Зінаіда Бандарэнка звярнулася да Лукашэнкі з адкрытым лістом

"Пакуль выходзіць "Народная Воля", пакуль ёсць дзе выказацца, пакуль яшчэ можна не дапусціць горшага. Спыніцеся, Аляксандр Рыгоравіч! Не бярыце грэх на душу: не ламайце лёсы і жыцці людзей",- гаворыцца ў лісце народнай артысткі, паведамляе Народная Воля.

"Дайце загад вызваліць усіх зняволеных за падзеі 19 снежня 2010 года. Не падзяляйце беларусаў на сваіх і чужых",- просіць Бандарэнка. "Душа баліць за ўсіх зняволеных, асабліва за тых, у каго засталіся малыя дзеткі",- кажа былы мастацкі кіраўнік аддзела дыктараў Беларускага тэлебачання.

"Аляксандр Рыгоравіч, вы не там пачалі шукаць ворагаў. Ворагі — тыя, хто маўчыць і хлусіць, а людзі з адкрытай пазіцыяй на подласць і здраду не здольныя. Прашу Вас, не душыце апошнія пляцоўкі вольнага слова ў нашай краіне, пакіньце людзям права мець свае меркаванні і свабодна іх выказваць праз любімыя газеты — "Народную Волю" і "Нашу Ніву", - гаворыцца ў лісце.




АДКРЫТЫ ЛIСТ да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі


Пасля нашай апошняй сустрэчы з Вамі, Аляксандр Рыгоравіч, прайшло 12 гадоў. Тая сустрэча адбылася на Макаёнка, 9, калі Вы прыязджалі на Белтэлерадыёкампанію, каб сказаць “дзякуй” журналістам, што падтрымалі Вас у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі на другі тэрмін. Я не ўваходзіла ў лік тых журналістаў, і мне ў хуткім часе прыйшлося сысці з тэлебачання.

Шмат чаго адбылося за гэтыя гады і ў маім жыцці, і ў Вашым: некалькі разоў я ў думках намагалася звярнуцца да Вас на правах даўняга знаёмства і з тым, каб засцерагчы ад шматлікіх памылак.

І вось цяпер, улічваючы небяспечную сітуацыю ў Беларусі, я ўсё ж звяртаюся. Пакуль выходзіць “Народная Воля”, пакуль ёсць дзе выказацца, пакуль яшчэ можна не дапусціць горшага. Спыніцеся, Аляксандр Рыгоравіч! Не бярыце грэх на душу: не ламайце лёсы і жыцці людзей. Упэўнена, Вам гэта цяжка зрабіць, але прымусьце сябе. І Вам адразу стане лягчэй.
Вы добра ведаеце, што спецслужбы падчас выбараў перайгралі саміх сябе, зрабілі і Вас асабіста, і беларусаў закладнікамі перад Захадам і перад Расіяй. І я звяртаюся да Вас ад імя беларускіх жанчын, якім неабыякавы лёс нашай краіны: дайце загад вызваліць усіх зняволеных за падзеі 19 снежня 2010 года. Не падзяляйце беларусаў на сваіх і чужых.

Душа баліць за ўсіх зняволеных, асабліва за тых, у каго засталіся малыя дзеткі. Вы, як бацька малога дзіцяці, добра разумееце, што можа стацца з Вашым маленькім сынам, калі Вас, Аляксандр Рыгоравіч, адарваць ад яго. І як ламаецца псіхіка і характар дзіцяці, калі ён застаецца адзін. Калісьці майму маленькаму сыну адзін журналіст задаў пытанне: “Ці падабаецца табе бачыць сваю маму на экране тэлевізара?” Ён заплакаў і сказаў: “Я не люблю яе работу. Яе ніколі не бывае дома”.

Але ж я заўсёды вярталася. Сыходзіла, з’язджала і абавязкова вярталася. А пры сустрэчах у мяне сэрца разрывалася ад шчасця, калі я бачыла радасныя вочкі сына. Мой сын ведаў, што мама вернецца.

А што патлумачыць маленькаму Даньку Саннікаву, Дашцы, Лёшы і Арсенію Класкоўскім? Прашу Вас, вызваліце арыштаваных!

Падумайце, як пачуваюць сябе дзеткі беларускіх зняволеных. Падумайце, як пачуваюць сябе дзеткі журналістаў недзяржаўных газет, чыіх бацькоў вы вырашылі пакінуць без працы толькі за тое, што яны маюць іншыя думкі і іншыя погляды. Спыніце гэты наступ. Не дзяліце дзяцей на “правільных” і “няправільных”!

Аляксандр Рыгоравіч, вы не там пачалі шукаць ворагаў. Ворагі — тыя, хто маўчыць і хлусіць, а людзі з адкрытай пазіцыяй на подласць і здраду не здольныя. Прашу Вас, не душыце апошнія пляцоўкі вольнага слова ў нашай краіне, пакіньце людзям права мець свае меркаванні і свабодна іх выказваць праз любімыя газеты — “Народную Волю” і “Нашу Ніву”. Гэта і для Вас асабіста будзе гарантыяй, што не прыйдзецца некалі жыць у краіне і не мець права сказаць у ёй нават слова. Наогул, калі, не дай Бог, здарыцца закрыццё той жа “Народнай Волі”, то Вам сумна будзе пачынаць свой працоўны дзень менавіта без гэтай газеты.

Прашу Вас, будзьце добразычлівым, спачувальным і справядлівым, і Вам самому лягчэй стане жыць!

Зінаіда БАНДАРЭНКА, народная артыстка Беларусі, 12 гадоў таму мастацкі кіраўнік аддзела дыктараў Беларускага тэлебачання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі