Жыхары дома на Пляханава: Баімся марадзёрства

“Мы з 320-й кватэры. Бабуля ў нас інвалід, маці мужа. Дык
нам далі добрыя ўмовы. Мы жывем у Доме інвалідаў на Ракасоўскага, 50. Вы
ведаеце, нармальна ўсё. Пытаюцца, чым дапамагчы. Учора "Чырвоны крыж"
быў, сацработнікі тэлефануюць. Усё добра ў нас”
, — расказвае Іна, якая чакае сваёй
чаргі ля пад’езда з узарванай кватэрай.

Людзей прапускае салідная жанчына з высокай прычоскай. У
руках — спіс жыхароў. Прайсці можна толькі па пашпарце. За парадкам сочаць
міліцыянеры. Калі гаспадар адной з кватэр спрабуе правесці мяне з сабой,
праваахоўнік гаворыць пра забарону наведвання дома чужынцамі.

А шкада. Алег, так завуць майго гасціннага гаспадара, трапіў
у больш нязручную сітуацыю, чым Іна з 320-й кватэры. Яго з сям’ёй пасялілі не ў
Дом інвалідаў на Ракасоўскага (што зусім побач), а ў гатэль на вуліцы
Якубоўскага. Вадзіць дзіця ў садок нязручна. Ды і як там жыць — адзін маленькі
пакойчык, два ложкі і тэлевізар. Зараз мужчына чакае дапамогі ад Мінгарвыканкама.
Нейкі чыноўнік ужо паабяцаў заняцца праблемай Алега. Аднак яшчэ не ператэлефанаваў.

Пакуль стаю ля чаргі з жыхароў пад’езда, чую пра розныя
версіі выбуху. У самагонаварэнне і няспраўны газавы балон ніхто не верыць.
Загінулая сям’я была вельмі прыемнай, непраблемнай. А рэштак балона ў кватэры
папросту не знайшлі. Паўафіцыйная версія пра выбух газу таксама выклікае ў
жыхароў пад’езда пытанні. Расказваюць, што на кухні кватэры, што выбухнула,
пашкоджанняў мала — лядоўня нават не абгарэла, яе можа пабачыць праз разбітае
акно.

Аднак галоўная тэма размоваў ля пад’езда — зусім не выбух.
Людзей куды больш хвалюе лёс іх кватэр і пакінутай там маёмасці. Па чарзе ідуць
чуткі, што не сёння, дык заўтра выносіць рэчы забароняць, а міліцэйскую ахову
здымуць. Што будзе тады з пакінутымі кватэрамі — аднаму Богу вядома. Пакуль жа
людзі спадзяюцца на дапамогу ўладаў.

“Нам хацелася б вярнуцца дадому. У добры наш адрамантаваны
пад’езд. А калі не атрымаецца, магчыма нам дадуць нешта іншае. Будзем
спадзявацца. Я думаю, гарадскія ўлады зробяць для гэтага ўсё магчымае”
, —
расказвае мне Іна.

Людзі маюць яшчэ адну праблему — грошы. Пра памер
кампенсацый ім пакуль ніхто не сказаў ні слова. У дадатак мала якія кватэры
былі застрахаваныя. А калі і былі, то выплаты адносна невялікія. Адзін з
жыхароў налічыў толькі 15 мільёнаў. Няшмат для кватэры, у якой увечары 23
лютага ўзровень вады даходзіў да калена. І нават гэтыя грошы атрымаць можна
будзе няхутка — пасля складання ўсіх неабходных актаў.

Пакуль жа пацярпелыя ад выбуху больш расказваюць пра
дапамогу “Чырвонага крыжа”. Ён дапамагае ежай, вопраткай, усім неабходным. А ў
аднаго з жыхароў валанцёры нават узялі на ператрымку вялізны акварыум з
рыбкамі.

Балкон, разбіты выбуховай хваляй.

З кватэр людзі ратуюць нават вазоны.

Сляды выбуха заўважныя і з боку вуліцы Пляханава.

“Нам хацелася б вярнуцца дадому. У добры наш адрамантаваны
пад’езд. А калі не атрымаецца, магчыма нам дадуць нешта іншае. Будзем
спадзявацца. Я думаю, гарадскія ўлады зробяць для гэтага ўсё магчымае”
.