці слухалі вы песні сваіх канкурэнтаў па "КЛІПзаМове"? За каго б вы
галасавалі, калі б не ўласны ўдзел у конкурсе?

Ян Вараб'ёў: Я паслухаў усе трэкі з нашай пяцёркі, і мне больш за ўсё
спадабаліся песні SP Kava і гурта  Hurma.

Еўрарадыё:
На што б знарок патрацілі 500 баксаў, пра якія спяваеце?

Ян Вараб'ёў: Замуцілі б піруху!

Яўген
Сокалаў:
І запісалі б яшчэ трэкаў. Ці адзін. Самы лепшы.

Еўрарадыё: А
колькі ўвогуле мусіць зарабляць беларускі музыка?

Яўген
Сокалаў:
Тры па 500. Я думаю, для пачатку хопіць.

Ян Вараб'ёў: Ну, для пачатку можа і хопіць. Але калі гурт захоча
набываць абсталяванне, зрабіць сваю студыю, рабіць якасныя запісы – то гэта
мусіць быць больш значная сума.

Еўрарадыё:
Ці верыце вы ў тое, што калі-небудзь будзеце забяспечваць сябе музыкай?

Ян Вараб'ёў: На маю думку, у Беларусі музыка можа зарабляць грошы. Бо
ў нас не настолькі вялікая канкурэнцыя, як ва Ўкраіне, Расіі ці на Захадзе.
Калі мець нармальны менеджмент і падыходзіць да музыкі як да справаў бізнеса,
то можна дасягнуць добрых заробкаў на музыцы.

Еўрарадыё:  Што вас прымушае пісаць на сацыяльную
тэматыку? Можа калі б пісалі пра каханне, то не было б праблем з 500 баксамі і мільганнем
па тэлевізару?

Ян Вараб'ёў: Тут усё залежыць ад таго, у каго якая мэта. У кагосьці
мэта засвяціцца па тэлевізары, у некага зарабіць грошай.

 

Яўген
Сокалаў:
У кагосьці змяніць свет у лепшы бок.

Еўрарадыё: А
ў вас якая мэта?

 

Яўген
Сокалаў:
Мне падаецца, нешта змяніць у галовах людзей, якія нас
слухаюць, гэта першае. А па-другое, каб яны на свае праблемы паглядзелі з усмешкай.

Еўрарадыё: Чаму вы не выдаеце альбомаў?

Ян Вараб'ёў: Калі мы пачыналі, мы шмат вучыліся, шмат чаго не ведалі,
мы ішлі навобмацак. Потым мы намагаліся вылізваць свае песні, рабіць цікавыя
аранжыроўкі, даводзіць іх да дасканаласці. Канечне, можна адну песню
“дапільваць” і 10 гадоў. Але гэта не мае сэнсу, бо лепш рабіць новыя песні.
Потым былі праблемы са складам… Увогуле хацелася, каб наш альбом чакалі людзі,
а не проста мы самі.

Яўген
Сокалаў:
Так, хочацца падрыхтавацца да запісу, каб гэта было выкшталцона.
Бо запіс – гэта асобная “акцівіці”. Ты можаш файна граць канцэрты, але
запісацца табе складана. Трэба мець для гэтага пэўны досвед. Грошай для гэтага
назбіраць. Наш апошні запіс выдаўся не ідэальным. Далёка не такім, які б мы
хацелі. Але для нас важна, што ён лепшы за папярэднія запісы. Мы зрабілі крок
наперад, значыць наступны будзе яшчэ лепшым.

Еўрарадыё:
Што чакае беларускую музыку ў бліжэйшы год?

 

Ян Вараб'ёў: Зараз назіраецца нейкі застой, аднак у любым выпадку
будзе выйсце з яго, будзе новая фармацыя, нейкая змена…

Еўрарадыё: Ёсць і іншае меркаванне пра агульны ўздым як музыкі, так
і асобных гуртоў…

Ян Вараб'ёў: На маю думку, зараз няма выбітных і арыгінальных гуртоў.

Еўрарадыё: А
як жа героі года
Akute?

Ян Вараб'ёў: Можа я памыляюся, але гэта проста раскручаны праект. На
мой погляд, у іх няма запамінальных трэкаў, як, напрыклад, у “Нірваны”. Слухаеш
“Smells like teen
spirit” і ў цябе мурашы па скуры бягуць. Я хачу пагадзіцца з Вячаславам
Радзівонавым, які кажа, што раней беларуская музыка была хітовая, але кульгала
яе якасць. Зараз, наадварот, якасць гуртоў значна ўзрасла, але знікла
хітовасць.

Яўген
Сокалаў:
Гэта не тычыцца гурта “Ляпіс Трубяцкой” (смяюцца).

Еўрарадыё: Вы гатовыя да перамогі ў конкурсе “КЛІПзаМОВА” і да
паўнавартаснага канцэрта ў клубе Re:Public?

Яўген
Сокалаў:
Вядома! Ды яшчэ ж столькі часу — падрыхтуемся!

Ян Вараб'ёў: Мы як студэнты у нас усё з апошні момант.