Zakopower заахвоціў беларусаў да знаёмства з польскай музыкай

Дзеля таго, каб мінскія меламаны былі абазнанымі ў сучаснай польскай музыцы, “Пан-студыя” разам з Польскім інстытутам у Мінску зладзілі канцэрт папулярнага польскага гурта Zakopower. Свайго роду адукацыйная ідэя арганізатараў атрымала станоўчыя водгукі наведвальнікаў канцэрта. Высветлілася, што большая частка гледачоў зусім не ведаюць польскай музычнай сцэны.

“Ідэя, вядома, вельмі добрая, таму што ведаць – заўсёды лепш, чым не ведаць, - прызнаецца дырэктар студыі “Осмас” Павел Юрцэвіч. – Наконт таго, каго б яшчэ я хацеў пачуць з польскіх гуртоў… Напэўна, мне гэтая “адукацыя” вельмі патрэбная, бо я практычна нікога не ведаю. “Рыму” толькі, але гэта таму, што яны граюць на “Басовішчы”, добры калектыў, дарэчы. Таму трэба рабіць такія рэчы, каб я, напрыклад, ведаў, каго мне далей хацелася б пачуць”.

Хоць некаторыя наведвальнікі адкрыта казалі, што яны прыйшлі паслухаць выключна KRIWI – таксама бліскучых удзельнікаў канцэрту і, на жаль, нячастых гасцей беларускай сцэны, усё ж добрая рэклама выступу Zakopower зрабіла сваё: меламаны зацікавіліся гуртом і прыйшлі пазнаёміцца з польскай музычнай культурай.

“Калі шчыра, то я раней не ведала Zakopower, - распавядае наведвальніцца Алена. – Мяне запрасілі на гэты канцэрт, і я пайшла. Па сутнасці, так, я, вядома, крыху пачытала нешта пра іх літаральна перад канцэртам, крыху паслухала і падумала, што нездарма пагадзілася пайсці”.

Zakopower апынуўся магутным мужчынскім аркестрам з дзевяццю музыкамі, фантастычным гукам і святлом. Гучны арт-рок, з якога пачаўся выступ каманды, на некаторы момант азадачыў гледачоў: у рэкламе стыль гурта падаваўся як этна-рок. У прынцыпе, этна мелася на ўвазе - яно нібыта жыло ў падсвядомасці: народныя інструменты і элементы строяў музыкаў нагадвалі пра іх карані. І песні таксама былі народнымі, проста занадта асэнсаванымі і адаптаваныя пад сучаснасць.

“Прасвятлець, я б сказаў, у мяне нават атрымалася. Я амаль дасягнуў таго стану, які ў мяне быў, калі мы скакалі пад дажджом пад Gogol Bordello на Be2gether. Ну амаль, - дзеліцца ўражаннямі ад выступу Zakopower кіраўнік “Радио “Говорящие Памедоры” Папа Памядор. – Як высветлілася, я кепска ведаю польскую музыку. І пра Zakopower даведаўся толькі зараз. Таму быў прыемна-прыемна здзіўлены”.

Прыкладна на адзінаццатай песні арт-рок Zakopower ператварыўся ў этна-арт-рок. Усё больш танцавальнасці з’яўлялася ў пройгрышах, музыкі паказвалі фенаменальны прафесіяналізм і зладжанасць ігры. Супрацоўнікі польскай амбасады і Польскага інстытуту ў Мінску стваралі выдатную падтрымку гурту, спяваючы напамяць яго песні і пляшучы цягам усяго канцэрту. Амбасадар Польшчы ў Беларусі пан Лешэк Шарэпка цешыўся выступам землякоў. Праўда, у Беларусь наступным разам ён запрасіў бы не самы сучасны гурт.

Лешэк Шарэпка: “Ведаеце, я ўжо немалады чалавек, таму я б запрасіў сюды такія старыя гурты, як Lady Pank, Perfect”.

Мэнэджар многіх беларускіх гуртоў у Польшчы Ігар Знык раіў бы арганізатарам падобных імпрэз звярнуць увагу на новы польскі праект R.U.T.A.” у якім бяруць удзел вядомыя польскія музыкі. R.U.T.A.” зараз робіць беларускую праграму.

Ігар Знык: “Па-першае, мы з “Рутай”хацелі б гэту праграму паказаць у Мінску. А другое, беларусам,мяркую, было б цікава паглядзець, як палякі падыходзяць да беларускай музыкі. Гэта адзін з першых, калі не першы такі праект, калі вядомыя польскія музыкі ўзяліся без ніякіх каранёў за беларускі матэрыял”.

Нават без “беларускага матэрыялу” беларусам будзе цікава ўбачыць і паслухаць актуальную польскую музыку, якой бы складанай(як у выпадку з Zakopower) яна не апынулася. Дарагія арганізатары! Не спыняйцеся! Латайце і далей дзіры ў нашай музычнай адукацыі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі